Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня тая энэргія віруе ў Энэргіі


Калі ў менскіх альбо ў мар’інагорскіх аўтакасах вы замовіце квіток да Энэргіі, касіркі, у лепшым выпадку, на вас зьдзіўлена паглядзяць — ані ў кампутарах, ані ў маршрутных лістах кіроўцаў такі прыпынак ня значыцца. Хоць пасёлак — прыдарожны цэнтар аднайменнага аграгарадку, прыкладна за два дзесяткі кілямэтраў ад райцэнтру Пухавічы.

Аднак днямі назоў Энэргіі прагучаў у крымінальных зводках на ўсю краіну. Тры 22-гадовыя бэйбусы-сантэхнікі, нядаўнія выпускнікі ПТВ, ні з пушчы ні з поля ўзламалі 48 жалезабэтонных пралётаў ад платоў па ўсім паселішчы. У сельсавеце дагэтуль ламаюць галаву, дзе ўзяць больш за 2 мільёны рублёў на іх аднаўленьне. Заведзена й крымінальная справа.


…Ля Энэргіі кіроўца спыніўся на маё патрабаваньне. Паўз палетак да жытла ідзем зь дзяўчынай з вогненна-рудою капой валасоў і гераічным прозьвішчам Любоў Шаўцова — дарэчы, раман «Молодая гвардия» навучэнка 11 клясы мясцовай школы чытала. Як і ўсе ў Энэргіі, абмяркоўвае ў дарозе недарэчнае здарэньне.

Шаўцова: «Пасварыўся са сваёй дзяўчынай, напіўся, проста каб злосьць сваю сарваць, ён папсаваў плот. Яго адразу забралі ў міліцыю, яе выклікаў дырэктар. Ён прызнаўся, што ён гэта зрабіў. Іх утрох было, але ламаў толькі адзін — узяў на сябе. Плот так і не адноўлены…»

Дырэктар школы і адначасова настаўнік беларускай мовы, 49-гадовы спадар Прымака аказаўся на месцы. За 28 год, што ён жыве ў пасёлку, кажа, такое ўпершыню. Зьміцер Васільевіч нэрвова пацірае пальцы.
Мы ў свой час думалі, як сям’ю дагледзець, з жыльлём праблему рашыць. А ў іх усе праблемы зь дзяцінства да сталасьці рашаюць бацькі

Прымака: «Гэта было дзён 10 таму. Патэлефанавала мне жанчына-вартаўнік — пачула трэск ля клюбу аб 11-й вечара. Падышла і ўбачыла, што і ў нас няма пралётаў. Зламалі і каля ФАПу, ля крамы. Я адразу выклікаў міліцыю — яны, праўда, і не ўцякалі. Не сказаць, каб занадта, але пах быў ад хлопцаў. Я пытаюся: у чым сэнс? Кроў маладая, няма куды энэргію дзець…»

Карэспандэнт: «Чаму, на ваш погляд, энэргія маладых „вылятае“ ў выглядзе разбурэньня?»

Прымака: «У цяперашняй моладзі іншыя прыярытэты ў жыцьці, нагледзеўшыся фільмаў. Мы ў свой час думалі, як сям’ю дагледзець, з жыльлём праблему рашыць. А ў іх усе праблемы зь дзяцінства да сталасьці рашаюць бацькі…»

Спадар Прымака — адзіны, хто занатоўвае гісторыю пасёлка. Пытаюся, адкуль такі дзіўнаваты назоў.


Прымака: «Раней, да 27-га — 28-га гадоў, як пайшлі ў засьценкі, была вялікая вёска Жораўка. Як сталі прымусова расьсяляць, давалі назовы камсамольскія — вось і назвалі новы пасёлак Энэргія з вуліцай Цэнтральнай ды 12 хатамі. А ў 60-я гады, як стаў цэнтар калгасу, тры вуліцы яшчэ пабудавалі. У 80-х — 90-х гадах вялікі пасёлак быў — у мяне ў школе было 158 вучняў. Зараз ідзем у заняпад дэмаграфічны, эканамічны — дзяцей 30. Той сказаў, што малакамплектных школ не павінна быць. Як вырашыць райвыканкам — балянсуем на мяжы. Пытаньне ўзьнікала: бацькі пісалі, заявілі ўлады, што школу закрываць ня будуць. Але колькі год гэта будзе цягнуцца? Росту няма, па два чалавекі ідзе ў першую клясу, сёлета адзін. Дзіцячага садку няма — возяць на Сьвіслач…»

Карэспандэнт: «Спадар Зьміцер, змадэлюем сытуацыю — зачынілі школу, ня дай божа?»

Прымака: «Бяз школы вёска зачахне. Гэта адзінае сацыяльнае, культурнае апірышча. Што б ні было — сход, канцэрт — усё ў школе. І філія ў нас Сьвіслацкай музычнай школы з акардэонам, баянам, цымбаламі. А калі будуць вазіць і 1-шы, і 11-ты клясы — урокі будуць заканчвацца ў розныя часы. І што за чаканьнем з малымі можа здарыцца — невядома…»


У 2006-м Энэргія стала цэнтрам аднайменнага гарадка, дакладней — сельгаспрадпрыемства, бо адсталы калгас «Камсамолец» перадалі «на выцягваньне» Менскаму маторнаму заводу. Са спадаром Прымакам працягваем.

Карэспандэнт: «З аграгарадком хоць што-небудзь зьмянілася — на 80% плошчы стала ліхтароў?»

Прымака: «Стала — бывае, што і тыдзень, і два сьвятла няма. Заасфальтавалі вуліцу, але заробкі большыя ня сталі. Апошні дом быў пабудаваны ў 1995-м! Напэўна, таму ніхто сюды ня едзе, людзей меншае з кожным годам. Праўда, месца выгоднае — газ правялі, водаправод, як у горадзе жывем, сяліцца ды сяліцца. Але таму заводу гэтая нагрузка непатрэбная — крэдыты на жыльлё ня хочуць браць. Куплялі, калі нехта паміраў, звычайныя хаты — ідуць туды без даброт людзі, ведаеце, з-за чаго непатрабавальныя. Тут яшчэ ЦЭЦ-5 і Сьвіслач блізка — працаздольнае насельніцтва на 60% працуе там. А ў іхніх плянах было і кафэ, і будка з тэлефонам-аўтаматам….»

Карэспандэнт: «Аграгарадок на паперы?»

Прымака: «Можна так сказаць…»

Сытуацыю абмяркоўваем ужо ў праўленьні сельгасфіліі маторнага заводу «Энэргія» — такі афіцыйна назоў гаспадаркі. Бухгальтарка, спадарыня Тацьцяна Канавалава не хавае роспачы.


Канавалава: «У нас адзіная крама бяз выбару. А, дапусьцім, у чацьвер выходны, а я забылася — можна застацца бяз хлеба. А туды што прывезьлі, бярэш — малако, сыр няма дзе таньней узяць. Хацеў у нас адзін прыватную краму адкрыць, але яму не далі. У нас адно райпо, і цэны там немаленькія, манаполію трымаюць. На маршрутках цэны бяруць — выйдзеш на Вясёлым, а заплаціш, як зь Менску. Ёсьць нават такія, што тут не спыняюцца — у іх не прадугледжаны прыпынак. Будзеш рукамі-нагамі матляць — праляцяць! Моладзь, якая ёсьць, — зьяжджаюць. Нашай моладзі няма дзе правесьці час пасьля школы. Дзецям нельга хадзіць на дыскатэкі — яны да 24:00. Самы ж узрост, калі ім хочацца патанцаваць-пагуляць. Атрымліваецца ж, што той клюб фактычна пустуе. А ў вёсцы ж дзеці «актыўныя да 16 гадоў…»

Карэспандэнт: «Дык выпадак з пралётамі платоў — таксама вынік?..»

Канавалава: «Так-так, а чым заняцца?! У школе таксама няма аніякіх сэкцый. Вось яны і бураць тое, што бацькі пабудавалі. Даробім, сыдзем, а на наша месца няма каму прыйсьці. Заробкі тут маленькія — калі ў сярэднім палічыць, будзе мільён, але гэта ў сярэднім! А калі чалавеку езьдзіць — затраціць вялікія грошы на дарогу, і што будзе? У нас 75 працоўных і няма паляводаў — прывозім тых самых „хімікаў“ са Століна. Моладзь едзе ў Менск — маюць годныя заробкі, выходныя ў суботу і нядзелю. А тут жа мэханізатары ад золку да ночы і без выходных. І нішто не прываблівае іх, нават клюб. Сыходзіць энэргія з Энэргіі…»

* * *
У той дзень цётка Вольга Рэзьнік, старажылка Энэргіі, прыйшла дагледзець 3-гадовую ўнучку Сашачку — бацькі зьехалі па справах у Менск. Мы ж са спадарыняй Вольгай ударыліся ва ўспаміны.



Рэзьнік: «У брыгадзе ўсім працавала — ну іх да чортавай маці! (Сьмяецца.) Слухай, 41 год зь нечым — колькі калгас плаціў, такі і заробак быў…»

Карэспандэнт: «25 рублёў хрушчоўскія засталі?»

Рэзьнік: «Вой, я з 37 году — яшчэ і палачкі памятаю…»

Карэспандэнт: «І колькі пэнсіі вам далі?»

Рэзьнік: «Атрымлівала васямсот мо дваццаць, цяпер мо мільён дадуць. Я паехала ў Менск — 150 тысяч аддала, нічога не купіла!»

Карэспандэнт: «А што-небудзь трымаеце? Ці пасьля калгаса…»

Рэзьнік: «Не, інфаркт быў — цяпер куры трымаю і гародзік. Ой, тады як мы жылі! Я са сваім сышлася — і ў яго нічога, і ў мяне пара такая, што не заробіш нідзе. Сярод палеткаў зрабілі нейкую будачку-хатачку. Сашачка, зачыняй, бо гола! Зараз прыйду!»

Вярнулася кабета па-баявому настроеная.

Рэзьнік: «Каб гэта ў якое радзіва сказаць — што гэта робіце вы, тыя, што выседзеліся ў канторах, атрымлівалі заробкі, дык і цяпер на паўтара мільёна жывяце. А тыя, хто панарабіў — і лён жалі ўручную, і гной кідалі, рукамі бульбу выбірала, жняцамі былі ўручную — што нам тады плацілі?! Як сам чалавек не рабіў, ня пойме, што камусьці цяжка…»

Зрэшты, пры канцы цётка Воля па-старэчаму супакоілася, сказаўшы, што ад дабра дабра не шукаюць.

Рэзьнік: «Раней нічога не давалі. А гэта хоць пэнсію — у дзяцей ня йдзеш, ня просіш — і на хлеб, і на малако хапае…»

Да крамы ў цэнтры пасёлка пад’ехаў на ровары маладзён. Пытаюся ў лоб:

Карэспандэнт: «Будзеш тут заставацца?»

Ваня: «На Менск паеду. А што тут — у калгасе рабіць за 500–600 тысяч?!»

Карэспандэнт: «А завуць як?»

Ваня: «Ваня, 18 гадоў…»


Непадалёк месьціцца зернясховішча — як лічыцца, самае прэстыжнае месца працы ў Энэргіі. Тое, што ім даражаць, разумею з характэрнага пачатку размовы з рабочым Эдуардам Рысем.

Рысь: «Начальства ў курсе?»

Карэспандэнт: «У курсе, у курсе. Якая ў вас магутнасьць у дзень?»

Рысь: «На сушылцы, у залежнасьці ад надвор’я, зерне да 30 тон…»

Карэспандэнт: «Колькі чалавек працуе?»

Рысь: «Чацьвёра, і кіроўца на адвозцы. Сярэдні заробак — паўтара мільёна. Вакансій няма…»

Пасьля гэтага, бадай, не сумняваўся ў адказе на пытаньне, якое задаў старшыні выбарчай камісіі, вядомаму нам ужо спадару Зьмітру Прымаку.
Стабільна. Без усялякіх падтасовак, і амаль усе — за „бацьку“

Карэспандэнт: «Галасуюць стабільна?»

Прымака: «Стабільна. Без усялякіх падтасовак, і амаль усе — за „бацьку“…»

Карэспандэнт: «Што з Энэргіяй будзе ў цяперашняй сытуацыі?»

Прымака: «У нас хоць 10 вёсак, а ў Рабінаўцы, Станках — ня тое што ніводнага дзіцяці няма, па 4–5 пэнсіянэраў засталося. Тое самае будзе з Энэргіяй — зьмяншаецца і зьмяншаецца. Я старшыня выбаркаму 20 год — зараз у мяне 230 выбарцаў, а было 20 год 500 — паміраюць, зьяжджаюць адсюль. Хоць менчукі ўчасткі бяруць — і возера, і рыба ёсьць, месца добрае…»

Мясцовыя расказалі мне пра бядотнае становішча братоў ды сёстраў Паўсуноў, дзе ў адным доме пражываюць аж 4 сям’і. Іду на ўскраіну, кілямэтра за паўтара. У хаце толькі зарослы шчэцьцю 32-гадовы Уладзімір.


Уладзімір: «4 сям’і — стрыечныя, родныя — мы ў цешчы ўсе, ёй належыць хата. У мяне дачка ёсьць, у сястры — чацьвёра дзетак ва ўсіх. У кожнай сям’і па пакоі зь дзецьмі — што гэта такое?!»

Карэспандэнт: «А бытавыя ўмовы?»

Уладзімір: «Газ да дома падвялі, а ў дом — яшчэ не. Водаправод ёсьць, але дрэнна ідзе вада. Прыбіральні на двары — для маленькіх дрэнна…»

Карэспандэнт: «А працуеце дзе?»

Уладзімір: «Часова на фэрме загадчыкам, а так жывёлавод — мільён выходзіць».

Карэспандэнт: «Вашы ваганьні, гляджу, схіляюцца больш да таго, што трэба разьяжджацца?»

Уладзімір: «Ну так, так!»

Карэспандэнт: «Да ўладаў зьвярталіся па дапамогу?»

Уладзімір: «Так, у калгасе працую, але жыльлё не даюць, бо яго няма. І разумею, што не прадбачыцца. Па-любому прыйдзецца зьяжджаць…»

Літаральна напярэдадні эфіру прыйшло паведамленьне, што ўжо пасьля майго ад’езду вечарам таго ж дня зноў-такі ўтрох маладыя людзі зьбілі дарослага мужчыну і ягонага 14-гадовага сына. Заведзена чарговая крымінальная справа. «Ня тая» энэргія ў Энэргіі працягвае віраваць…
Мапа «Падарожжаў Свабоды»

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG