Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначаная лінгвістычная экспэртыза словаў Міхалка


Прызначаная лінгвістычная экспэртыза выказваньняў лідэра гурту "Ляпіс Трубяцкой" Сяргея Міхалка ў дачыненьні да кіраўніка Беларусі. Экспэртыза прызначаная ў рамках праверкі, якую праводзіць пракуратура Цэнтральнага раёну Менску.

Праверка ў дачыненьні да Міхалка вядзецца з пачатку кастрычніка. Паколькі праваахоўныя органы ня маюць магчымасьці дапытаць Міхалка, які знаходзіцца за межамі Беларусі, праверка працягваецца. Па зьвестках БелаПАН, яна можа працягнуцца некалькі месяцаў.

Крымінальная справа ў дачыненьні да музыкі пакуль не заводзілася. Запыты для правядзеньня сьледчых дзеяньняў зь Сяргеем Міхалком ў іншых краінах таксама пакуль не накіроўваліся.

На брыфінгу 17 кастрычніка начальнік упраўленьня Генпракуратуры па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьці прававых актаў Павал Радзівонаў паведаміў, што правяраецца інфармацыя, зьмешчаная ў інтэрвію музыкі. Вынікам праверкі стане прававая ацэнка.

"Так званыя сьмелыя і бяскрыўдныя выказваньні саліста" Ляпіса Трубяцкога ", відавочна, знаходзяцца па-за рамкамі ня толькі нормаў этыкі і маралі, але і права", - заявіў Радзівонаў. Паводле яго, у любым цывілізаваным грамадзтве абраная музыкам форма выказваньня "зьяўляецца недапушчальнай і ставіць яе аўтара ў разрад банальных хуліганаў".

"Міхалок лічыць сябе чалавекам культурным і сучасным. Значыць, яго творчая дзейнасьць павінна будавацца на прынцыпах павагі асобы. Выраз грамадзянскай пазыцыі павінен будавацца на тых жа прынцыпах - без абразаў і зьнявагаў каго б там ні было", - сказаў прадстаўнік Генпракуратуры.

Пры гэтым ён не адказаў на пытаньне, ці можа Міхалок падчас правядзеньня праверкі вярнуцца ў Беларусь, не баючыся быць затрыманым.

Гурт "Ляпіс Трубяцкой" ўключаны ў сакрэтны чорны сьпіс музычных калектываў і дзеячаў мастацтва, дзейнасьць якіх на тэрыторыі Беларусі фактычна забароненая. На працягу году канцэрты гурту ў Беларусі неаднаразова адмяняліся, у той час як за мяжой выступы карыстаюцца вялікім посьпехам. Многія беларускія прыхільнікі гурту вымушаныя езьдзіць у суседнія краіны, каб паслухаць выступы "Ляпіса".

У апошніх інтэрвію Сяргея Міхалка гучала рэзкая крытыка на адрас беларускіх уладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG