Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійскі саюз: адзін фантом раствараецца ў іншым


Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў на сустрэчы ў Маскве.

Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў на сустрэчы ў Маскве.

Як камэнтуюць беларускія палітыкі падпісаныя ў Маскве дэклярацыю аб эўразійскай эканамічнай інтэграцыі і дамову аб Эўразійскай эканамічнай камісіі?

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, добра зразумела, навошта гэтая інтэграцыя Ўладзімеру Пуціну — у яго ёсьць стратэгія, і ён вяртаецца ў Крэмль зь іміджам зьбіральніка зямель на постсавецкай прасторы.

«Што тычыцца Аляксандра Лукашэнкі, то для яго гэта складаная задача і місія, бо ён запасны ў праекце Пуціна, не асноўны гулец. І яму трэба падпарадкоўвацца правілам, якія будуць прапанаваныя. Гэта азначае — ахвяраваць на першым этапе эканамічным сувэрэнітэтам, а далей, магчыма, і палітычным. Зь няяснымі палітычнымі пэрспэктывамі для самога сябе. Рыторыка рыторыкай, а па сутнасьці тое, што прапануецца, не даспадобы Лукашэнку. Гэта ніяк не стыкуецца зь яго амбіцыямі, гэта не яго плян, не яго стратэгія».
Рыторыка рыторыкай, а па сутнасьці тое, што прапануецца, не даспадобы Лукашэнку

Аднак Лукашэнка вымушаны падтрымліваць інтэграцыю, каб атрымаць нейкія інструмэнты для супрацьстаяньня з Захадам. І шантажаваць яго гэтым праектам, каб Захад зьмякчыў палітыку адносна афіцыйнага Менску, адзначае Анатоль Лябедзька:

«Пакуль на нейкім этапе будуць працаўладкаваныя чыноўнікі. Казаць, што гэта дасьць нейкі эканамічны эфэкт для жыцьця людзей, пакуль складана».

У падпісаных дакумэнтах пакуль толькі дэклярацыі, але насамрэч будзе дыктат Расеі, лічыць лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў.

«У кожнага, хто сёньня падпісвае гэтыя дакумэнты, ёсьць спадзяваньне, што ён нешта з Расеі адшчыкне. Гэта як было і ў ранейшыя савецкія часы, бо гэта нібыта правобраз Савецкага Саюзу. Дык вось у гэтай канфігурацыі Эўразійскага саюзу нічога ня будзе. Тут ужо Расея будзе браць сваё. Так што нічога добрага я ад гэтага не чакаю. У Лукашэнкі проста няма ніякага іншага выйсьця, апроч як „растварацца“ ў гэтай дамове разам з саюзнай краінай, якая, відаць, і створана была, каб урэшце рэшт растварыцца ў нейкім новым фантоме. Адзін фантом раствараецца яшчэ ў адным фантоме».
Мы паступова страчваем незалежнасьць праз эканоміку, праз прыватызацыю алігархамі Беларусі, а потым будзе і палітыка

Паводле лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, калі б Лукашэнка насамрэч хацеў вырашыць сур’ёзныя праблемы беларускай эканомікі, то ён накіраваўся б не ў паход па танную нафту і газ. А пайшоў бы туды, дзе ёсьць магчымасьць мадэрнізаваць эканоміку, атрымаць сучасныя інвэстыцыі і тэхналёгіі. За гэты важны для Расеі крок, асабліва перад выбарамі, магчыма, яна і «далучыць да трубы, але часова»:

«Па першае, гэта замаруджвае нашы рэформы, бо на танных нафце і газе можна яшчэ падоўжыць утрыманьне гэтай эканамічнай сыстэмы. А па-другое, усё хутка скончыцца, Расея сама пасьля ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю вымушана зрабіць усясьветныя цэны на нафту і газ нават на ўнутраным рынку. Ня будзе халявы. Таму гэта часовае. Для вырашэньня праблем эканомікі крыху палёгка можа быць, але стратэгічна прайграем. Але самае галоўнае — страчваем дзяржаву. Мы паступова страчваем незалежнасьць праз эканоміку, праз прыватызацыю алігархамі Беларусі, а потым будзе і палітыка. Гэта вельмі небясьпечна. Мэта Расеі — гэта стварэньне новага цэнтру сілы, супрацьвагі Брусэлю і Вашынгтону. Гэта настальгія па імпэрыі. Гуляць нам у супрацьстаяньне Захаду і Ўсходу — абсалютнае глупства. Нам трэба сваю краіну будаваць і сябраваць з Эўропай ня менш, чым з Расеяй».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG