Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь аб’ядноўваецца з эканамічнымі аўтсайдэрамі кантынэнту»


Партыя БНФ аб’явіла бестэрміновую кампанію супраць уваходжаньня Беларусі ў Эўразійскі эканамічны саюз. Партыя таксама выступае супраць удзелу ў «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі, ЭўрАзЭС, Мытным саюзе. Як ставяцца да ініцыятывы БНФ у іншых партыях і рухах?

Падчас кампаніі Партыя БНФ найперш разьлічвае распаўсюдзіць друкаваныя матэрыялы па кватэрах, па рынках, на прахадных, у транспарце. Пасьля гэтага, як заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, беларусы змогуць выказаць у пэўных формах стаўленьне да інтэграцыйных ініцыятываў.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Гэта патрабуе неадкладнай рэакцыі з боку незалежнага грамадзтва, і бестэрміновай гэтую кампанію мы назвалі, бо ня ставім пэўныя тэрміны. Аднак мы спадзяемся, што яна ўсё ж скончыцца посьпехам, колькі б часу гэта ні запатрабавала. А менавіта тым, што Беларусь спыніць вось гэтае паглыбленьне інтэграцыі з Расеяй, якое адбываецца пад поўным кантролем Расеі, і, можа, нават выйдзе з усіх цяперашніх утварэньняў».

Чым небясьпечныя інтэграцыйныя праекты, супраць удзелу ў якіх выказваецца партыя БНФ, — саюзная дзяржава Беларусі і Расеі, ЭўрАзЭС, Мытны саюз, Эўразійскі Зьвяз?

«Усе гэтыя працэсы інсьпіраваныя Расеяй і кантралююцца Крамлём. Адпаведна, ад самага пачатку закладаецца магчымасьць і вялікая небясьпека страты палітычнага сувэрэнітэту Беларусі. Апроч таго, тое, што тычыцца эканомікі, — мы перакананыя, гэта не прынясе нейкіх выгодаў. Бо гэтая група краінаў, зь якімі Беларусь зараз аб’ядноўваецца, — гэта, фактычна, эканамічныя аўтсайдэры нашага кантынэнту. І аб’ядноўвацца зь імі супярэчыць ня толькі нашым каштоўнасьцям, аднак і здароваму сэнсу, нашым эканамічным інтарэсам і інтарэсам кожнага беларуса».

Кампанію Партыя БНФ распачала ў сувязі з тым, што інтэграцыйныя працэсы набываюць новую дынаміку і падпісаны шэраг небясьпечных дакумэнтаў, лічыць спадар Янукевіч. Ён таксама разьлічвае на падтрымку ў шэрагах «кааліцыі шасьці».

Леў Марголін

Леў Марголін

Паводле намесьніка старшыні АГП Льва Марголіна, яго партыя трымаецца больш практычнай тактыкі: калі Партыя БНФ прапануе нейкія канкрэтныя дзеяньні, то яны будуць абмяркоўвацца. Спадар Марголін адзначыў, што ўступленьне ў Эўразійскі Зьвяз — ня самы лепшы шлях для беларускай эканомікі.

«Расея зьбіраецца бліжэйшым часам далучыцца да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. А Беларусь пра гэта пакуль што і ня марыць. І тады адчыняецца вуліца з аднабаковым рухам. Тавары з Эўразьвязу будуць ісьці на гэтую прастору безь ніякіх абмежаваньняў. А вось супраць беларускіх тавараў УГА і Эўразьвяз могуць рабіць любыя перашкоды. І мы нічога ня зможам рабіць, бо мы ж ня сябра гэтай арганізацыі».

Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

Сябра кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута сказаў, што Партыя БНФ пакуль нічога не паведаміла пра сваю ініцыятыву.

«Тое, што ўсе інтэграцыйныя спробы Аляксандра Лукашэнкі сканчаюцца нічым, вядома і нам, і Партыі БНФ, і нават расейскаму кіраўніцтву. Хутчэй за ўсё, і спроба стварэньня Эўразійскай эканамічнай прасторы скончыцца нічым. Дык якую кампанію можна праводзіць? Тлумачальную — трэба праводзіць. І, напэўна, калі нешта будзе вядома — і наконт Эўразійскай эканамічнай прасторы, і наконт пазыцыі іншых дэмакратычных сілаў, — хутчэй за ўсё, мы будзем прымаць у такой кампаніі ўдзел. Я думаю, што калі нешта будзе пагражаць, мы ўсе гэта адчуем. Пакуль што мы бачым чарговую паперку, якая падпісаная напярэдадні чарговых выбараў у Расеі. Калі трэба нешта прадэманстраваць, каб супакоіць па-імпэрску настроены электарат у Расеі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG