Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мінулыя выходныя тысячы дэманстрантаў зноў выйшлі на акцыю пратэсту на плошчы Тахрыр у сталіцы Эгіпту Каіры. Яны выступаюць супраць часовых вайсковых ўладаў краіны. У выніку сутыкненьня зь сіламі правапарадку загінулі ня менш як 13 чалавек, сотні былі параненыя. Праз тыдзень у Эгіпце пачынаюцца выбары.

Хваляваньні ў Эгіпце адбываюцца ўжо некалькі тыдняў. Але маніфэстацыі ў мінулыя суботу і нядзелю былі самымі масавымі за апошнія месяцы. Акрамя сталіцы яны прайшлі таксама ў Суэцы, Александрыі і Асуане.

Удзельнікі дэманстрацый пратэстуюць супраць адсутнасьці палітычных і эканамічных зьменаў у краіне. Іх абурэньне выклікаў праект канстытуцыі, прапанаваны часовым ваенным урадам краіны на чале з фэльдмаршалам Мухамадам Тантаві. Паводле праекту, кіраўніцтва ўзброенымі сіламі хоча захаваць вялікія ўладныя паўнамоцтвы і пасьля таго, як у краіне пройдуць выбары.

У нядзелю дэманстранты закідвалі паліцыю і паліцэйскія бронетранспартэры камянямі і бутэлькамі з запальнай сумесьсю. Сілы правапарадку адказвалі сьлезацечным газам і гумовымі кулямі.

Сутычкі ўдзельнікаў акцыі пратэсту з паліцыяй працягваліся ўсю мінулую ноч. У выніку сутычак загінулі два чалавекі ў суботу і прынамсі 11 чалавек у нядзелю, каля 900 чалавек, у тым ліку 40 паліцыянтаў і вайскоўцаў, былі параненыя.

Падчас маніфэстацыі яе ўдзельнікі скандавалі лёзунг часоў сёлетняй лютаўскай рэвалюцыі – «Народ хоча скінуць рэжым», і таксама «Паліцыя – злодзеі і забойцы», а таксама «Далоў маршала» (маецца на ўвазе часовы кіраўнік Эгіпту Тантаві).



Парлямэнцкія выбары ў Эгіпце пачнуцца 28 лістапада і пройдуць у некалькі этапаў: у розных рэгіёнах краіны выбары ў ніжнюю палату парлямэнту працягнуцца да 10 студзеня наступнага году, 29 студзеня пачнуцца выбары верхняй палаты парлямэнту якія завершацца толькі 11 сакавіка.

Часовы ўрад Эгіпту выступіў з заявай, у якой гаворыцца, што ўлады шкадуюць аб тым, што адбываецца на плошчы Тахрыр, аднак выбары адбудуцца згодна з плянам.

Паводле прагнозаў, найбольшыя шанцы на посьпех на выбарах маюць добра арганізаваныя ісламісты, у прыватнасьці, таварыства «Браты-мусульмане», якое пры Мубараку існавала ў паўлегальным стане.

Цяперашнія пратэсты зноў аб'ядналі, цяпер ужо супраць часовай ваеннай улады, ісламістаў і больш лібэральнае кола моладзевых актывістаў, якія былі ўдарнай сілай зімовай рэвалюцыі. Калі пасьля пятнічнай малітвы на мінулым тыдні на плошчы былі пераважна прыхільнікі братоў-мусульманаў, то ў выходныя на плошчу Тахрыр выйшлі пераважна тыя, хто змагаўся ў студзені-лютым. «Мы выйшлі, каб абараніць і завяршыць нашу рэвалюцыю», кажуць яны.

Разам з тым адносіны паміж гэтымі групамі эгіпэцкага палітычнага поля не пазбаўленыя супярэчнасьцяў. Лібэральныя палітычныя сілы дамагаюцца канстытуцыйнага замацаваньня грамадзянскіх свабодаў да таго, як паўстане ісламісцкая большасьць парлямэнту. Дзейнае вайсковае кіраўніцтва краіны згоднае з гэтымі пажаданьнямі, але прапануе свой шлях іх дасягненьня – каб у канстытуцыйным камітэце дзьве траціны складалі яго прызначэнцы.

Аднак жорсткія дзеяньні паліцыі ў мінулыя выходныя ізноў аб'ядналі палітычных апанэнтаў. Самы вядомы лідэр лібэральнага крыла, былы кіраўнік МАГАТЭ Мухамад аль-Барадэй асудзіў паліцэйскі гвалт і заклікаў да стварэньня ўраду нацыянальнага адзінства з уключэньнем у яго прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў. Яго падтрымалі некаторыя моладзевыя арганізацыі, якія арганізавалі цяперашнія маніфэстацыі. У заявах некаторых зь іх патрабуецца стварыць цывільны ўрад неадкладна, не чакаючы вынікаў выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG