Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прароцтвы гісторыка з Гарвардзкага ўнівэрсытэту


Ніэл Фэргюсон

Ніэл Фэргюсон

Праз 10 гадоў зона эўра будзе па-ранейшаму існаваць, і нават павялічыцца, тым часам цяперашні Эўразьвяз распадзецца, каб адрадзіцца ў іншым складзе і пад іншай назвай – прадбачыць знаны брытанскі гісторык з Гарвардзкага ўнівэрсытэту Ніэл Фэргюсон.

У сваім артыкуле ў суботнім «Wall Street Journal» ён прадстаўляе, крыху паўжартам, сваё бачаньне Эўропы ў 2021 годзе. Ён піша, што вынікам цяперашняга крызісу запазычаньняў у зоне эўра будзе стварэньне ў 2012 годзе «Злучаных Штатаў Эўропы», у якіх супольная фіскальная палітыка запэўніць тое, што краіны паўночнай Эўропы будуць утрымліваць эканоміку больш марнатраўных краін Эўропы паўднёвай, такіх як Грэцыя, Партугалія, Італія і Гішпанія.

Жыхары гэтых паўднёвых краін, у якіх беспрацоўе дасягне афіцыйна 20 адсоткаў, будуць занятыя ў шэрай гаспадарчай сфэры – «як пакаёўкі ды агароднікі для немцаў, якія ўсе без выключэньня будуць мець другі дом на сонечным поўдні».

У зону эўра – працягвае Фэргюсон – уступяць новыя краіны – Польшча, Літва, Латвія і Эстонія, якія стануць «узорнымі краінамі новай Эўропы, прыцягваючы нямецкія інвэстыцыі, дзякуючы сваім лінейным падаткам і адносна нізкім заробкам».

Зь пераназванага Эўразьвязу выйдзе Вялікабрытанія, згодна з вынікамі адпаведнага рэфэрэндуму. Ірляндыя ўвойдзе ў Аб'яднанае Каралеўства, каб ня мець клопатаў з удзелам у ЭЗ. Ад Эўразьвязу адлучацца таксама Данія, Швэцыя і Фінляндыя, якія разам з Нарвэгіяй і Ісьляндыяй утвораць «Скандынаўскую лігу».

У новых Злучаных Штатах Эўропы будзе 29 дзяржаваў, бо месца тых, якія выйшлі, зоймуць шэсьць маленькіх краін былой Югаславіі, а таксама Валёнія і Флямандыя, якія зьявяцца пасьля распаду Бэльгіі.

Сталіца новай фэдэрацыі будзе перанесеная з Брусэлю ў Вену, каб падкрэсьліць нямецкае дамінаваньне.

Фэргюсон робіць таксама прагнозы для Блізкага Ўсходу, але яны катастрафічныя. Ён прадбачыць, што ў наступным годзе Ізраіль атакуе ядзерныя аб'екты ў Іране, не зважаючы на пратэст ЗША, а Іран адкажа на гэта з дапамогай сваіх хаўрусьнікаў – радыкальных ісламістаў у Лібане і Сэктары Газы. Турцыя ўстане на бок Ірану ў вайне з Ізраілем, а ў Эгіпце прыйдуць да ўлады фундамэнталісты з Мусульманскага брацтва.

Іранская Варта рэвалюцыі – прадбачыць аўтар – захопіць адзін з амэрыканскіх караблёў у Пэрсыдзкай затоцы і возьме ягоны экіпаж як закладнікаў. Гэта будзе апошні цьвік у палітычную труну прэзыдэнта Абамы. Пасьля выбараў у ЗША праз год уладу ў Белым доме атрымае Міт Ромні.

Будучыню Беларусі гісторык-прарок не разглядаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG