Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артыкул у сёньняшняй маскоўскай «Новой газете» распавядае пра адвечную драму простых людзей, якія міжволі апынуліся на шляху ўсеўладнага правіцеля.

Сёстры Валянціна і Любоў Голубевы перад зімой засталіся безь цяпла, вады і сьвятла. Цяпер яны жывуць пры сьвечках і сьпяць у футрах. А ўсё таму, што прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку трэба тэрмінова пабудаваць для сябе рэзыдэнцыю ў Сочы. Рэч у тым, што сёстры жывуць на тэрыторыі санаторыя «Беларусь». Яго нерухомасьць належыць Беларусі, а тэрыторыя ўзятая ў Расеі ў арэнду на 49 гадоў.

Валянціна і Любоў Голубевы жылі і працавалі ў санаторыі з 1988 году. Іх жыльлё мела статус кватэры, выселіць зь якой іх ніхто ня мог. Аднак у 2009 годзе на тэрыторыі санаторыя было вырашана будаваць рэзыдэнцыю прэзыдэнта РБ. У двух кроках знаходзіцца рэзыдэнцыя расейскага прэзыдэнта «Бачароў ручай».

40 сем'яў, якія жылі на тэрыторыі «Беларусі», кіраўніцтва санаторыя ў сьпешным парадку расьсяліла. А вось сёстры Голубевы перасяляцца адмовіліся. У мінулым жніўні Аляксандар Лукашэнка адпачываў у Сочы і правёў сустрэчу з прэзыдэнтам Мядзьведзевым. Побач з будучай рэзыдэнцыяй Лукашэнкі ўжо пабудавалі гасьцявыя домікі, цяпер будуюць эскалятар даўжынёй 200 мэтраў для спуску да мора. Голубевы сюды ніяк ня ўпісваюцца. І таму прэзыдэнт Беларусі выказаў кіраўніцтву санаторыя незадаволенасьць.

Намесьнік дырэктара санаторыя Сяргей Кастэнка зьдзіўляецца: «Кватэры Голубевым ужо два гады як набытыя. Што іх не задавальняе, мне незразумела». Аднак Валянціна Голубева ўдакладняе: «Замест кватэры нам даюць інтэрнат. Акрамя таго, перасяляюць з гарадзкой рысы ў пасёлак. Плюс да ўсяго гэта інтэрнат у непрыдатным стане». Тут трэба дадаць, што Валянціна – інвалід другой групы, гэта значыць, паводле закону ёй належыць дадатковая жылплошча.

Увосень зь Менску ў Сочы прыбыў Аляксандар Кізіма, былы начальнік кантрольна-рэвізійнага аддзела беларускага Міністэрства культуры. З жанчынамі, якім ужо за 50 гадоў, ён стаў размаўляць жорстка. 12 верасьня да іх дому падагналі бульдозэр. Балазе, бульдазэрыст зразумеў сытуацыю і ламаць дом ня стаў. 16 верасьня дзьвюм безабаронным жанчынам замуравалі душ, а затым адключылі сьвятло і цяпло. Трэба сказаць, што яшчэ ў 2010 годзе прынятае судовае рашэньне аб высяленьні Валянціны і Любові Голубевых. Аднак затым экспэртыза паказала, што інтэрнат, куды іх збываюць, для жыльля непрыдатны. А паводле закону, пры перасяленьні ўмовы пагаршацца ня могуць. Жанчыны спадзяюцца на тое, што на тэрыторыі санаторыя «Беларусь» дзейнічаюць расейскія законы.
XS
SM
MD
LG