Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэпэр Вінсэнт грае Мірона: “Гэта не палітычная замова”


У Польшчы адбываюцца здымкі мастацкага фільму “Мірон. Жыве Беларусь”. Аснову ягонага сцэнару складаюць падзеі, якія адбываюцца ў сучаснай Беларусі. Фільм здымае дзяржаўная кінастудыя Wytwórnia Filmów Dokumentalnych i Fabularnych.





Кшыштаф Лукашэвіч

Кшыштаф Лукашэвіч

Рэжысэр карціны – 35-гадовы паляк Кштыштаф Лукашэвіч. Апэратарам фільму стаў Вітальд Сток, які здымаў сэрыялы “Закон Мэрфі” і “As if…”. Лукашэвіч раней працаваў асыстэнтам рэжысэра на такіх вядомых стужках як “Бэнэк” (2007), “Quo Vadis” (2001), “Агнём і мячом” (1999). А ў гэтым годзе стаў першым асыстэнтам рэжысэра Леха Маеўскага ў польска-швэдзкім праекце “Млын і крыж”, дзе здымаліся Рутгер Хаўэр, Шарлота Рэмплінг і Майкл Ёрк.

“Мірон” – другая самастойная праца Лукашэвіча. У 2010 ён зьняў свой першы фільм “Лінч”, гэтаксама працуючы зь Вітальдам Стокам як апэратарам. Здымачны працэс забясьпечвала тая ж кінастудыя.

У галоўнай ролі рок-музыкі здымаецца вядомы беларускі рэпэр Вінсэнт (Зьміцер Папко). Ягоная партнёрка – польская акторка Караліна Грушка. Беларускі глядач мог бачыць яе ў фільме Міхаіла Пташука “Ў жніўні 44-га” ў ролі Юліі.

Зьміцер Папко ў перапынку паміж здымкамі адказаў на пытаньні Радыё Свабода:

— Зьміцер, якую ролю вы граеце ў фільме?

— Гэта малады чалавек, рок-музыка, зь ім здараюцца розныя сытуацыі падчас фільму. Гэта змаганьне ўнутранае з самім сабой, са сваімі перакананьнямі, змаганьне з сыстэмай, са зьнешнімі фактарамі. Падрабязна не магу распавядаць, бо потым нікому ня будзе цікава кіно глядзець. Гэта мастацкая выдумка, мы здымаем толькі кіно. Гэта не палітычная замова. Гэта проста цікава зьнята, гэта цікава замоўцам.

— Хто выступіў замоўцам гэтага праекту?

— Міністэрства культуры Польшчы.

— А чаму ў такіх сакрэтных умовах працуеце?

— Абсалютна не сакрэтныя ўмовы. Мы працуем тут цэлы дзень, ад самай раніцы ад самога вечара. Занятыя цэлымі днямі і зусім ня маем часу размаўляць з журналістамі. Нават зараз у нас 5 хвілін перапынак — і здымаем наступную сцэну.

— Чым будзеце прыцягваць гледачоў?

— Будзем прыцягваць прафэсійнай карцінкай. Дынамікай. Пасьцельныя сцэны будуць, але гэта будзе неяк акуратна зроблена.

— Вы гатовыя здымацца ў такіх сцэнах?

— Ды ўжо адна сцэна была такая.

— Ну і як прайшло?

— Ну як звычайна. Перад гэтым фільмам было шмат пробаў, мы рэпетавалі, таму на пляцоўцы ўжо было ня так складана.

— Фільм будзе цікавым беларускаму гледачу ці разьлічаны больш на заходнеэўрапейскага гледача?

— Гэта ў першую чаргу разьлічана на заходняга гледача, на эўрапейскія фэстывалі, магчыма, на Амэрыку.

— Які бюджэт вашага фільму?

— Пра фінансавыя справы я ня ведаю. А пра гэтыя чуткі, якія зараз зьяўляюцца ў розных беларускіх СМІ, — усё гэта няпраўда.

У шэрагу СМІ была агучаная лічба 2 мільёны даляраў — нібыта столькі склаў бюджэт фільму. Паводле Зьмітра Папко, грошы на здымкі выдала Міністэрства культуры Польшчы, але дакладнай сумы ён ня ведае. На зварот Радыё Свабода прадстаўнікі Міністэрства адказалі, што рыхтуюцца апублікаваць афіцыйную інфармацыю пра гэты праект, паколькі ён выклікаў вялікую цікавасьць з боку журналістаў.

Зьміцер кажа, што ідэя фільму і большая частка сцэнару напісаныя самім рэжысэрам Кштыштафам Лукашэвічам. У стварэньні гісторыі для фільму ўдзельнічаў таксама і палітычны актывіст Франак Вячорка. Некалькі дэталяў ягонай біяграфіі трапілі ў сцэнар.

Сакрэтнасьць вакол здымак фільму ўсё ж захоўвалася. Пакуль няясна, зь якіх прычынаў стваральнікі фільму не хацелі шырока паведамляць пра сваю працу, аднак ужо вядома, што некаторым беларускім акторам давялося адмовіцца ад здымак з-за пагрозы страціць працу на радзіме. Удзельнікі праекту зусім ня радыя шумісе, якая разьвілася вакол яго, і наракаюць, што гвалт, усчаты жураналістамі, можа пашкодзіць здымачнаму працэсу.

Кадры з фільму, апублікаваныя ў сетцы Facebook



XS
SM
MD
LG