Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 лістапада паэт, публіцыст, перакладчык, драматург, грамадзка-палітычны дзеяч Анатоль Вярцінскі сьвяткуе васьмідзесяцігодзьдзе.

Ён нарадзіўся ў вёсцы Дзямешкава, што на Лепельшчыне, скончыў аддзяленьне журналістыкі БДУ ў 1956 годзе. Працаваў у рэдакцыях "раёнак", у выдавецтве "Беларусь". У 1986—1990 гадах быў галоўным рэдактарам газэты "Літаратура і мастацтва", якая сталася тады высокай трыбунай перабудовы і нацыянальнага адраджэньня. Віншаваньні дэпутату лёсавызначальнага для краіны Вярхоўнага Савету БССР XII скліканьня, аўтару звыш дзясятка кніг вершаў, паэм, п’есаў і публіцыстыкі і сталаму аўтару нашага радыё.

Анатоль Вярцінскі — гэта такая творчая асоба, безь якое немагчыма ўявіць сабе сучасную беларускую літаратуру, — кажа паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін.

Генадзь Бураўкін

Генадзь Бураўкін

"Калі ён прыйшоў у паэзію, там было дастаткова многа цікавых, розных паэтаў. Але яго прыход быў адразу прыкметны, бо ён прыйшоў са сваім голасам, ён прыйшоў са сваёй манерай, са сваім сьветам, прытым сьветам такім і вельмі зямным, і ў той жа час адухоўленым высокімі памкненьнямі, высокімі ідэаламі. Я добра помню ўсе кніжкі Анатоля, памятаю яго выдатную, бліскучую работу на чале рэдакцыі газэты "Літаратура і мастацтва", памятаю яго неспакойную дзейнасьць як дэпутата Вярхоўнага Савету. Словам, Вярцінскі — гэта клясык сёньняшняй нашай літаратуры, гэта і прыкметная асоба ў нашым грамадзкім жыцьці".

Адказваючы на пытаньне анкеты нашага радыё пра ўлюбёны дэвіз, Анатоль Вярцінскі згадаў біблійны залаты запавет: "Усё тое, што ты хочаш, каб табе рабілі людзі, тое самае рабі і ты ім". Менавіта такое стаўленьне да сябе ад свайго слыннага земляка адчуваюць літаратары Віцебшчыны. Гаворыць празаік і публіцыст Франц Сіўко:

Франц Сіўко

Франц Сіўко

"Мне было вельмі прыемна, калі ён, прачытаўшы ў "Дзеяслове" мой твор, напісаў мне. Раптам я атрымаў ліст ад яго, у якім ён дзеліцца сваімі ўражаньнямі, і я адчуў такую вялікую маральную падтрымку. Гэта было мне незвычайна, бо літаратары цяпер даволі разьяднаныя і слова добрае мы адзін ад аднаго рэдка чуем. Я праяву чалавечай спагады вельмі цаню. І для віцяблянаў, для тых, хто жыве ў нашым рэгіёне ці ў сталіцы, але паходзіць зь Віцебшчыны, той факт, што ёсьць у нас такі зямляк Анатоль Вярцінскі, які так шмат зрабіў для літаратуры, вельмі ўсьцешны. І няхай яму шчасьціць, няхай яму плёніць!"

А вось віншавальнае слова, дакладней — віншавальны трыялет імяніньніку ад сябра, народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча:

Ніл Гілевіч

Ніл Гілевіч

"Чалом табе, паэт Вярцінскі,
Паэт-мудрэц, паэт-філёзаф!
Ты — не з натоўпу безгалосых,
Чалом табе, паэт Вярцінскі!
Твой дар, ахрышчаны ў нябёсах, —
Дар вешчых слоў, а не віційскі.
Чалом табе, паэт Вярцінскі,
Паэт-мудрэц, паэт-філёзаф!"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG