Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне да новага ўтварэньня, якое наважыліся стварыць кіраўнікі трох дзяржаваў, збольшага пакуль ідэалягічнае: тыя, хто робіць геапалітычны выбар на карысьць Расеі, яго ўхваляюць, тыя, хто за «Беларусь у Эўропу» – адпаведна ганяць.

Але хацелася б зьвярнуць увагу на два сюжэты тэхналягічнага, скажам так, характару, якія прымушаюць задумацца над тым, як ўся гэтая прыгажосьць будзе працаваць на практыцы.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту ў Маскве Нурсултан Назарбаеў, апроч іншага, сказаў: «Я нядаўна праводзіў вялікую нараду з працаўнікамі сельскай гаспадаркі з нагоды вялікай перамогі – 30 млн. тон збожжа. Там сядзелі мужыкі, якія супраць мяне выступалі ў 1994 годзе, калі я сказаў, што калгасаў і саўгасаў ня будзе. Яны казалі, што памруць з голаду. Зараз я ў іх пытаю: «Давайце вернемся да калгасаў, саўгасаў?». Яны проста глядзяць на мяне і ўсьміхаюцца».

Пікантнасьць сытуацыі палягала ў тым, што гэтыя словы Назарбаеў казаў, седзячы побач са сваім калегам зь Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. У адрозьненьне ад казахстанскіх сельгасвытворцаў беларускія на прапанову вярнуць калгасы не ўсьміхаюцца, бо тыя зь беларускай зямлі нікуды і не зьнікалі.

Больш за тое, тлумачэньні прэзыдэнта Казахстану варта супаставіць зь ня менш шчырымі словамі, сказанымі ўсяго месяц таму Аляксандрам Лукашэнкам: «Чаму ў нас такое трапяткое стаўленьне да калгасаў-саўгасаў, будзем казаць па-старому – як бы мы іх ні называлі, гэта была ідэальная арганізацыя. Мы не разбурылі калгасы і саўгасы. Таму што ў калгасе 15-40 вёсак, і яны ўзялі на сябе вялікія функцыі ў савецкія часы, і я настойваю на тым, каб яны захаваліся і цяпер. Калісьці мы спрабавалі ствараць нешта пры сельскіх саветах, аддаваць нейкую тэхніку прыватніку – нічога не атрымалася».

Калі Еўтушэнка супраць калгасаў, то – я за
У 1989 годзе Іосіфу Бродзкаму, які тады жыў у ЗША, распавялі, што ў Маскве на Зьезьдзе саветаў Яўгеній Еўтушэнка выступіў супраць калгасаў. «Калі Еўтушэнка супраць калгасаў, то – я за» – зь іроніяй адказаў нобэлеўскі ляўрэат. Але нязгода Лукашэнкі з Назарбаевым наконт калгасаў наўрад ці мае такую асабістую подбіўку, а да таго ж цягне за сабой значна больш істотныя наступствы.

Я нават не да таго, што мае рацыю Назарбаеў. Я да таго, ці магчымая інтэграцыя краін з настолькі ідэалягічна па-рознаму збудаванымі эканомікамі. І размова ж ідзе ня проста пра гандаль, які магчымы паміж краінамі з эканомікамі рознай прыроды, а пра стварэньне ў пэўным сэнсе адзінага эканамічнага арганізму.

Можна аддаваць перавагу інтэграцыі з Эўропай, можна – эўразійскай інтэграцыі, можна – незалежнаму, ад ўсіх дыстанцыяванаму плаваньню ў водах міжнароднай палітыкі. Усе гэтыя падыходы не супярэчаць фармальнай лёгіцы. Але нельга выбіраць абсурд, супярэчнасьць па вызначэньні. Аднак, гледзячы па ўсім, менавіта гэта робяць архітэктары Эўразійскага саюзу. Усе, у тым ліку і беларускія. Прысяга на вернасьць сьвятым прынцыпам Эўразійскага саюзу спалучаецца з такімі ж палкімі заявамі пра непахісную прыхільнасьць беларускай мадэлі. Але як чыста фармальна могуць утвараць адзінае эканамічнае цэлае краіны, для кіраўніцтва адной зь якіх калгасы – «ідэальная арганізацыя», а для кіраўніцтва іншай – «ацтой», кажучы сучасным слэнгам?

Яшчэ адзін рыф – хутчэй гіпатэтычны, зьвязаны з аналёгіямі з Эўразьвязам, якія не сыходзяць з вуснаў архітэктараў Эўразійскага саюзу. Але ў сьвятле ажыўленьня размоваў пра пераход на адзіную валюту адна аналёгія проста кідаецца ў вочы. Дакладней тое, што магло б быць аналёгіяй, калі б гэтая валюта сапраўды была. Я маю на ўвазе сёлетні грэцкі і беларускі крызісы. У Беларусі выйсьце было традыцыйным – праз значную дэвальвацыю, якая па сутнасьці аніяк не закранула партнэраў у эўразійскай інтэграцыі. Яны маглі паспачуваць лёсу беларусаў, маглі дапамагчы. А маглі б і не дапамагаць, ім ад беларускіх праблемаў не было па вялікім рахунку ні холадна, ні сьпякотна. Партнэры Грэцыі ў зоне эўра такой асалоды былі пазбаўленыя. І самая Грэцыя была, дарэчы, пазбаўленая магчымасьці дэвальваваць няісную драхму і ўсталяваць гандлёвую раўнавагу гэтым барбарскім, але эфэктыўным мэтадам.

А быў бы адзіны расейскі рубель ад Берасьця да Ўладзівастоку з захопам Алматы і грымні ў Беларусі такі крызіс, як грымнуў сёлета – колькі б расейцы і казахі былі вымушаныя плаціць Беларусі, каб уратаваць увесь карабель эканомікі Эўразійскага саюзу? І гэта была не сучасная сытуацыя, калі можна плаціць, а можна і не плаціць. Трэба было б плаціць, і шмат, каб уратаваць саміх сябе.

Пры гэтым прыгаданая вышэй розьніца ў тыпе эканамічных сыстэмаў мае да грэцкай праекцыі на Беларусь наўпроставае дачыненьне. Перамога над урадам прэзыдэнцкага дарадцы Сяргея Ткачова, рамантыка ўсепераможнай моцы эмісіі, паказвае, якія падыходы вызнае кіраўніцтва Беларусі. Але зараз гэтая шчырасьць абмежаваная тым, што падобнае грашовае чарадзейства адразу ж абарочваецца інфляцыяй. А калі б была магчымасьць перакласьці выдаткі гэтых фокусаў на партнэраў, бо тым не было б куды падзецца – можна сабе ўявіць, якіх маштабаў дасягнулі б апэтыты магаў беларускага «эканамічнага цуду».

Праўда, можна сказаць, што няма аўтару іншага клопату, акрамя як пераймацца гіпатэтычнымі праблемамі расейцаў. Але калі прэзюмаваць, што на чале Беларусі, Казахстану і Расеі стаяць усё ж ня поўныя дурні, то з таго, што гэтыя разумныя людзі робяць выгляд, што ва ўпор ня бачаць названых праблем, вынікае, што ніхто не ўспрымае гучныя дэклярацыі асабліва ўсур'ёз.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG