Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошты прадуктаў харчаваньня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюць расьці. Адначасна зьніжаецца асартымэнт сацыяльна значных тавараў: мясных, малочных і хлебабулачных вырабаў. Танныя прадукты зьяўляюцца рэдка, і іх імгненна скупляюць.

У сталічнай краме «Генэрал-маркет» ад ранку — чарга пэнсіянэраў па малако, сьмятану, масла і каўбасныя вырабы берасьцейскай гандлёвай маркі «Савушкін прадукт», барысаўскай «Здравушкі», ваўкавыскага і гарадзенскага мясакамбінатаў. Прычына — ніжэйшыя кошты на прадукцыю рэгіянальных вытворцаў, колькасьць якой у продажы абмежаваная, паведамілі дырэктарка крамы Тамара Анісімава і яе намесьніцы:

Анісімава: «Менскі малочны завод пастаўляе прадукцыю нашмат даражэйшую, чым раённыя прадпрыемствы. Паставы даюць таньнейшую прадукцыю, барысаўскі завод пастаўляе нашмат таньнейшую. Уяўляеце — менскага малочнага заводу сьмятана 8 тысяч рублёў, а пастаўскага — 4–5. Дык па што пакупнік пойдзе? Вось у чым пытаньне — усё залежыць ад пастаўшчыка, а мы больш за вызначаныя межы ня маем права падымаць гандлёвыя надбаўкі».
Уяўляеце — менскага малочнага заводу сьмятана 8 тысяч рублёў, а пастаўскага — 4–5. Дык па што пакупнік пойдзе?

Намесьніца: «Тое ж і зь мясам. Паглядзіце, ваўкавыская прадукцыя ад мясакамбінату, каўбасы — сыравэнджаныя па 62 тысячы, а сечанае мяса па 25 — нам такое і ня сьнілася. Менскі мясакамбінат пастаўляе сыравяленыя па 95 —100 рублёў. Вось уявіце, ёсьць розьніца — што 60 і што 100?

Карэспандэнтка: «А ці не абмежаваныя вы пастаўкамі?»

Іншая намесьніца: «Цяпер не, але раёны нас прытрымліваюць, цалкам заяўкі не выконваюць. Бо яны пастаўляюць сваю прадукцыю ў Расею, навошта ім мы? Зарабляюць валюту, навошта ім нашыя рублі? І правільна робяць, бо прадукцыя карыстаецца попытам. Даюць зусім мала: дзьве скрыні малака, сьмятаны, скрыню кефіру».

Анісімава: «Сталыя пакупнікі кожнай раніцы тэлефануюць з пытаньнямі — „Паставы“ былі? „Здравушка“ была? Гэта ў асноўным пэнсіянэры, якія сядзяць на тэлефонах і як толькі прадукцыя зьяўляецца — адразу прыходзяць і ўсё разьбіраюць».

Карэспандэнтка: «І чым вы дапаўняеце асартымэнт?»

Намесьніца: «Прадукцыяй менскіх гармалзаводаў. Іхняя прадукцыя ў момант разыходзіцца, а нашая, дарагая, застаецца і ляжыць. Вядома, калі вырасьлі цэны, аб’ёмы рэалізацыі зьменшыліся, і нашмат зьменшыліся».

Пра асартымэнт, кошты і якасьць прадуктаў гутару з наведнікамі крамы:

Карэспандэнтка: «Ці хапае вам грошай на прадукты? Ці памяняўся асартымэнт у крамах і ці задаволеныя вы выбарам сёньня?»

Спадарыня: «Паводле майго заробку — тут асартымэнт якраз такі і ёсьць. Бо набываю я прадукты самыя, самыя неабходныя, паверце мне. Катастрафічныя кошты. Не для нашага заробку».

Спадарыня: «Так, асартымэнт зьмяніўся. Прадуктаў стала нашмат менш і якасьць іх ня лепшая. Неяк набывала малако паўтара адсоткі для кавы — ня вельмі смачна, пуставата. Сыры таксама калі як — калі добрай якасьці, а калі і ня вельмі».

Карэспандэнтка: «Нядаўна прэзыдэнт казаў, што пара спыніць рост цэнаў. Ці адчулі вы, што ён спыніўся?»

Спадар: «Не, не адчуў. Наадварот — цэны ідуць угору, і ўсё горш і горш з кожным днём. Грошы ідуць толькі на харчаваньне і на камунальныя плацяжы. Нічога добрага я пра гэта ня думаю і што рабіць, ня ведаю».

Спадарыня: «Так, ён па тэлевізары выступаў і казаў, што пара спыніць. Але што з гэтага толку? Усё роўна ж нічога не зьмянілася. Наадварот — кошты працягваюць расьці. На той жа сыр — было 40 тысяч, а цяпер ужо 50. Якое спыненьне? Цэны ўсё роўна ідуць уверх».
Лепш бы пэнсію не дабаўлялі, а цэны пакінулі на тым жа ўзроўні

Карэспандэнтка: «Вы адчуваеце гэта на сваіх бюджэтах?»

Спадарыня: «Ну вядома ж, адчуваем. Во — нават на беларускай мове стала гаварыць. Канечне, адчуваем. Я, да прыкладу, вельмі люблю сыр — хіба я гэтулькі брала б? А цяпер бачыце — які малюсенькі кавалачак».

Спадарыня: «Нават хоць і пэнсію дабаўляюць — усё роўна. Дык лепш бы пэнсію не дабаўлялі, а цэны пакінулі на тым жа ўзроўні».

Спадарыня: «Ну, гэта ўрад павінен думаць. Мясьніковіч павінен сачыць, як урад працуе. Праехаць па крамах і паглядзець, што робіцца. Народ іх выбраў — няхай працуюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG