Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Улады Беларусі працягваюць ціск на незалежныя музычныя гурты і выканаўцаў: ад забароны на правядзеньне канцэртаў — да пагрозаў крымінальнага перасьледу. Музыкі заяўляюць, што сьпяваць па-беларуску ў Беларусі стала небясьпечным.

Канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча – выканаўцы песьняў на творы вядомых беларускіх паэтаў – у менскай кавярні "Містраль" быў адменены за некалькі гадзін да пачатку без тлумачэньня прычын. І гэта – толькі апошні прыклад з шэрагу забаронаў на выступы, кажа Зьміцер Вайцюшкевіч:

Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер Вайцюшкевіч

"Гэта ўжо каля паўгода цягнецца, так бы мовіць, сытуацыя стабільная. Дзесьці зь месяц таму неяк прапусьцілі мой канцэрт у "Лісінай нары" – пэўна, не заўважылі рэклямы, ці што. Але пасьля канцэрту сказалі: вы думалі, што мы ня бачым? Мы за ўсім сочым, усё бачым і ўсё ведаем – хто і дзе выступае, спадар Вайцюшкевіч. Я нават зьдзівіўся, што да маёй пэрсоны гэтулькі ўвагі гэтых ідэалягічных работнікаў. І для беларускай культуры гэта кепска, я лічу, бо ў Беларусі сьпяваць па-беларуску становіцца небясьпечна. І Караткевіча перад днём народзінаў 26 лістапада важна было б, і Багдановіча – у мяне ёсьць у рэпэртуары, і жывых клясыкаў – Барадуліна, Бураўкіна, я ўжо не кажу пра Някляева. І іх паэзія, і музыка на гэтую паэзію апынаецца пад забаронай".

Забароны канцэртаў сталі часьцейшымі пасьля зьяўленьня так званага "чорнага сьпісу" – складзенага ўладамі пераліку папулярных беларускіх музыкаў, якіх нельга дапускаць на канцэртныя пляцоўкі, а таксама ў тэле- і радыёэфір. Каб ня трапіць пад забарону і не ствараць нязручнасьцяў для аматараў сваёй творчасьці, лідэр культавага гурту "Палац" Алег Хаменка мусіў цалкам адмовіцца ад канцэртнай дзейнасьці ў Беларусі. Гаворыць Алег Хаменка:

Алег Хаменка

Алег Хаменка

"Мы ня робім цяпер канцэртаў у Беларусі па квітках. Мы ад гэтага адмовіліся, бо ня хочам, каб нашыя канцэрты траплялі пад забарону. Калі мы дамовімся і канцэрт адменяць – нічога добрага ў гэтым няма. Калі мы дамовімся і канцэрт пройдзе добра – будуць уведзеныя ў зман тыя, хто паверыць, што, магчыма, уладам надакучыла зьдзекавацца. Таму цяпер мы выступаем толькі за межамі Беларусі".

Яшчэ адзін папулярны гурт "Ляпіс Трубяцкой" нядаўна выпусьціў патрыятычны відэакліп на словы Янкі Купалы "Ня быць скотам", дзе ўдзельнікі зьнятыя ў нацыянальнай вопратцы на тле "Пагоні" і бел-чырвона-белага сьцяга. Адначасна лідэр гурту Сяргей Міхалок пакінуў Беларусь пад пагрозай крымінальнага перасьледу за выказваньні на адрас кіраўніка краіны. Пракуратура праводзіць праверку, прызначана лінгвістычная экспэртыза ягоных слоў. Адзін з кіраўнікоў парталу "Тузін Гітоў" Сяргей Будкін гэтак камэнтуе сытуацыю:

Сяргей Будкін

Сяргей Будкін

"Сытуацыя зь Сяргеем Міхалком выглядае вельмі абсурдна і нават камічна, не зважаючы на тое, што ўсё так далёка зайшло. Бо калі справа будзе даведзеная да суду, то гэта будзе, пэўна, працэс стагодзьдзя, які будзе цікавы ўсяму сьвету. Улады абралі выканаўцаў, якія папулярныя, зьбіраюць поўныя залі, маюць уплыў на сьвядомасьць людзей і чыняць усялякія перашкоды на іх шляху – праводзяць культурны генацыд народу".

Музычнае поле ў Беларусі цалкам залежыць ад палітычнага, і творчасьць беларускіх музыкаў залежыць ад таго, на якім зь іх – ідэалягічным полі дзейнай улады альбо на незалежных прынцыпах свабоды і дэмакратыі – яны дзейнічаюць, кажа лідэр грамадзкай арганізацыі "Беларуская музычная альтэрнатыва" Віталь Супрановіч:

Віталь Супрановіч

Віталь Супрановіч

"Чыноўнікі кажуць, што, маўляў, музыкі не павінны займацца палітыкай. Але забываюць дадаць, якой палітыкай яны не павінны займацца. Бо калі музыкі выступаюць на канцэртах "За Беларусь", падтрымліваюць дзейнага прэзыдэнта, як Дарафеева і іншыя, то гэта таксама палітыка. Але гэтыя музыкі не становяцца забароненымі. Трэба тады дадаваць, што вы можаце займацца палітыкай, але такой, такой і такой. Натуральна, што ўсё, што адбываецца ў нашай краіне зараз – гэта ўсё пераносіцца і на культурную сфэру".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG