Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паехалі нашы прадукты зь Беларусі зарабляць валюту…»


Прадавачкаў берасьцейскай краме тлумачыць бабулі, што таньней.

Прадавачкаў берасьцейскай краме тлумачыць бабулі, што таньней.

Улады заяўляюць, што сацыяльна неабароненыя грамадзяне маюць магчымасьць набываць прадукты харчаваньня па больш нізкіх коштах, што дзяржава стрымлівае цэны на некаторыя прадукты, каб яны заставаліся агульнадаступнымі. Ці так гэта? Праблему дасьледавалі нашы рэгіянальныя карэспандэнты.

Гомельшчына


На Гомельшчыне мясцовыя крамы ніяк не палепшылі забесьпячэньня бедных таньнейшымі прадуктамі. У харчовай краме гандлёвага дома «Рэчыцкі», якая належыць гарадзкой управе гандлю, у панядзелак апоўдні ўжо не было ні таннага малака, ні масла, ні сьмятаны. Да прыкладу, літровы пакет малака тлустасьці 3,6 працэнта пакупнікам прапаноўвалі за 5 тысяч 200 рублёў, масла сьметанковае — ад 12 да 19 тысяч за двухсотграмовы брусок.

Сталыя пакупнікі сьцьвярджаюць, што не адчулі пакуль нейкіх зьменаў у бок палёгкі з коштамі.

Спадарыня Валянціна: «Я гэтага не заўважала. Вечарам наагул няма нічога таннага. Вось зараз далі тварог па 1700 — і яго заканчваюць прадаваць. Зайшла дрожджы купіць — гляджу, таннае выставілі. Узяла тварог, малако паўтарапрацэнтнае й 10-працэнтную сьмятану. Падвечар усяго гэтага ня будзе, а тут пашчасьціла».

Кабета зазначае, што таньнейшымі малочныя прадукты бываюць толькі тады, калі яны зь меншым утрыманьнем тлушчу. Але такую прадукцыю імгненна разьбіраюць. Іншых зьніжак людзі ў крамах ня бачаць.

Пэнсіянэрка Натальля: «Мала што гаворыць Лукашэнка. Я нешта не заўважыла, каб кошты ўпалі. Ідзеш набыць курыную грудку ці кумпячкоў — ужо 50 тысяч выходзіць. 200 тысяч узяў, пайшоў хоць у краму, хоць на рынак — і практычна прыходзіш з пустым пакетам».

Спадарыня Лідзія кажа, што хоць мясцовыя кіраўнікі гандлю заяўляюць пра зьніжэньне цэнаў на масла, у крамах яна таннага масла не сустракае:
Вось гэты бандыцкі дом — гандлёвы дом „Рэчыцкі“ — узьвінціў цэны настолькі, што стаў крамай для мільянэраў. Хто такое дазволіў?

«Масла ў асноўным, я гляджу, 10 тысяч зь лішкам. Па 8,5 тысячы — гэта я ня ведаю. Мы, пэнсіянэры, імкнемся купіць таньней — і ходзім ад крамы да крамы. А што да каўбасных вырабаў, то падыходзім да вітрынаў, паглядзім — і адыходзім. Каўбасы ўжо за 50 тысяч. А з такой пэнсіяй, як мы цяпер атрымліваем, узяць такую каўбасу нам не пад сілу — няма такіх магчымасьцяў».

Мінак Уладзімер называе цяперашнія крамы амаль так, як і кіраўнік дзяржавы: «Вось гэты бандыцкі дом — гандлёвы дом „Рэчыцкі“ — узьвінціў цэны настолькі, што стаў крамай для мільянэраў. Хто такое дазволіў? Гэта проста незразумела».

Віцебшчына


Жыхары Віцебшчыны скардзяцца на адсутнасьць у крамах сьвежага мяса. Нядаўна пакупнікі шукалі, дзе можна набыць сьвініну ці ялавічыну як найтаньней, а цяпер мяса ўвогуле стала дэфіцытам.

Нават у фірмовай краме Аршанскага мясакамбінату, куды звычайна ходзіць па прадукты пэнсіянэр Юры Конышка:

«Мяса ўвогуле ў нашай краме няма, няма сьвежага мяса. Толькі вэнджанае ўсё, кілбасы вараныя, лівэрка і крывянка. Прычым лівэрка зрабілася даражэйшая за крывяную. Раней наадварот было, і людзі абураюцца: «Чаму?»

На думку Юрыя Конышкі, у продаж знарок стараюцца пускаць тое, што каштуе даражэй, — каб бюджэт папаўняўся грашыма. Адзначае аршанскі пэнсіянэр і дэфіцыт малочных вырабаў:

«Я быў у краме, дык малако там — толькі 1,5%, але яно зусім нятлустае. Яно нават не скісала, дык мая жонка яго сабакам выліла. Можа, было парашковае. І тварагу я нешта ня бачу. Купляў тварог на кірмашы, дык ён там 20 тысяч! Ё-маё! Дорага!»

Гандляркі ў крамах таксама адзначаюць зьмяншэньне колькасьці малочных прадуктаў. Кажуць, што гэта, мажліва, сэзонная зьява. Аднак віцебская пэнсіянэрка Галіна Люмарава ня згодная: адна зь яе вэрсій — што таньнейшыя малочныя прадукты вывозяцца ў Расею:
Ды гэта ўжо ніхто ня слухае, што нам абяцаюць! А можа, калі слухаюць, то яшчэ хутчэй бягуць затарвацца

«Летась такога мы чамусь не адчувалі. Напэўна, паехалі прадукты некуды зарабляць валюту, што тут яшчэ скажаш?»

Другая вэрсія спадарыні Галіны — што танных малочных прадуктаў знарок вырабляюць меней, каб куплялі даражэйшае. Пэнсіянэрка апавяла, што тварог, да прыкладу, падаражэў толькі праз тое, што ў назьве зьявілася прыстаўка «бія-»:

«Я купляю звычайны ў пакеціку, дзевяціадсоткавы. А тут зьявілася слова „бія-“, прыстаўка такая, і называецца ён цяпер біятварог, і адразу больш за 4 тысячы стаў каштаваць! Кефірчык я звычайна купляла, „Бодрасьць“. Гляджу: ён 2600 ужо, і ўсяго толькі паўлітра гэта! Ды ёлкі-палкі! Дык я купіла малака звычайнага, 3,2% тлустасьці, кінула тады для закваскі кавалачак таго „біятварагу“, падагрэла, паставіла каля батарэі, і ў мяне атрымалася такая „біяпрастакваша“ — затое ў два разы таньнейшая!»

Пэнсіянэрка мусіць выдумляць новыя тэхналёгіі, каб у нечым зэканоміць, бо ў тое, што дзяржава стрымлівае кошты на малочныя прадукты, даўно ўжо ня верыць:

«Ды гэта ўжо ніхто ня слухае, што нам абяцаюць! А можа, калі слухаюць, то яшчэ хутчэй бягуць затарвацца. Што тыя абяцанкі-цацанкі? Толькі дурню радасьць!».

Берасьцейшчына


Берасьцейскі гарвыканкам вызначыў для абслугоўваньня маламаёмных 27 гандлёвых прадпрыемстваў. Зьніжка на прамысловыя тавары тут ад 10 да 12 працэнтаў, на харчовыя — ад 3 да 5%. Як правіла, зьніжкі дзейнічаюць раніцай, ад адкрыцьця да 12 гадзіны.



Прадавачка крамы № 10 кажа, што такія зьніжкі тут практыкуюцца ўжо больш як тыдзень:

«Пры наяўнасьці пэнсійнага пасьведчаньня робяцца зьніжкі на тавары. І істотныя зьніжкі выходзяць на штодзённыя прадукты».

Каля 12-й гадзіны большасьць наведнікаў крамы «Арбіта» — пэнсіянэры. Распытваю іх на выхадзе, ці задаволеныя зьніжкамі:

Спадарыня: «Калі я бяру 200 грамаў каўбасы, то для мяне гэта малаадчувальна. Але ўсё роўна прыемна, вядома, што падумалі пра пэнсіянэраў».

Аднак далёка ня ўсе пэнсіянэры засталіся задаволеныя:

Пэнсіянэрка: «Мука, напрыклад, у „Эканомным“ каштуе 4900, а тут са зьніжкамі — 5300 ці 5400… Дык я кажу: якая гэта зьніжка, калі там таньней? Ну, бабулькі там ходзяць, нешта тармосяць усё. Ну, я ня ведаю, за сто рублёў…»
З 8 да 12 раніцай прыйдзеш — хлеб чэрствы ўвогуле, ня ўбіць. Гэта яны зрабілі спэцыяльна такую зьніжку

Спадарыня: «З 8 да 12 раніцай прыйдзеш — хлеб чэрствы ўвогуле, ня ўбіць. Гэта яны зрабілі спэцыяльна такую зьніжку…»

Другая спадарыня: «Каб забралі хлеб той…»

Першая спадарыня: «Гэта ж сьмех курам! Яны зьдзекуюцца, сьмяюцца зь людзей. Гэта ганьба — яны зьневажаюць людзей… Я ўжо на каўбасу і не гляджу ўвогуле. Такую якую сасіску таньнейшую… Няўжо гэта жыцьцё? Зьдзек сапраўдны…»

Пэнсіянэрка кажа, што ў росьце цэнаў вінаватыя ўлады:

«Канечне, ўлады, кіраўніцтва давяло. Аляксандру Рыгоравічу ў вочы б сказала, што давяло кіраўніцтва. Я не баюся гэтага, мне ня страшна нічога, бо гэта — праўда. Так зьдзекавацца зь людзей, асабліва з нашага пакаленьня…»

Карэспандэнт: «А галасаваць за яго будзеце?»

Пэнсіянэрка: «Не, я ня буду за яго галасаваць. Хопіць яму, сямнаццаць гадоў — дастаткова».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG