Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Андрэя Саньнікава атрымала ад яго ліст, напісаны напярэдадні пераводу ў Магілёўскую турму. Мікалай Станкевіч паведаміў расклад тэлефонных званкоў, але пазваніць так і ня змог. Зьміцер Дашкевіч у турме вучыць замежныя мовы. Ліст Эдуарда Лобава да Паўла Севярынца перасылалі болей за тыдзень.

За некалькі дзён да пераводу з Бабруйскай калёніі ў Магілёўскую турму экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў нічога ня ведаў пра пераезд. Гэта вынікае зь ліста, які маці Саньнікава атрымала ад яго 18 лістапада. Паводле Алы Ўладзіміраўны Саньнікавай, тон ліста яе сына быў спакойны і нічога не прадказвала будучыя зьмены ў ягоным месцы знаходжаньня.

«Піша пра кнігі і красворды, якія я яму адпраўляла, што ўсё атрымаў. Пра рэчы піша. А пра сябе піша, што ў яго «ўсё больш-менш у норме, сьпіна крыху баліць, але лечаць. „Перадавай усім прывітаньні, беражы сябе, не хварэй, люблю, Андрэй“».
Пра сябе піша, што ў яго «ўсё больш-менш у норме, сьпіна крыху баліць, але лечаць.

Маці Саньнікава вельмі перажывае з-за таго, што да сына не пускаюць адваката. Пра забарону сустрэцца Саньнікаву з адвакатам у Магілёўскай турме заявілі жонцы палітыка Ірыне Халіп ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў. Міліцыянты патлумачылі, што Магілёўская 4-я турма перасыльная, а сустрэчу з адвакатам дазволяць ужо ў той калёніі, дзе Саньнікава будуць трымаць канчаткова. Што гэта за калёнія, не паведамілі. У Дэпартамэнце толькі сказалі, што гэта будзе адна з калёній на тэрыторыі Віцебскай вобласьці.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч даслаў грамадзянскай жонцы Марыне Адамовіч расклад, калі ад яго варта чакаць тэлефонных званкоў. «Ужо двойчы званкоў у прызначаны час не было», — паведаміла Свабодзе Марына Адамовіч. Мікалая Статкевіча, які асуджаны на найбольшы сярод палітвязьняў тэрмін, 6 гадоў, трымаюць у Шклоўскай калёніі.

У Глыбоцкай турме ў адзіночнай камэры працягваюць утрымліваць лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Былі зьвесткі, што яго могуць перавесьці ў іншае памяшканьне, але пакуль гэтага не абдылося, паведаміла нявеста палітвязьня Наста Палажанка са спасылкай на адваката, які наведаў Зьмітра Дашкевіча.

Наста Палажанка: «Ён імкнецца максымальна разьмеркаваць свой дзень. У яго няма ніводнай вольнай хвіліны, нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца ў турме. Штосьці прысьвечана чытаньню мастацкай літаратуры, штосьці навуковай, таксама вывучае ангельскую мову, чытае Біблію і моліцца. Зьміцер усьведамляе, што час ідзе, яму губляцца ў гэтым часе нельга, трэба максымальна выкарыстоўваць сябе і свой патэнцыял. Ён займаецца самаадукацыяй, і гэта надае яму моцы».

Павал Севярынец, які адбывае пакараньне хіміяй у Пружанскім раёне, атрымаў некалькі лістоў ад палітвязьняў з розных беларускіх турмаў і калёній. Павал Севярынец асабліва зьдзіўлены тым, як доўга да яго ішоў ліст з Івацэвіцкай калёніі ад вязьня Эдуарда Лобава:
Эдуард адправіў ліст 8-га, а дайшоў ліст 18-га. А знаходзімся мы ў адной Берасьцейскай вобласьці, паміж намі, можа, якіх 30 кілямэтраў

«Толькі што атрымаў ліст ад Эдуарда Лобава, Алеся Белацкага і Зьмітра Дашкевіча. Хлопцы трымаюцца. Алесь Бяляцкі піша гэтак па-дзелавому, Дашкевіч з гумарам, Лобаў — сур’ёзна вельмі. Хвалюецца за Саньнікава і Дашкевіча, піша, што наведвае царкву. Ідуць лісты доўга. Эдуард адправіў ліст 8-га, а дайшоў ліст 18-га. А знаходзімся мы ў адной Берасьцейскай вобласьці, паміж намі, можа, якіх 30 кілямэтраў. Ну, а ў мяне, як раней — праца. Працую, стараюся пісаць. Заўтра матуля прыяжджае».

Зьміцер Бандарэнка адбыў два тыдні ў мэдычнай частцы Магілёўскай 15-й калёніі, але ці вярнулі вязьня ў атрад, як папярэджвала адміністрацыя, сваякам не вядома. Жонка Вольга Бандарэнка спасылаецца на апошні ліст, які атрымала сястра вязьня.

«Ня ведаю, дзе ён знаходзіцца. Лістоў няма. Хаця мне пазваніла сястра Дзімы, яна атрымала ад яго ліст 14 лістапада. Напісаў яго яшчэ з мэдычнай часткі».

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка ў зьняволеньні перанёс апэрацыю, у яго вялікія праблемы са здароўем дагэтуль. Адвакат выправіцца на Зьмітра Бандарэнкі ў пачатку будучага тыдня, паведаміла жонка палітвязьня.
Павал Севярынец
Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы. Скончыў з залатым мэдалём віцебскую школу № 25 (з мастацкім ухілам). Пачатак цікавасьці да палітыкі — абраньне ў 10 клясе школы ў Дзіцячы рэспубліканскі парлямэнт. Захапляўся геаграфіяй і геалёгіяй. Скончыў геафак БДУ. У 1994—1999 гг. працаваў журналістам у шэрагу недзяржаўных выданьняў. З 1998 г. друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст. Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі".

У 1999—2003 гг. быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 гг. — старшынём "Маладога Фронту", цяпер — сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны 20 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму прад’яўлена абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 4 красавіка замест гэтага прад'яўлена іншае абвінавачаньне (арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".
Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG