Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралі і трон


22 лістапада 1975 кіраваць Гішпаніяй – згодна з законам аб пераемнасьці, прынятым пры жыцьці гішпанскага дыктатара Франсыска Франка – стаў кароль Хуан Карлас І, якога дыктатар у 1969 прызначыў кіраўніком дзяржавы пасьля сваёй сьмерці.

Генэралісімус Франсыска Франка, галава дзяржавы і рэгент Каралеўства Гішпаніі, які карыстаўся таксама тытулам «правадыр Гішпаніі з Божай ласкі» (Caudillo de España por la gracia de Dios), памёр 20 лістапада 1975, не дажыўшы двух тыдняў да 83 гадоў. Ён быў кіраўніком Гішпаніі цягам 36 гадоў (з 1939 па 1975).

Франка абвясьціў Гішпанію манархіяй у 1947, але тады не назначыў манарха. Ён практычна мог назначыць каралём і самога сябе, паколькі кансалідаваў усю ўладу ў сваіх руках і меў за сабою падтрымку ня толькі арміі і царквы, але і шырокіх пластоў грамадзтва. Тыя, хто актыўна змагаўся ў грамадзянскай вайне 1936-1939 на баку рэспубліканцаў супраць фалангістаў Франка, або былі мёртвыя, або гнілі ў турмах і працоўных лягерах, або падаліся ў эміграцыю. Лічыцца, што Франка фармальна вярнуў манархію ў Гішпаніі, каб задаволіць кансэрватараў у сваім лягеры, якія працягвалі захоўваць моцныя манархічныя сэнтымэнты.

Гішпанія была каралеўствам да 1931, калі ўзьнікла гэтак званая Другая гішпанская рэспубліка (якую франкісты перамаглі ў грамадзянскай вайне 1936-1939). Кароль Альфонса ХІІІ пакінуў краіну ў 1931, хоць фармальна адрокся ад трону на карысьць свайго сына Хуана (бацькі цяперашняга караля Хуана Карласа І) толькі ў 1941. Прыхільнікаў гэтай лініі гішпанскіх Бурбонаў называлі «альфансістамі».

Сярод гішпанскіх манархістаў былі яшчэ і «карлісты», якія лічылі, што легітымнае права на гішпанскі трон маюць адно нашчадкі Карласа V (1788-1855), які таксама паходзіў зь роду Бурбонаў, але зь іншай лініі, чым Альфонса ХІІІ.

Франка расчараваў і «карлістаў», і «альфансістаў» (пасьля Альфонса ХІІІ права на трон меў ягоны сын Хуан Бурбон). У 1969 годзе пераемнікам трону Франка назначыў Хуана Карласа, унука Альфонса ХІІІ, а ня сына. Экспэрты ў пытаньнях палітычнай гісторыі Гішпаніі мяркуюць, што Франка зрабіў так, бо лічыў, што Хуан Карлас дэ Бурбон (нар. 1938), які ў 1948 годзе вярнуўся ў Гішпанію, каб атрымаць адукацыю пад вокам дыктатара, будзе больш схільны да працягваньня аўтарытарнай палітычнай сыстэмы, чым ягоны бацька Хуан дэ Бурбон (1913-1993).


Кароль і прэм’ер-міністар


Хуан Карлас І уступіў на трон у палітычных межах, які яму вызначыў дыктатар. Ён прысягнуў на вернасьць прынцыпам Нацыянальнага руху (адзінай легальнай партыі ў франкісцкай палітычнай сыстэме), надзеў карону ў франкісцкім парлямэнце («картэсах») і вызначыў новага прэм’ер-міністра згодна з франкісцкім законам. Адно што ў сваім выступе ў парлямэнце Хуан Карлас І прадэкляраваў падтрымку для трансфармацыі палітычнай сыстэмы ў краіне.

Гішпанская трансфармацыя была незвычайна амбітным заданьнем, паколькі ставіла за мэту правесьці дэмантаж франкісцкай сыстэмы мірным шляхам, то бок рукамі самых франкістаў, якія мелі ня толькі большасьць у парлямэнце, але і моцную падтрымку генэралітэту ў арміі. Да таго пазасыстэмная апазыцыя левага палітычнага крыла ня надта давярала каралю, якога выхаваў дыктатар. Каралю і ягонаму ўраду трэба было выбраць такі шлях, які з аднаго боку не радыкалізаваў бы дамаганьняў левага крыла (асабліва Камуністычнай партыі), а з другога ня выклікаў умяшаньня арміі ў палітычны працэс на баку франкістаў.

Адольфа Суарэс (нар. 1932), якога кароль прызначыў кіраўніком ураду, выканаў гэтае заданьне бліскуча. Цэнтрысцкі ўрад Суарэса ў 1976 і 1977 абвясьціў тры амністыі для палітычных вязьняў папярэдняга рэжыму, распусьціў франкісцкую сакрэтную паліцыю, зацьвердзіў права на страйк ды на дзейнасьць свабодных прафсаюзаў. Урад таксама падрыхтаваў закон аб палітычнай рэформе і аб дэмакратычных выбарах, і ў 1977 правёў першыя такія выбары ў Гішпаніі пасьля саракагадовага перапынку. У 1977 дэмакратычна выбраны парлямэнт Гішпаніі прызначыў Суарэса прэм’ер-міністрам ужо цалкам дэмакратычна. Суарэс быў кіраўніком ураду да 1981 году.

Самым рызыкоўным крокам Суарэса была легалізацыя Камуністычнай партыі ў 1977 годзе. Усе баяліся абвастрэньня палітычнай сытуацыі камуністамі, але аказалася, што дзейнасьць свабодных прафсаюзаў ураўнаважыла ўплывы Камуністычнай партыі ў грамадзтве. І яшчэ Суарэсу ўдалося пераканаць генэралітэт у арміі, што палітычная трансфармацыя і свабода не азначае ні анархіі ў краіне, ні рэвалюцыі.

У кастрычніку 1977 ўрад Суарэса падпісаў з прадстаўнікамі найважнейшых палітычных і грамадзкіх сілаў у краіне гэтак званы Пакт Манклоа, які вызначаў сацыяльна-эканамічную палітыку падчас палітычнай трансфармацыі. Гэта быў першы сацыяльны кантракт дэмакратычнай Гішпаніі.

У сьнежні 1978 гішпанцы на рэфэрэндуме зацьвердзілі дэмакратычную канстытуцыю краіны.

У 1981 адзін з афіцэраў ваенізаванай «Грамадзянскай гвардыі» («Guardia Civil») разам з групай узброеных прыхільнікаў захапіў парлямэнт, але гэта спроба путчу правалілася. Гішпанія ўжо ўпэўнена крочыла па шляху да дэмакратыі.


«Гішпанскі цуд»


Парадаксальна, гэткую назву атрымала ня ўзорная ва ўсіх адносінах палітычная трансфармацыя Гішпаніі ад дыктатуры да дэмакратыі пасьля сьмерці Франка, а эканамічная трансфармацыя краіны пад кіраўніцтвам дыктатара ў 1959-1974. Цягам гэтых 15 гадоў франкісцкая Гішпанія саступала толькі Японіі, што тычыцца тэмпаў росту эканомікі. Канец «гішпанскаму цуду» паклаў сусьветны крызыс у сярэдзіне 1970-х, калі сусьветныя цэны на нафту рванулі ўгару і вырасьлі ў два разы.

«Гішпанскі цуд» – гэта, акрамя ўсяго іншага, і аргумэнт у карысьць тэзісу, што эканамічная лібэралізацыя магчымая і ў сыстэме вельмі жорсткага палітычнага аўтарытарызму. Усё залежыць ад кіраўніка сыстэмы.

Пад канец 1950-х Франсыска Франка вырашыў вывесьці краіну з працяглага эканамічнага тупіку – у якім яна апынулася ў выніку крывавай і разбуральнай грамадзянскай вайны ды палітычнай ізаляцыі ў сьвеце – пры дапамозе эканамічнай лібэралізацыі. Франка дапусьціў да ўраду маладых лібэралаў ды, паводле сёньняшніх мерак, тэхнакратаў, сярод якіх былі банкіры, кіраўнікі прадпрыемстваў і экспэрты з арганізацыі «Opus Dei», зьвязанай з Рыма-каталіцкай царквой.

Заходняя Эўропа была на той час занятая фармаваньнем Эўрапейскай супольнасьці і Эўрапейскай асацыяцыі вольнага гандлю. З палітычных прычынаў сяброўства ў гэтых арганізацыях было для Гішпаніі немагчымае, але вышэй згаданым тэхнакратам з Мадрыду ўдалося далучыць Гішпанію да Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця ды МВФ і Сусьветнага банку. З дапамогай гэтых арганізацый і інвэстыцый з-за мяжы ўрад гішпанскіх тэхнакратаў здолеў збудаваць у краіне нешта накшталт рыначнай эканомікі, у якой было значна больш свабоды, чым на выбарах у палатку, прабачце, у «картэсы». Сам пачатак рэформаў быў балючы – у краіне адчувальна ўзрасло беспрацоўе і панізіліся рэальныя заробкі, больш за паўмільёна гішпанцаў у пошуках працы выехалі за мяжу. Але пасьлядоўная палітыка лібэралізацыі эканамічнага заканадаўства і прыцягваньня інвэстыцый зрабіла сваё. Інвэстыцыі галоўным чынам наплывалі з ЗША, Швэйцарыі, Францыі і Нямеччыны. Гішпанія ў 1960-х таксама адкрылася для замежных турыстаў – 20 мільёнаў турыстаў штогод давалі даход на ўзроўні 10% ВУП. Гішпанія пры Франку стала заможнай краінай.

Сьмерць Франка зьбеглася з канцом «гішпанскага цуду» ў эканоміцы. Шмат хто з гішпанцаў, шчыра вітаючы новыя дэмакратычныя парадкі, паціху яшчэ й смуткаваў з прычыны канца дыктатуры, якая цягам папярэдніх 15 гадоў забясьпечвала матэрыяльны дабрабыт.

Аднак усе гішпанцы, безумоўна, пагаджаліся, што 35 гадоў дыктатуры – гэта занадта. Час ужо даўно прысьпеў паспрабаваць нечага іншага...

А што беларусы? Яшчэ і краіны не ператварылі ў манархію, то бок, у вялікае княства, ня кажучы пра тое, каб прыняць адпаведны закон аб пераходзе ўлады ад «Бацькі» да сына. Адно што кандыдат на вялікага князя, як здаецца, ужо маецца ў наяўнасьці. Вывучае грамату, так бы мовіць, пад вокам аўтакрата-рэгента. Калі фармальна абвесьцяць пераход у вялікае княства, як думаеце?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG