Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётра Садоўскі, мовазнаўца і палітык, камэнтуе для Радыё Свабода моўна-этычныя аспэкты сучаснай улады ў РБ, а таксама лінгвістычную экспэртызу, якую прызначылі музыку Сяргею Міхалку.

Пётра Садоўскі – кандыдат філялягічных навук, былы дэпутат Вярхоўнага Савету і першы пасол Беларусі ў Нямеччыне.

Абламейка: Спадар Пётра, сёньня стала вядома, што прызначаная лінгвістычная экспэртыза выказваньняў лідэра гурту «Ляпіс Трубяцкой» Сяргея Міхалка ў дачыненьні да кіраўніка Беларусі. Вось кароткі фрагмэнт інтэрвію музыкі расейскім тэлеканалам: «Увесь час хлусіць, што ўвесь сьвет знаходзіцца ў агні і пажары і толькі ў Беларусі, дзякуючы менавіта яму... Карацей, гэта хлус, злодзей і невук. Ніякі ён не прэзыдэнт. Гэта чалавек, які ненавідзіць свой народ». Які Ваш прагноз наконт лінгвістычнай экспэртызы такіх выказваньняў?

Садоўскі: У мяне ён пэсымістычны, бо маю нэгатыўны досьвед. Невядома, каго яны ў якасьці галоўнага экспэрта там прызначаць. Але, думаю, выберуць каго трэба, і Міхалок акажацца «дрэнным хлопцам» і будуць яны яго даціскаць.

Абламейка: Вы ўжо былі экспэртам-лінгвістам. Рабілі на просьбу ТБМ моўную экспэртызу абразьлівай для беларусаў назвы гарэлкі «Бульбаш». Які досьвед вы вынесьлі з таго суду?

Садоўскі: Што для прыхільнікаў беларускай мовы, калі яны выступаюць у якасьці экспэртаў, наш суд ня мае вушэй. Я прыводзіў сьпіс з аўтарытэтных слоўнікаў, што гэтае слова стаіць у адным радзе з абразьлівымі словамі тыпу «жыд», «лабус», «чорна... (мякка кажучы) скуры», «маскаль», «хахол» і гэтак далей – гэта тыповая абраза па нацыянальнай прыкмеце, якая відавочна ідзе яшчэ з царскіх часоў. Але суды былі прайграныя. Так што спадзявацца, што ў Міхалка нешта будзе добрае ў судзе, не магу.

Абламейка: Адзін з нашых чытачоў напісаў пад паведамленьнем пра моўную экспэртызу выказваньняў Міхалка пытаньне: а як жа быць з адмарозкамі, вашывымі блохамі, быкамі і казламі ў вуснах Лукашэнкі? Што вы, як лінгвіст і палітык, скажаце пра этычна-моўныя аспэкты цяперашняй улады ў Беларусі?

Садоўскі: Тут бязьмежжа поўнае, як парушэньне ўсякіх законаў, так і парушэньне этыкі. Наш прэзыдэнт... я прывяду некалькі словаў, за якія яго таксама, відаць, варта ў суд клікаць. Калі словы не скіраваныя на пэўную асобу, дык можна гаварыць проста пра яго нявыхаванасьць. Але калі ён жонку апанэнта, кандыдата ў прэзыдэнты называе «мамкай», – значыць, мякка кажучы, прастытуткай або нават бандэршай, якая ўтрымлівае публічны дом... Пра другога кандыдата ў прэзыдэнты ён кажа: у яго «башня не в ту сторону повернута». Барозу – вядомы чалавек у Эўропе – «казёл». Украінскі ўрад – «вашывая каманда». Або – расейскае кіраўніцтва «цапает нас за разные части тела»... «Нам такой базар не нужен». Карацей – уся турэмная лексіка...

Цалкам размову можна слухаць тут:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG