Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскае дзелавое выданьне "Ведомости" піша, што прыродны газ для Беларусі ў 2012 годзе можа патаньнець амаль удвая, а з 2013 г. яго цана будзе прывязаная да ўнутрырасейскай.

У артыкуле "Расія завяршае газавыя канфлікты зь Беларусьсю" газэта піша, што сёлета расейскі газ павінен "рэзка патаньнець", яго цана будзе зафіксаваная на ўвесь год, а з 2013 г. цана сыравіны будзе вылічвацца паводле формулы, якая ўлічвае кошт у адным з рэгіёнаў Расеі. Пра гэтыя зьмены распавялі два расейскія чыноўнікі, якія знаёмыя з ходам перамоваў.

Меркаваная цана газу на 1 тысячу кубамэтраў – 150 даляраў (супраць цяперашніх 300).

Да гэтай цаны будуць дадавацца выдаткі "Газпрома" на пампаваньне, захоўваньне і "рэалізацыю", а таксама індэксацыя, напрыклад, на ўзровень інфляцыі, дадаюць суразмоўцы.

Цана газу для Беларусі сапраўды будзе блізкая да расейскай, пацьвярджае супрацоўнік Белага дому.

Прадстаўнікі "Газпрома", а таксама расейскага і беларускага ўрадаў не камэнтуюць гэтую інфармацыю.




Усё вырашыцца 25-га лістапада


Аляксандар Лукашэнка прыбудзе ў Маскву з рабочым візытам у пятніцу, 25 лістапада.

Кантракт на пастаўку прыроднага газу ад 2012 году і дамова куплі-продажу 50% "Белтрансгазу" будуць падпісаныя 25 лістапада, заявіў намесьнік старшыні праўленьня "Газпрома" Валеры Голубеў.

"Гаворка ідзе пра падрыхтоўку двух міжурадавых пагадненьняў, якія, мяркуецца, будуць падпісваць прэм'еры нашых дзяржаў. Гаворка ідзе пра пагадненьне, зьвязанае з купляй 50% дадатковых — па сутнасьці, усіх 100% — беларускага прадпрыемства "Белтрансгаз", і пагадненьне аб прынцыпах абгрунтаваньня цаны на газ і на тарыфы транзыту", заявіў Голубеў.

"І адначасова будзем падпісваць ужо кантракты на пастаўку газу і на транзыт газу праз тэрыторыю Беларусі. Гэтыя кантракты заканчваюцца якраз у 2011 годзе. Дакумэнты практычна ўсе гатовыя", — дадаў прадстаўнік "Газпрома".

Умовы газавага кантракту на 2012—2014 гады былі ўвязаныя з вызначэньнем парамэтраў набыцьця "Газпромам" 50% акцыяў "Белтрансгаза".

У 2011 годзе ў Беларусі завяршаецца дзеяньне чатырохгадовага кантракту з "Газпромам" на пастаўку газу. З 2008 году цана газу для Беларусі вызначаецца паводле формулы, аналягічнай формуле для паставак расейскага газу ў Эўропу.

Старшыня ўраду Расеі Ўладзімер Пуцін у жніўні 2011-га даручыў Міністэрству энэргетыкі Расеі і "Газпрому" вызначыць велічыню паніжальнага "інтэграцыйнага" каэфіцыенту цаны на газ для Беларусі з 2012 году.

"Газпром" ужо валодае 50% акцый "Белтрансгазу", купіўшы іх за 2,5 мільярда даляраў паэтапна роўнымі часткамі на працягу 2007—2010 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG