Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Саньнікава будуць этапаваць з Магілёва ў Віцебск


Былому кандыдату на прэзыдэнта і палітвязьню Андрэю Саньнікаву забараняюць сустрэчу з адвакатам. Экс-кандыдату на прэзыдэнта Міколу Статкевічу адмаўляюць у мэдычнай дапамозе. Палітвязьня Зьмітра Бандарэнку прызналі прыдатным для працы на аўтамабілі.

Да Андрэя Саньнікава ў Магілёўскай турме адвакат дапушчаны ня будзе. Пра гэта жонцы Андрэя Саньнікава, журналістцы Ірыне Халіп паведаміў выканаўца абавязкаў кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Працэнка. Андрэй Саньнікаў у Магілёве знаходзіцца этапам з бабруйскай турмы ў перасыльную турму ў Віцебску.

Ірына Халіп: «Ён мне сказаў, што пакуль ён будзе ў магілёўскай турме, адвакаты да яго дапушчаныя ня будуць. Бо ў нас унутраныя інструкцыі супярэчаць Канстытуцыі, але прызнаюцца галоўнымі. Як быццам бы тыя, хто знаходзіцца ў перасыльнай турме, ня маюць права на юрыдычную абарону. Аказваецца, калі мінулым разам у Магілёве да Андрэя дапускалі адваката, то гэта было парушэньне. Я ня ведаю, колькі Андрэй будзе ў магілёўскай турме, колькі потым ён будзе ў віцебскай турме, куды яго павязуць з Магілёва. Але пакуль ён не апынецца ў калёніі, ён ня можа разьлічваць на сустрэчу са сваімі адвакатамі і на юрыдычную дапамогу. Пераводзяць яго таксама з надуманых прычын, а насамрэч тут штосьці іншае — глыбока схаванае. Вядома, што ніякія законы тут не працуюць».

Былому кандыдату на прэзыдэнта Міколу Статкевічу ў шклоўскай турме адмаўляюць у мэдычнай дапамозе, а таксама надалей перашкаджаюць пабрацца шлюбам з Марынай Адамовіч.
Статкевічу адмаўляюць у біяхімічным аналізе крыві з надуманых прычын. Я гэта расцэньваю як сьвядомае неаказаньне мэдычнай дапамогі.

Марына Адамовіч: «Самае істотнае тое, што Статкевічу, у якога ўзьніклі праблемы з сэрцам яшчэ пасьля галадоўкі ў СІЗА КДБ, адмаўляюць у біяхімічным аналізе крыві з надуманых прычын. Я гэта расцэньваю як сьвядомае неаказаньне мэдычнай дапамогі. А другое — я атрымала адказ на свае скаргі, у якім гаворыцца, што адміністрацыя павінна мець доказ таго, што папярэдні ягоны шлюб скасаваны. Адвакат сам завёз гэтыя копіі, на што начальнік сказаў, што арыгінальныя дакумэнты ён павінен атрымаць асабіста і асабіста занесьці ў ЗАГС. Я адмыслова зьезьдзіла ў ЗАГС, дзе мне паведамілі, што шлюбы рэгіструюцца ў іншым парадку».

Палітвязьня Зьмітра Бандарэнку лекары магілёўскай турмы прызналі прыдатным, каб працаваць за рулём аўтамабіля, паведаміла жонка Зьмітра Бандарэнкі Вольга:

«Яго маглі перавесьці ізноў у атрад. А пасьля кансультацыі магілёўскіх мэдыкаў, што ён можа вадзіць машыну, яго могуць і прымушаць працаваць, а ён ня зможа. Гэткім чынам будуць ціснуць на здароўе. Ён нават дагэтуль дрэнна ходзіць, кульгае, ня можа ціснуць на пэдаль. І калі яму дазволяць садзіцца, яму можна будзе сядзець ня больш за 15 хвілін. Па-мойму, ён ужо ніколі ня будзе вадзіць машыну. А тое, што творыцца з Андрэем Саньнікавым, што яго ізноў перавялі, што да яго не дапускаюць адваката, што на ўсіх ціснуць, — я не выключаю, што нейкім спосабам будуць ціснуць і на майго мужа. Таму вельмі хвалююся».

Паводле Вольгі Бандарэнкі, яна прыкладае намаганьні, каб Зьмітра Бандарэнку наведаў адвакат.
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.
XS
SM
MD
LG