Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды прывядзе новы этап інтэграцыі?


У Маскве адбыўся саміт Мытнага саюзу. Якія пэрспэктывы гэтага інтэграцыйнага працэсу? Як будзе працаваць Эўразійская эканамічная камісія?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі зь Менску і аглядальнік часопісу «Russia profile» Дзмітрый Бабіч з Масквы.

Дзьмітрый Бабіч
Аляксандар Класкоўскі
Валер Карбалевіч

Якія пэрспэктывы гэтага інтэграцыйнага працэсу?


Валер Карбалевіч: «Калі меркаваць па заявах і публікацыях кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Казахстану, то інтэграцыя паміж трыма краінамі набывае паскарэньне. Усяго два гады існуе Мытны саюз, а з новага году пачынае дзейнічаць Адзіная эканамічная прастора. То бок гэта ўжо будзе ня толькі мытная, але і эканамічная інтэграцыя. А ў плянах — стварэньне Эўразійскага саюзу, якія прадугледжвае больш цесную інтэграцыю. Пра гэта сьведчыць дэклярацыя, падпісаная Мядзьведзевым, Назарбаевым і Лукашэнкам. Чаму так сьпяшаюцца? Навошта? Ці не падаецца, што дзеля такога высокага тэмпу ахвяруецца якасьць?»

Аляксандар Класкоўскі: «Сапраўды, нават экспэрты пачалі блытацца ў гэтых праектах, назвах, абрэвіятурах. Бо ідзе наслаеньне аднаго на адно. Не пасьпелі дабудаваць адзін праект, як абвяшчаецца новы.

Дарэчы, сёньня Лукашэнка між іншым як бы ўбіў цьвік у труну саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Ён так мэтафарычна сказаў, што гэты праект можа растварыцца ў новых інтэграцыйных структурах, калі яны добра пойдуць. І тут узьнікае пытаньне: калі Беларусь і Расея ўдваіх не змаглі паразумецца і завалілі саюзную дзяржаву, то чаму ў межах „тройкі“ ўсё мусіць атрымацца?
Калі Беларусь і Расея ўдваіх не змаглі паразумецца і завалілі саюзную дзяржаву, то чаму ў межах „тройкі“ ўсё мусіць атрымацца?

Тым больш што гэты новы праект больш амбітны. І ён патрабуе большых ахвяраў. Бо прадугледжваецца стварэньне наднацыянальных органаў, і трэба будзе аддаваць частку свайго сувэрэнітэту. А добра вядома, што недэмакратычныя рэжымы кепска інтэгруюцца. Яны імкнуцца да натуральнай гаспадаркі. А аўтарытарныя лідэры ня хочуць аддаваць ані каліва ўлады.

Тут дзейнічаюць перадвыбарчыя меркаваньні. Сярод значнай часткі расейскага электарату папулярная ідэя зьбіраньня зямель. І менавіта Пуцін, які зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта РФ, стаіць за гэтым праектам. Цалкам магчыма, што пасьля выбараў Масква скончыць „раздачу сланоў“ і пачне выстаўляць пэўныя „прад’явы“. І вось тады магчымыя вельмі сур’ёзныя канфлікты».

Карбалевіч: «На мой погляд, Мытны саюз — пакуль самы эфэктыўны інтэграцыйны праект на постсавецкай прасторы за 20 гадоў пасьля распаду СССР. Чаму?»

Дзмітрый Бабіч: «Згодзен, што гэта пакуль самы сур’ёзны праект. Ня трэба бянтэжыцца ад вялікай колькасьці назваў і абрэвіятур. У ЭЗ таксама блытаюцца ў вялікай колькасьці структураў (Эўрапейская Рада, Эўрапейская Камісія і інш.). Без такіх бюракратычных арганізацыяў інтэграцыя немагчымая.

Галоўны рэдактар часопіса „Россия в глобальной политике“ Фёдар Лук’янаў, выступаючы ў Валдайскім клюбе, адзначыў, што цяпер падышоў да канца постсавецкі пэрыяд нашай агульнай гісторыі. Тое, што СССР не адрадзіць, стала ўсім зразумела.

Таму трэба неяк выжываць у новых умовах. Лепш гэта рабіць разам. Гэта відавочна нават для такой вялікай краіны, як Расея. Таму краіны, якія інтэгруюцца, гатовыя пайсьці на пэўныя ахвяры.

Хоць цяпер праекты Эўразьвязу і Эўразійскага саюзу выглядаюць узаемавыключальнымі, рана ці позна іх давядзецца сумяшчаць. Нельга паўтарыць памылкі эўрапейскіх краін перад Першай усясьветнай вайной. Яны тады не змаглі сумясьціць праекты каляніяльных імпэрый, увязаліся ў жорсткія канфлікты і шмат страцілі. Хацелася б, каб нашая ўсходнеэўрапейская цывілізацыя такой памылкі не паўтарыла».

Як будзе працаваць Эўразійская эканамічная камісія?


Карбалевіч: «Прэзыдэнты трох краін прынялі рашэньне аб стварэньні Эўразійскай эканамічнай камісіі. Гэта наднацыянальны орган, які будзе прымаць рашэньні па макраэканамічных пытаньнях, абавязковыя для выкананьня нацыянальнымі ўрадамі? Неяк цяжка сабе ўявіць, што кіраўніцтва любой з трох краін пацерпіць, каб нехта ім кіраваў. Аўтарытарныя лідэры ў трох гэтых краінах усё зрабілі, каб ліквідаваць стрымліваньні і процівагі, паралельныя і альтэрнатыўныя органы ўлады. А тут уласнымі рукамі ствараюць нейкі наднацыянальны орган, якому сваю ўладу перададуць. Ці рэальна гэта?»

Класкоўскі: «Так. Калі запрацуе гэты праект, наднацыянальны орган будзе прымаць рашэньні па макраэканамічных пытаньнях, то Лукашэнку цяжка будзе даць заданьне свайму Нацбанку надрукаваць больш грошай, каб павысіць заробкі і пэнсіі. Яшчэ больш супярэчнасьцяў узьнікне, калі стане рубам пытаньне пра агульную валюту. Мы ведаем, што з гэтым атрымалася ў саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі.

Беларусь знаходзіцца на геапалітычным разломе. Яна эўрапейская краіна. Цяпер Расея імкнецца распаўсюдзіць свой уплыў на постсавецкія краіны. Мадэрнізацыі Беларусі больш дапаможа інтэграцыя з Эўропай, чым з больш адсталымі Расеяй і Казахстанам. Гэты праект небясьпечны тым, што ён закансэрвуе эканамічнае і палітычнае адставаньне Беларусі. Гэта галоўная пастка».

Карбалевіч: «Цяжка гаварыць пра ўніфікацыю макраэканамічнай палітыкі ва ўмовах, калі Беларусь у крызісе. Напрыклад, інфляцыя ў Беларусі сёлета будзе больш за 100%. Як гэта сумясьціць з расейскай і казахстанскай інфляцыяй?»
Лукашэнка — таксама вялізная праблема для гэтага праекту

Бабіч: «Сапраўды, гэта вялізная праблема. І Лукашэнка — таксама вялізная праблема для гэтага праекту. Бо ў дачыненьнях Расеі з Казахстанам не было такіх вялікіх канфліктаў і скандалаў, як у дачыненьнях Расеі і Беларусі. Цяжка будзе ў яго ўрваць нават кавалак улады».

Карбалевіч: «Падаецца, што ня менш цяжка будзе ўрваць кавалак улады і ў Пуціна, і ў Назарбаева».

Бабіч: «Але само жыцьцё прымушае нават аўтарытарных лідэраў мірыцца з рэальнасьцю. Імпэратыў выжываньня разумеюць нават аўтарытарныя лідэры. Хачу заўважыць, што цяжка ідзе інтэграцыя і ў дэмакратычных краінах. Паглядзіце, як неахвотна разьвітваюцца лідэры эўрапейскіх краін з грашыма на агульныя праекты ЭЗ. У пэўным сэнсе дэмакратыя — таксама неспрыяльнае асяродзьдзе для інтэграцыі. Бо трэба даваць справаздачу, узгадняць фінансавыя выдаткі з электаратам. Напрыклад, я лічу, што эканамічную рэформу ў Расеі ў 1990-я гады немагчыма было б правесьці ва ўмовах дэмакратыі».

Класкоўскі: «Усё ўскладняе яшчэ кепскі гістарычны бэкграўнд. Пры стварэньні ЭЗ не было такой даміноўнай краіны, як Расея. Велізарная розьніца ў вагавых катэгорыях і імпэрская памяць могуць адыграць адмоўную ролю пры рэалізацыі гэтага праекту».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG