Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ашчадны банк Расеі і Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) выдзеляць Беларусі крэдыт памерам мільярд даляраў. Аб гэтым паведамляе «РИА Новости» са спасылкай на неназваную крыніцу, блізкую да перамоваў. Суразмоўца агенцтва ўдакладніў, што доля Ашчадбанку складзе 900 мільёнаў даляраў, а ЭАБР — 100 мільёнаў.

Для абмеркаваньня ўмоў крэдыту ў пятніцу, 18 лістапада, у Менск прыбываюць кіраўнік Ашчаднага банку Герман Грэф і старшыня праўленьня ЭАБР Ігар Фінагенаў. Пра тое, якія патрабаваньні Беларусі выставяць прадстаўнікі дэлегацыі, не ўдакладняецца.

Раней паведамлялася, што фінансавыя ўстановы выдзеляць крэдыт Беларусі пад заклад каштоўных папер прадпрыемстваў краіны. У прыватнасьці, ішлі перамовы аб прадстаўленьні ў якасьці забесьпячэньня 51% акцый нафтаперапрацоўчага заводу «Нафтан». Перад гэтым бакі не змаглі знайсьці кампраміс з нагоды выкарыстаньня ў якасьці залогу акцый кампаніі «Беларуськалій».

У лістападзе ўрад Беларусі меўся атрымаць 440 мільёнаў даляраў крэдытнага траншу ад Эўразэс. Агульная сума пазыкі, якая будзе атрыманая краінай на працягу трох гадоў, складзе тры мільярды даляраў. Першая частка гэтых грошай — 800 мільёнаў — паступіла Беларусі 21 чэрвеня 2011 году. Ці атрымала краіна другі транш, не паведамлялася.

Умовамі, на якіх Беларусі быў прадстаўлены крэдыт Эўразэс, зьяўляецца маштабная прыватызацыя дзяржактываў і правядзеньне эканамічных рэформаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG