Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ баяцца, але ўжо разумеюць: так жыць нельга


Апошнім часам у многіх рэгіёнах людзі, не задаволеныя бязьдзеяньнем уладаў у справе канкрэтных сацыяльных праблемаў, самаарганізуюцца і спрабуюць вырашыць гэтыя праблемы самастойна. На Берасьцейшчыне распачынаецца кампанія супраць будаўніцтва шкоднай вытворчасьці; на Магілёўшчыне дамагаюцца бясплатнага праезду для студэнтаў; на Меншчыне грамадзянская супольнасьць вядзе змаганьне за ўпарадкаваньне старых могілак.

Віцебшчына


У гэтым рэгіёне найбольшую грамадзкую актыўнасьць выяўляюць жыхары Воршы. Сёлета ўлетку ў Воршы арганізавалі суботнік па добраўпарадкаваньні рэчкі Куцеінкі. Арганізатары змусілі гарадзкія ўлады даць валянтэрам транспарт, на якім на звалку вывезьлі каля 17 тон сьмецьця.

А ўвосень аршанскія актывісты аднаўлялі бясплатныя дваравыя спартовыя пляцоўкі. Тыя даўно вымагаюць рамонту, бо дзяржаўныя сродкі найперш ідуць на падтрыманьне гарадзкога стадыёну, дзе ёсьць платныя сэкцыі. Пачаць вырашылі з асабістага прыкладу, апавёў кіраўнік моладзевай суполкі «Зьвяз» Ігар Казьмярчак:
Атрымалі стандартную адпіску: маўляў, мы ў выканкаме і так малайцы — будуем лядовы палац і рамантуем стадыён

«Мы адрамантавалі самі некалькі пляцовак. А другі шлях, якім мы пайшлі, — гэта склалі праграму стварэньня такіх пляцовак у горадзе. Там было і архітэктурнае рашэньне, і шляхі вырашэньня праблемы. Пад гэтай праграмай мы сабралі 2 тысячы подпісаў і даслалі іх у гарвыканкам. Адтуль атрымалі стандартную адпіску: маўляў, мы ў выканкаме і так малайцы — будуем лядовы палац і рамантуем стадыён. Ну, а над вашай прапановай падумаем…»

Але аршанскія актывісты вырашылі, што чыноўнікаў ня варта пакідаць у спакоі: няхай рупяцца пра інтарэсы грамадзянаў. Таму чарговы зварот у гарвыканкам тычыўся праблемы грамадзкага транспарту, кажа актывіст кампаніі «Гавары праўду» Алесь Шутаў:

«У нас рэзка скарацілася колькасьць кіроўцаў, і гарадзкі аўтапарк вымушаны адмяняць рэйсы і маршруты аўтатранспарту. Мы даслалі зварот да гарадзкіх уладаў, каб быў складзены адпаведны расклад — хай зь меншай колькасьцю рэйсаў, але каб выконваўся. Ды прапанавалі павялічыць колькасьць маршрутных таксі. Подпісы пад зваротам зьбіралі проста на аўтобусных прыпынках. Падпісалася 208 чалавек».

Магілёўшчына


Жыхары бабруйскага мікрараёну «Заходні» дамагаюцца ад мясцовай улады, каб збудавалі школу й садок. Гэтая праблема закранае шмат каго, бо тут жыве больш за шэсьць тысяч чалавек.

Пад зваротам да ўладаў з патрабаваньнем вырашыць праблему неўладкаванасьці сацыяльнай інфаструктуры мікрараёну падпісалася больш за дзьве з паловай тысячы чалавек.

Адна з ініцыятарак кампаніі спадарыня Вольга: «Улады за намі сачылі. Адзін час ад нас участковы не адыходзіў. Былі й даносы з боку асобных жыльцоў. Але мы такую шуміху ўзьнялі, што яны не маглі не адрэагаваць. Улады прызналі, што гэтая праблема ёсьць. Трыста мільёнаў рублёў яны выдзелілі. Нават падмурак пачалі закладаць. Так што людзі самаарганізоўвацца здольныя, але ўсё ж баяцца. У кагосьці праца, у кагосьці яшчэ што, таму на ражон асабліва ня лезуць».
Улады за намі сачылі. Адзін час ад нас участковы не адыходзіў. Былі й даносы з боку асобных жыльцоў

Патрабуюць бясплатнага праезду для студэнтаў

У іншых мікрараёнах Бабруйску людзі зьбіралі подпісы, патрабуючы ад улады адрамантаваць дарогі й паліклінікі, а таксама ўкамплектаваць мэдычныя ўстановы кваліфікаванымі кадрамі.

У Магілёве тым часам паўтысячы сабраных студэнтамі подпісаў вымусілі чыноўнікаў апраўдвацца — чаму мясцовыя студэнты мусяць плаціць у грамадзкім транспарце, а менскія — не. Як высьветлілася, Магілёўшчына жыве на дзяржаўныя датацыі зь бюджэту і неабходных 20 мільярдаў у абласным бюджэце няма.

Як мяркуе магілёўскі актывіст няўрадавай арганізацыі «Грамадзянскі форум» студэнт Юры Стукалаў, для бясплатнага праезду замала толькі кампаніі збору подпісаў — хоць яна й будзе працягвацца.

«На больш радыкальныя дзеяньні наўрад ці студэнты выйдуць. Цяпер пачынаецца пэрыяд сэсіяў, і могуць быць выкарыстаныя розныя рэпрэсіі да найбольш актыўных удзельнікаў. Канечне, усе цудоўна разумеюць, што гэта было палітычнае рашэньне, каб менскія студэнты езьдзілі бясплатна. Хоць яны багацейшыя, чым рэгіянальныя студэнты. У іх ёсьць магчымасьць падпрацаваць за большыя грошы, чым, скажам, у магілёўскіх».

Улады параілі студэнтам зьвярнуцца ў Менск, бо толькі ўрад можа пастанавіць даваць студэнтам бясплатны праезд альбо не даваць.

Берасьцейшчына


Актывісты руху «За свабоду» зь Белаазёрску дабіваюцца правядзеньня грамадзкіх слуханьняў у справе будоўлі прадпрыемства са шкоднай вытворчасьцю — заводу па вырабе сьвінцу.

Старшыня абласнога аддзяленьня руху «За свабоду» Зьміцер Трацьцяк зь Белаазёрску распавёў, што актывісты пачалі збор подпісаў за правядзеньне грамадзкага абмеркаваньня праблемы пабудовы заводу па вытворчасьці сьвінцу.

Раней спадар Трацьцяк атрымаў адказ зь Бярозаўскага райвыканкаму, што грамадзкае абмеркаваньне будоўлі заводу не праводзілася, бо грамадзяне не зьвярталіся з прапановамі правесьці адпаведны сход.
Людзі ж ня ведаюць сваіх правоў, ня ведаюць гэтай працэдуры, што трэба рабіць

Грамадзкі актывіст кажа, што гэта ўжо другая шкодная вытворчасьць у Бярозаўскім раёне. Раней быў збудаваны завод пэстыцыдаў «Франдэса». І тады, кажа спадар Трацьцяк, грамадзкасьць дабілася адкрытага абмеркаваньня:

«Грамадзкія слуханьні былі, але гэта таксама было зроблена з падачы мясцовых актывістаў і неабыякавых жыхароў Бярозы і Белаазёрску. Людзі ж ня ведаюць сваіх правоў, ня ведаюць гэтай працэдуры, што трэба рабіць. Калі завод па тэхналёгіі будзе ня шкодны, то я толькі „за“, каб адчыняліся прадпрыемствы ў Белаазёрску. Мы будзем праводзіць інфармацыйную кампанію, каб прыцягнуць увагу жыхароў Белаазёрску і навакольных населеных пунктаў».

Цяпер жа многія жыхары Белаазёрску адмоўна ставяцца да ідэі пабудовы заводу па вытворчасьці сьвінцу. Яны часта апэлююць да таго, што тут ужо ёсьць іншыя шкодныя прадпрыемствы:

Спадарыня: «Хопіць нам у Бярозе „Франдэсы“ і хопіць нам „Сарыі“… Але тут рашаюць ня людзі, а начальства».

Спадарыня: «Я проста супраць. Ужо хутка тут даб’юць: станцыя — сабе, гэта — сабе…»

Спадарыня: «Я супраць гэтага — нашы лецішчы ў тым раёне».

Подпісы, сабраныя за правядзеньне грамадзкіх слуханьняў, Зьміцер Трацьцяк мяркуе накіраваць у Берасьцейскі аблвыканкам цягам тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG