Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст папрасіў кіраўніцу Нацбанку паспрыяць вызваленьню палітвязьняў


Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі
Актывіст Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці з Магілёва Аляксей Паўлоўскі просіць Генэральную пракуратуру Беларусі абавязаць Палату прадстаўнікоў даць матываваны адказ на калектыўны зварот грамадзянаў, дасланы дэпутатам пры канцы кастрычніка. Адпаведную заяву актывіст даслаў Генэральнаму пракурору.

Нагодай для скаргі стаў зварот Паўлоўскага да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з просьбай выканаць умовы Эўразьвязу ў пытаньнях забесьпячэньня ў Беларусі правоў чалавека, аднаўленьня дэмакратычных свабод і свабодных выбараў. Як сьцьвярджае актывіст, пад яго зваротам падпісаўся 121 чалавек.
Яны ж не патрабуюць нечага невыканальнага, а толькі таго, што запісана ў нашай Канстытуцыі

Паўлоўскі: «9 кастрычніка прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паабяцаў ад імя Эўразьвязу 9 мільярдаў даляраў дапамогі Беларусі, калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя. Гэтыя грошы нам патрэбныя як паветра. Яны ж не патрабуюць нечага невыканальнага, а толькі таго, што запісана ў нашай Канстытуцыі, і яшчэ вызваленьня й рэабілітацыі палітзьняволеных. Калі падпісваліся людзі, яны не хавалі сваіх прозьвішчаў, бо ўсе стаміліся ад росту цэнаў і нізкіх заробкаў. І ўсё з-за таго, што ўлады ігнаруюць патрабаваньні дэмакратычнага сьвету і цяпер ня маюць ні ад каго дапамогі. Палата прадстаўнікоў жа, дзе сядзяць народныя абраньнікі, ад зразумелага адказу ўхіляецца. Спасылаецца на тое, што яна можа рабіць, а чаго ня можа. А вось ці варта выконваць умовы Эўразьвязу і ці патрэбныя нам 9 мільярдаў даляраў — пра гэта ні слова. Дык што ж гэта за дэпутаты такія? Мо пракуратура што ім скажа, калі нас ня чуюць».

Такі самы зварот актывіст даслаў беларускаму ўраду і ў Нацыянальны банк.

Паўлоўскі: «Ермаковай я таксама даслаў. Яна ж казала, што нам не даюць дапамогі, бо ня хочуць палітвязьні выходзіць з турмаў. Вось і трэба ёй прыняць меры, каб палітвязьняў вызвалілі».

Гэта ня першы зварот, які дасылае Аляксей Паўлоўскі ў дзяржаўныя органы. У адным са зваротаў актывіст прасіў міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага патлумачыць яму паняцьці «казёл» і «вашывы». Нагодай для звароту стаў выступ 26 красавіка Аляксандра Лукашэнкі, у якім той сказаў «не хачу гаварыць аб усялякіх Барозу, іншых казлах», кіраўніцтва Ўкраіны ўпікнуў, што ў ім «вашывасьці хапае».

Цяпер Паўлоўскі распачаў збор подпісаў пад зваротам, каб у войсках тэрытарыяльнай дапамогі, пра якія гаварыў Лукашэнка, ствараліся жаночыя батальёны, якія падначальваліся б непасрэдна генэрал-губэрнатарам. «Гэтае ноўніцтва, заяўляе прафсаюзны актывіст, дазволіць перамагчы дзедаўшчыну ў войску і значна ўмацуе абароназдольнасьць краіны, бо жанчыны разумней й адданей за мужчынаў».

Паўлоўскі: «Між простымі людзьмі й прадстаўнікамі ўлады павінна быць зваротная сувязь. Улада павінна ведаць, што кажа народ, калі чуе абразьлівыя і абсурдныя выказваньні кіраўніка дзяржавы альбо яго падначаленых. Звароты нашы яшчэ носяць і выхаваўчую ролю. Спачатку трэба думаць, а потым гаварыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG