Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этап як від катаваньня


«Cталыпін» — вагон, у якім этапуюць асуджаных

«Cталыпін» — вагон, у якім этапуюць асуджаных

Тэмы выпуску:

«Тое, што адбываецца з Андрэем Саньнiкавым, нават цяжка камэнтаваць». З чытацкіх допісаў

Як судзілі за «антысавецкія выказваньні». Беларускія турмы, гісторыя і сучаснасьць

Этап як від катаваньня. Турма і здароўе


Свабода ў турмах, 19 лістапада 2011, частка 1


Свабода ў турмах, 19 лістапада 2011, частка 2




ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ


«Тое, што адбываецца з Андрэем Саньнiкавым, нават цяжка камэнтаваць! Да яго не дапускаюць адваката, а родныя зноў ня маюць інфармацыі пра яго. Ён закладнік». Так пішуць у сваіх камэнтарах наведнікі нашага сайту ў сувязі з чарговым этапаваньнем палітвязьня.

«Частае этапаваньне Саньнікава палохае ўжо само па сабе, – адзначае наша чытачка Галіна. – Нядаўна адзін знаёмы вярнуўся з калёніі. Распавядаў, што самае жудаснае з таго, што ён перажыў, – гэта этапаваньне. Ехалі чалавек 20 у стандартным купэ дзесьці трое сутак – падоўгу стаялі на станцыях . У прыбіральню за ўвесь час выпускалі толькі некалькі разоў, прычым так, што ня ўсе пасьпявалі справіць свае патрэбы. Вагон практычна не ацяпляўся. Добра, што тэрыторыя Беларусі не такая ўжо вялікая.

Цікава, ці гэта такая норма ў нас па перавозцы зьняволеных – або гэта парушэньне? Калі размова ідзе пра парушэньні, то з каго за гэта пытацца?»

«Нормы перавозкі, вядома, ёсьць, але хто ў Беларусі выконвае якія нормы? – адказвае пытаньнем на пытаньне Ганна, як яна падпісалася, жонка асуджанага. – Скардзіцца няма каму, бо даказаць, што цябе ня так везьлі, немагчыма. Скардзіцца ты пачнеш, калі ўжо даехаў, а хто пацьвердзіць? Тыя, каго везьлі разам з табой? Ні за што! Ім потым такое зробяць, што «сталыпін» падасца раем зямным».

«Зьняволеных проста возяць з працяглымі прыпынкамі на перасылцы»

Пра этапаваньне як спосаб катаваць зьняволеных напісала ў нашу праграму Алёна Красоўская-Касьпяровіч, якая прадстаўляе праваабарончую ініцыятыву «Плятформа». Гэтая арганізацыя рэгулярна атрымлівае скаргі грамадзянаў адносна парушэньня чалавечых правоў падчас этапаваньня.

«Перасылка», канвой, этап

«Перасылка», канвой, этап

«Шлях ад Менску да Воршы нават не на хуткім цягніку, а на электрычцы займае звычайна некалькі гадзін. Калі размова ідзе пра «сталыпін» — вагон, у якім этапуюць асуджаных, — такая дарога можа цягнуцца некалькі дзён. Назваць гэта яздой надзвычай цяжка. Вагон часта адчапляецца і прычапляецца да розных цягнікоў, вялікую частку часу «сталыпін» чакае «свайго» цягніка дзе-небудзь на запасным шляху. Сваякі асуджаных ня сьпяць і хвалююцца, што здарылася зь іхнымі блізкімі, ад якіх няма аніякіх вестак. А блізкіх проста возяць з працяглымі прыпынкамі на перасылцы ды пераездамі з адной вобласьці ў іншую. Так на шляху зь Менску ў Воршу можна, напрыклад, заехаць у Магілёў, у перасыльную турму. І правесьці там некалькі дзён ва ўмовах антысанітарыі, на матрацы з вошамі. Потым ізноў сесьці ў «сталыпін» і паехаць у Віцебск ці Берасьце і спыніцца ўжо ў тамтэйшай турме. Катацца можна шмат. Хоць чыгуначныя зносіны ў Беларусі наладжаныя някепска, цягнікі ходзяць ва ўсе магчымыя і немагчымыя куткі краіны. Але, відавочна, кіраўніцтва МУС бачыць нейкі сэнс у гэтым нерэальна працяглым этапаваньні, выдзяляючы на яго багата сілаў і сродкаў.

Мяркую, лёгіка такая: навошта арганізоўваць аўтазакі, ахову ўсяго толькі для аднаго-двух зэкаў, якіх, напрыклад, этапуюць зь Менску ў Воршу? Нашмат прасьцей у самых розных кутках краіны пакрысе зьбіраць у вагон гэтых «аршанцаў», а потым ужо разам давезьці іх да месца і арганізаваць ім «сустрэчу» паводле ўсіх правілаў. Хай такі шлях і працягнецца тыдзень і хай умовы гэтай перасылкі будуць проста жудасныя».

Тэму этапаваньня мы працягнем пры канцы праграмы ў рубрыцы «Турма і здароўе».

БЕЛАРУСКІЯ ТУРМЫ: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЬЦЬ


Кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў сабраў зьвесткі пра асуджаных судамі БССР дысыдэнтаў, а таксама пра ўраджэнцаў Беларусі, якія атрымалі прысуды ў іншых савецкіх рэспубліках. Дысыдэнты-беларусы траплялі за краты нават пры Гарбачове, у перабудову. Іх кідалі ў вязьніцы, вар’ятні, іх, як і ў сталінскія часы, высылалі зь Беларусі. Як лічаць самі колішнія беларускія савецкія іншадумцы, сёньня сытуацыя на Бацькаўшчыне мала зьмянілася. Тэму працягвае Сяргей Астраўцоў.

Беларусы, якіх судзілі за «антысавецкія выказваньні»

Сапраўды, калі вы зацікавіліся пытаньнем дысыдэнцтва ў Беларусі, то, хутчэй за ўсё, вам трапяцца прозьвішчы Кукабакі і Ханжанкова – яны самыя вядомыя. Гісторык Ігар Кузьняцоў непасрэдна вывучаў гэтую праблему. Яму ўдалося высьветліць прозьвішчы тых, хто быў пакараны пасьля 1960-га за «антысаветчыну».

Паводле Кузьняцова, калі ў той жа Маскве дысыдэнцтва мела хоць нейкую публічнасьць, то ў Беларусі ўсе суды праходзілі ў закрытым рэжыме. Узяць таго ж Ханжанкова, які жыве ў Менску, якога судзілі за тое, што ён хацеў падарваць вежу-радыёглушылку – шырока пра гэта стала вядома толькі пасьля перабудовы.

Ігар Кузьняцоў

Ігар Кузьняцоў

Кузьняцоў: «Я склаў сьпіс тых, хто быў асуджаны за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» з 1961 да 1987 году. У сьпісе каля пяцідзесяці беларускіх дысыдэнтаў, але пра лёсы іх практычна нічога не вядома, вось у чым пытаньне. Хтосьці зьехаў кудысьці, хтосьці памёр ужо. І таму толькі па адзінках мы можам даведацца, як іхны лёс склаўся. Рэальны прыклад жывога дысыдэнта — гэта Ханжанкоў. Усё, больш мы ня ведаем. Хоць зь ім былі асуджаныя тры чалавекі ў гэтай справе, але ён і сам ня ведае, як склаліся лёсы ягоных, так бы мовіць, падзельнікаў…»

Дваццаць восем чалавек у гэтым сьпісе – тыя, хто асуджаны судамі БССР: Вярхоўным і абласнымі, а таксама трыбуналамі. Вось некаторыя прозьвішчы: Ніна Барбарчук, Эдуард Гарачы, Леапольд Грынблат, Ёсіф Міладоўскі.

У архівах расейскага «Мэмарыялу» Ігар Кузьняцоў знайшоў прозьвішчы ўраджэнцаў Беларусі, якіх судзілі за межамі рэспублікі. Назавем некалькіх зь іх: Віктар Валодзькін, Аляксандар Галдовіч, Павал Грашчанка, Аляксандар Казак, Аркадзь Купцэвіч, Мікалай Маліноўскі, Аляксандар Мацкевіч.

Беларусаў саджалі нават пры Гарбачове і высылалі ў Кемерава

Нельга не заўважыць, што дысыдэнты-беларусы траплялі за краты нават пры Гарбачове, у перабудову. За што іх судзілі?

Кузьняцоў: «Артыкул гэты – славуты 58-ы Крымінальнага кодэксу РСФСР «Контррэвалюцыйная дзейнасьць» і, адпаведна, 63-ці, 74-ты артыкулы Крымінальнага кодэксу БССР: самая распаўсюджаная адказнасьць, па якой прыцягваліся, – гэта артыкул 58-10, «Антысавецкая агітацыя і прапаганда». У Крымінальным кодэксе пазьнейшага часу гэты артыкул быў відазьменены, але зноў-такі – усе, хто прыцягваўся, яны прыцягваліся за так званыя «антысавецкія выказваньні». І калі пачалася перабудова ў 1985 годзе, гэтая машына яшчэ па інэрцыі працавала не адзін год. Мы яшчэ проста мала ведаем. Калі ўзяць судовую практыку – 1986, 1987 гады, – то мы знойдзем не адну справу, па колькасьці яшчэ, можа, болей спраў, чым тыя, што былі ў 1960-я гады. Па інэрцыі за антысавецкую прапаганду засуджвалі нават у пачатковы час перабудовы».

Ігар Кузьняцоў зьвяртае ўвагу на тое, што дысыдэнтаў ня толькі саджалі за краты, але ў некаторых выпадках і высылалі зь Беларусі, што практыкавалася раней, у сталінскія часы. На якія тэрміны садзілі дысыдэнтаў?

Сяргей Ханжанкоў у маладосьці

Сяргей Ханжанкоў у маладосьці

Кузьняцоў: «Ханжанкову далі дзесяць гадоў папраўча-працоўных лягераў, ён быў у тых славутых мардоўскіх лягерах разам з Даніэлем. Словам, калі бачылі, што чалавек выношваў намеры, то давалі па максымуме. У асноўным дзесяць гадоў давалі ў 1960–70-я гады. А хто як саўдзельнік праходзіў, таму маглі даць пяць гадоў, яшчэ давалі тры гады. Ужывалася таксама такая мера, як высылка. Зь Беларусі маглі выслаць у Кемерава. Дарэчы, па гэтых справах мы менш за ўсё маем інфармацыі – бо людзям давалі ня тэрміны, а высылалі іх і абмяжоўвалі ў грамадзянскіх правах».

Браніслаў Ржэўскі і «наш дорогой Константин Михайлович Якубколос...»

Самым, бадай, заўважным гарадзенскім дысыдэнтам стаў выкладчык пэдінстытуту Браніслаў Ржэўскі. Хоць зь ім знаёмыя былі пісьменьнікі Янка Брыль і Аляксей Карпюк, яго прозьвішча стала больш-менш вядомым толькі ў апошні час. Гаворыць гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч:

Андрэй Вашкевіч

Андрэй Вашкевіч

«Сапраўднае яго імя было Браніслаў, хоць пісаўся ён — Барыс, і ня Ржэўскі, а – Ржэвускі, каталіцкае прозьвішча. Сам ён паходзіў з Новай Мышы каля Баранавічаў. Падчас вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. Наколькі ведаю, ён меў нейкае дачыненьне да беларускага нацыянальнага руху яшчэ ў даваенны пэрыяд, хоць гэтае пытаньне трэба дасьледаваць асобна. Ён друкаваў партызанскія газэты, быў рэдактарам. Натуральна, ён быў камуністам ідэйным, перакананым, але камуністам, які лічыў, што ёсьць неразрыўная сувязь паміж нацыянальнымі каштоўнасьцямі і камунізмам. Такіх людзей у тыя часы было досыць шмат, успомніць хаця б паэта Валянціна Таўлая, іншых заходнебеларускіх палітычных вязьняў: камуністаў, паэтаў, пісьменьнікаў».

Браніслаў Ржэўскі накіраваў у ЦК КПБ ліст у абарону беларускай мовы.

Вашкевіч: «І яго жаданьне зьмяніць сытуацыю зь беларускай мовай, спыніць русыфікацыю было абсалютна шчырым. Наіўным, вядома, але гэта ня быў чалавек, зьвязаны зь нейкай антысавецкай дзейнасьцю. Гарадзенцы пра яго ўспамінаюць да сёньняшняга дня, тыя, хто ў той час вучыўся, як потым прыходзіў начальнік КДБ і выступаў перад студэнтамі. І размова ішла менавіта пра тое, што Ржэўскі зьдзейсьніў нейкую антысавецкую правакацыю – ледзь не віншаваў Эйзэнхаўэра з абраньнем прэзыдэнтам».
Сярэдзіна 1950-х. За трыбунай выступае Аляксей Карпюк. Барыс Ржэўскі за сталом пасярэдзіне. Здымак з сайту harodnia.com

Сярэдзіна 1950-х. За трыбунай выступае Аляксей Карпюк. Барыс Ржэўскі за сталом пасярэдзіне. Здымак з сайту harodnia.com

Браніслаў Ржэўскі пісаў у ЦК КПБ: «Нават на шматлюдным пахаваньні Якуба Коласа галоўны ідэоляг БССР... афіцыйны жаль агучваў з урадавай трыбуны па паперцы ды па-руску, паныла паўтараючы: «Наш дорогой Константин Михайлович Якубколос...»

Вашкевіч: «Васіль Быкаў вельмі добра апісаў гэтую сытуацыю, што Ржэўскі не хаваў сваіх поглядаў, ён не лічыў свае дзеяньні антысавецкімі, ён проста напісаў ліст у падтрымку беларускай мовы. А паколькі ён адкрыта гэта гаварыў, то, натуральна, знайшліся людзі, каторыя адразу яго «здалі». А здарылася гэта калі: 1957 год, адліга ва ўсю была, памёр Якуб Колас. Ржэўскаму далі шэсьць гадоў лягераў».

Браніслаў Ржэўскі за абарону беларускай мовы адседзеў у лягеры ў Мардовіі чатыры гады. Пасьля вызваленьня жыў у Баранавічах, памёр у 1980-м годзе, кажа гісторык Андрэй Вашкевіч.

На жаль, у становішчы беларускай мовы ў Беларусі з таго часу няшмат зьмянілася, яна па-ранейшаму застаецца пад пагрозай. Іншыя рэаліі хрушчоўскіх часоў таксама вельмі нагадваюць сёньняшнія. Гісторык Ігар Кузьняцоў аналізуе праект праграмы будучай арганізацыі, які быў створаны ў Менску Сяргеем Ханжанковым у лістападзе 1962 году.

«Мы маем права толькі вітаць рашэньні партыі і ўраду, – пісаў Сяргей Ханжанкоў. – Калі кіраўніцтва палічыць патрэбным, яно можа ўвогуле не паведамляць пра свае рашэньні. Улады заглушаюць радыёперадачы на рускай мове з-за мяжы, забараняюць увоз часопісаў і газэт капіталістычных краінаў. У выніку ўсяго гэтага лад наш мае яшчэ адзін надзвычай моцны недахоп: ён бездапаможны перад асобай любога авантурыста, варта яму толькі ўзяць уладу ў свае рукі».

Сяргей Ханжанкоў: Нічога не зьмянілася

Трэба сказаць, што Сяргей Ханжанкоў, пішучы гэтыя радкі, гаварыў тады не пра Беларусь асобна, а – пра Расею, маючы на ўвазе СССР агулам.

Кузьняцоў: «Сытуацыя савецкага часу вельмі мне нагадвае як гісторыку тое, што адбываецца сёньня. Гэта сумна, што сындром 1937 году сядзіць у галовах, думаю, што безь перабольшаньня скажу – васьмідзесяці, а то й дзевяноста працэнтаў нашага насельніцтва. У савецкі час былі элемэнты дэмакратыі, хоць партыя ўзурпавала ўладу. Сёньня чалавек поўнасьцю бяспраўны, ён ня можа нікуды зьвярнуцца. Калі браць вышэйшае кіраўніцтва: так, быў генэральны сакратар, але было й Палітбюро. Хай яны былі там старыя, але рашэньне фармальна прымалася калектыўна. Сёньня ў нашай краіне рашэньне прымае адзін чалавек – па ўсіх пытаньнях. Словам, у параўнаньні з савецкім часам я знаходжу пагаршэньне сытуацыі па шмат якіх пазыцыях».

Сяргей Ханжанкоў

Сяргей Ханжанкоў

​Яшчэ адна цытата з праграмнага дакумэнту 1962 году аўтарства дысыдэнта Сяргея Ханжанкова: «Пераважная маса людзей ня мае ніякіх грамадзкіх мэтаў і памкненьняў. Вось тады і зьяўляецца самы галоўны недахоп ладу: ён ня можа даць людзям ідэі, якія павялі б іх наперад, ён ператварыў чалавека ў абывацеля. Ён разьвівае ў чалавеку беспрынцыповасьць, баязьлівасьць, сьляпое падпарадкаваньне. Зьніклі такія паняцьці, як гонар, чалавечая годнасьць, імкненьне да свабоды, да праўды. Карацей кажучы, чалавек перастаў існаваць як асоба».

Кузьняцоў: «Савецкая сыстэма пэрыяду 1960–70-х гадоў зь яе прынцыпамі ў асноўным захавалася ў нас сёньня, толькі зь іншымі шыльдамі. У нас, я лічу, сытуацыя яшчэ больш пагоршылася ў тым сэнсе, што раней, за савецкім часам, была «жалезная заслона», замкнёная прастора, адсутнасьць свабоды. Адсутнасьць таксама жаданьня ў людзей, яно было здушана рэпрэсіямі, ідэалягічнай апрацоўкай, якая з 1917 году не спынялася ні на дзень. Уласна кажучы, не хавалася, што савецкі чалавек – ён ні да чаго не імкнецца, яму хапае задавальненьня мінімальных патрэбаў і ён бясконца павінен быць адданы гэтай уладзе. Дык у нас гэтая мадэль на сёньняшні дзень абсалютна не зьмянілася. Хоць жыцьцё і стала, безумоўна, крыху іншым».

Паводле гісторыка, сёньня беларусы апусьцілі галовы, яны баяцца пратэставаць, хаця заробкі абясцэніліся ў некалькі разоў, а цэны ў некалькі разоў вырасьлі. Людзі баяцца: па-ранейшаму ў Беларусі судзяць за іншадумства. Дысыдэнт Ханжанкоў у 1962 годзе быццам бы прадбачыў становішча беларусаў сёньня – у лістападзе 2011 году.

Кузьняцоў: «Калі мы возьмем праграму Ханжанкова, то сёньня ідэнтычная сытуацыя. Адзінае, што няма «жалезнай заслоны», ёсьць магчымасьць пакінуць нашу тэрыторыю без наступстваў пакуль. Але адсутнасьць жаданьня атрымаць свабоду, адсутнасьць жаданьня нават адстойваць свае элемэнтарныя эканамічныя правы ва ўмовах неймавернага росту цэнаў, інфляцыі – гэта самы трывожны сымптом часу».

Сам Сяргей Ханжанкоў у размове са «Свабодай» у гэтай сувязі сказаў:

Ханжанкоў: «З часоў савецкай улады ў нас нічога не зьмянілася. У нас няма ані суду, ані сьледзтва. У нас ёсьць тэлефоннае права – права моцнага. Хто плаціць, той і музыку заказвае".

ТУРМА І ЗДАРОЎЕ


Этап як від катаваньня

Умовы перавозкі, або этапаваньня вязьняў у Беларусі праваабаронцы прыраўноўваюць да катаваньня. Зьняволеных этапуюць ня толькі ў неабходных выпадках – напрыклад, са сьледчага ізалятара ў калёнію пасьля вынясеньня прысуду. Пераганяць вязьняў па этапе – адзін са спосабаў уплываць на іх празь фізычныя і маральныя пакуты. Менавіта гэткім чынам цяпер, як стала вядома, катуюць палітзьняволенага, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Тэму працягне Тацяна Поклад.

Самі зьняволеныя ды іх сваякі сьведчаць, што этапаваньне ў беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме – рэч надзвычай цяжкая і пакутлівая, а канвой мае права абыходзіцца зь вязьнямі ў часе этапаў асабліва жорстка.

Жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп:

Ірына Халіп

Ірына Халіп

«Раней Андрэю выразна сказалі, што калі будзе чарговы шум у СМІ ў сувязі з «прэсаваньнем», сур’ёзным ціскам і г.д, то зь ім абыдуцца вельмі проста. Адміністрацыя скажа, што яна ня ў стане забясьпечыць яго далейшую бясьпеку, і ён паедзе далей па этапе, будзе матляцца па перасылках усю астатнюю частку свайго тэрміну. Ніхто ня будзе ведаць, дзе ён, яго будуць кідаць з турмы ў турму. То бок гэта была канкрэтная пагроза: «Калі нехта нешта «вякне», ты пойдзеш па этапе».

Ісьці па этапе

Што азначае «ісьці па этапе» і чаму гэта так пакутліва для зьняволеных? Этап для асуджанага пачынаецца з загаду тэрмінова сабраць рэчы. Дакладны час адпраўкі не паведамляюць, трэба быць напагатове і чакаць. Пасьля асабліва пільнага «шмону» зьняволеных з рэчамі загружаюць у спэцаўтамабілі – аўтазакі.

Паводле праваабаронцаў, гэты аўтазак не адпавядае патрабаваньням артыкула № 3 Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў, якая забараняе катаваньні і іншыя формы прыніжэньня чалавечай годнасьці.

Асабліва цяжкае этапаваньне для жанчын, з прычыны фізіялягічных ды псыхалягічных асаблівасьцяў. Некаторыя міжнародныя экспэрты прыраўноўваюць этапаваньне да катаваньня.

28-гадовую Натальлю, якая чакала прысуду ў зьвязку з абвінавачаньнем у эканамічным злачынстве на «Валадарцы», этапавалі зь Менску на «зону» летась, у самую сьпёку. Расказвае яе маці:

«Праўдападобна, яны выбралі самы гарачы дзень, калі ў паветры было +37. Іх напхалі, як селядцоў, у мэталічны грузавік. Да таго ж яшчэ рэчы. Кожны мае права везьці з сабой 30 кг. Можаце сабе ўявіць, якая тэмпэратура была там усярэдзіне, дзе знаходзілася Наташа».

Маці Натальлі распавяла, што ў аўтазаку было шмат хворых жанчын, антысанітарыя, а потым яе дачка доўга лекавалася ад скурных ды рэсьпіратарных захворваньняў.

У інтэрнэце можна пабачыць, як выглядаюць аўтазакі. Есьць афіцыйныя расповеды з фотаздымкамі і апісаньнямі як аўтазакаў, так і «сталыпінскіх» вагонаў, пра якія размова далей. А журналісты парталу Delfi з суседняй Літвы зьмясьцілі падрабязнае відэа аўтамабіляў, у якіх перавозяць зьняволеных цяпер, а таксама старога аўтазака, у якім вазілі раней. Пра гэты стары аўтазак «ГАЗ» расказаў начальнік пададдзелу апэратыўнага кіраваньня службы грамадзкай бясьпекі палкоўнік-лейтэнант Повілас Андрэевас, які сам шмат гадоў у ім вазіў зьняволеных у 1990-я гады:

«Улетку там сьпёка, узімку – холад, тэмпэратура, як на вуліцы. Ну, самі разумееце – гэта жалеза, бляшанка, тое самае, што ў бляшанцы везьці. Цяжка і канваірам, і зьняволеным. Гэта праца цяжкая і для канваіраў, трэба быць у добрай фізычнай форме. Ну, а зьняволеным трэба цярпець… Трохі ёсьць абагрэў узімку, усё ж тэмпэратура плюсавая бывае, хаця, вядома, сьцюдзёна, а ўлетку найгорш, бо награецца, як у бляшанцы».

Ці канвою дазволена ўсё?

«Гэта такія самыя аўтазакі, на якіх вазілі зьняволеных і ў Літве раней, і ў Беларусі дасюль возяць, – з такімі словамі даслаў мне гэтую спасылку былы зьняволены Валеры Савянкоў зь Вільні, які цяпер займаецца праваабарончай дзейнасьцю. Валеры Савянкоў адзначае, што канвойныя маюць права абыходзіцца ў часе этапаваньня са зьняволенымі асабліва жорстка, у тым ліку, магчыма, і забіць, каб забясьпечыць парадак. Але інструкцыі, якія маюць канваіры – таямніца.

«Галоўнае – забясьпечыць парадак, каб не ўцяклі, не напалі на канвой, яшчэ чаго каб ня здарылася – а якімі сродкамі гэта забясьпечваецца, ня важна, канвою ўсё дазволена», – адзначае Савянкоў.

«Я праводзіў працэс у Віленскім адміністрацыйным судзе супраць палка Віленскай канвойнай роты за іх жорсткае абыходжаньне з тымі, каго вязуць у гэтых задушлівых машынах, дзе няма вэнтыляцыі і куды запіхваюць бітком, як селядцоў, колькі ўлезе. У мароз там абмарозісься, пакуль даедзеш. А ўлетку – задыхнесься.

І суду ўсе гэтыя дакумэнты пра нормы, колькі і як павінны перавозіць, былі пададзеныя ў закрытай форме, яны не агалошваліся. Я вымушаны быў сам намаляваць такую схему, варанок гэты, колькі нас там было. І што ж – судзьдзя не паверыла, што столькі можна было напхаць, таму што нават фатаздымак той машыны нельга было да справы далучыць. І што да нейкіх нормаў, дык усё – таямніца. Тады я знаёміўся са справай, калі падаваў скаргу, усё было ў закрытых канвэртах. І нават сёньня яны недаступныя, інструкцыі для канвойных ротаў – што ім можна і як. Гэта ўсё закрытая інфармацыя нават у нас».

Празь 10 гадоў Валеры Савянкоў, аднак, вырашыў перагледзець тую справу. З гэтай мэтай ён зьвярнуўся ў архіў адміністрацыйнага суду.

«Дзяўчаты-супрацоўніцы выдалі мне на рукі тую справу, каб я змог паглядзець яе, – працягвае Савянкоў. – Калі я ўзяў гэта, то не знайшоў там усіх папераў, пустыя канвэрты. Толькі прысуд – ну, вядома, які: канваіры выконвалі свае абавязкі, як належыць. Дык калі ў дэмакратычнай краіне так, то ў Беларусі можна сабе ўявіць як, пры тым, што і інструкцыі канвойных, пэўна, такія самыя, як савецкія».

«Сталыпіны»: у купэ да 40 чалавек

«Аўтазакі, уласна, яшчэ ня самае страшнае ў часе этапу, – распавяла Алена Красоўская-Касьпяровіч, праваабаронца з аб'яднаньня «Плятформа». – І вязуць зьняволеных у іх ня так доўга – да недалёкага іншага месца зьняволеньня альбо да бліжэйшай чыгункі. Самае цяжкае – гэта некалькі сутак па чыгунцы ў спэцыяльным вагоне, які называюць «сталыпінскім» або «сталыпіным».

«Знутры гэты вагон нагадвае купэйны, але вось толькі замест дзьвярэй краты і шыбы на вокнах з рыфленага шкла, празь якое ледзь праходзіць сьвятло і, натуральна, нічога ня бачна. У «сталыпіне» спэцыяльна зроблена так, што верхнія паліцы раскладаюцца ў адну суцэльную паліцу. Добра, калі ў такім купэ 20 чалавек. Найчасьцей могуць набіць чалавек 35–40. Пра магчымасьць ляжаць няма і размовы, усе сядзяць прыціснутыя адзін да аднаго ня толькі на паліцах, але і на падлозе».

Вязуць некалькі сутак.

Былы вязень Івацэвіцкай калёніі Зьміцер Каляда расказаў:

«Вельмі цяжка падчас этапаваньня спраўляць натуральныя патрэбы. Ведаю, што многія саромеюцца і церпяць. Напрыклад, у «сталыпіне», спэцыяльным вагоне-заку, калі выводзяць у прыбіральню, то дзьверы зачыняць забараняюць. А вертухаі стаяць і глядзяць. Вось і даводзіцца цярпець. Дзякуй Богу, адлегласьці невялікія, але болі былі».

«Этап – гэта жудасны шлях», – кажа колішні палітвязень, стваральнік інтэрнэт-праекту «Зона» Валер Леванеўскі. – «Ён вельмі моцна адбіваецца на псыхіцы, на агульным здароўі».

«Калі чалавек ідзе па этапе, у так званых перасыльных сталыпінскіх вагонах, там шмат інфікаваных, і ён рызыкуе падхапіць усё што заўгодна. Там бруд, паразыты, вошы, самыя розныя хваробы. Нездарма для ўсіх, хто прыбывае, існуе 15-дзённы карантын. Гэтых людзей трымаюць асобна, правяраюць на хваробы, мыюць і гэтак далей», – сьведчыць Валер Леванеўскі.

Этапаваньне ды перакідваньне зь месца на месца стварае яшчэ адну праблему для зьняволенага – да яго ўсе пачынаюць ставіцца падазрона. Гэта адзін са спосабаў катаваньня таксама, кажа Валеры Савянкоў зь Вільні:

«Усе вязьні глядзяць падазрона: можа, ты стукач? Пачынаюцца дадатковыя зэкаўскія праверкі, шмат праблемаў. Калі я даймаў начальства сваімі скаргамі, тым, што іншым дапамагаў скаргі пісаць, мяне таксама пачыналі перакідаць зь месца на месца – гэта адразу стварае праблемы. Мала таго, што пакутуеш, калі ганяюць па этапе, іншыя зэкі на цябе глядзяць ужо падазрона – маўляў, а чаму цябе перакідваюць? Можа, ты стукач, можа, накасячыў, можа яшчэ што».

Андрэй Бандарэнка: «Саньнікаву ўчынілі правакацыю»

Лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Плятформа», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка – адзін з аўтараў альтэрнатыўнай справаздачы пра катаваньні ў турмах Беларусі, зь якой 11 лістапада ён выступіў у камітэце ААН па правах чалавека ў Жэнэве. У размове са «Свабодай» ён выказаў сваю думку пра чарговае этапаваньне Саньнікава:

«Наколькі мне вядома, Андрэю Саньнікаву ўчынілі правакацыю, падчас якой спрабавалі яго дыскрэдытаваць. Абсалютна па-дурному, нетактоўна і, нават паводле тых мерак, непрафэсійна. Аднак пасьля таго, як у калёніі зразумелі, што ў іх нічога не атрымалася, яны, верагодна, паспрабуюць зрабіць чарговую спробу дыскрэдытацыі, ужо праз новае этапаваньне. Дэталяў пакуль агучыць не магу, аднак робіцца канкрэтная праца з тым, каб Саньнікаў выйшаў на волю абсалютна дыскрэдытаваным паводле любых надуманых падставаў. Каб усе адпаведна ставіліся да яго. Гэта ў выпадку, калі ён не падпіша прашэньне аб памілаваньні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG