Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюзная дзяржава можа "растварыцца" ў АЭП


Кіраўнікі Беларусі, Казахстану і Расеі падпісалі ў Крамлі Дэклярацыю аб эўразійскай эканамічнай інтэграцыі і Дамову аб Эўразійскай эканамічнай камісіі. Кіраўніком Эўразійскай эканамічнай камісіі стане Віктар Хрыстэнка — міністар прамысловасці й гандлю Расеі, былы віцэ-прэм’ер ураду. 54-гадовы Хрыстэнка — чыноўнік зь вялікім стажам, які ўваходзіць ва ўрад Расеі ад 1998 году.

У Дэклярацыі заяўляецца пра пераход да наступнага этапу інтэграцыйнага будаўніцтва — адзінай эканамічнай прасторы, «заснаванай на нормах і прынцыпах Усясьветнай гандлёвай арганізацыі і адкрытай на любым этапе свайго фармаваньня для далучэньня іншых дзяржаў».

Дакумэнт таксама вызначае далейшыя шляхі інтэграцыйнага ўзаемадзеяньня ў фармаце «тройкі». У якасьці канчатковай мэты абвяшчаецца стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Гэты орган будзе кіраваць інтэграцыйнымі працэсамі ў фармаце Мытага саюзу і АЭП і павінен прыступіць да працы з 1 студзеня 2012 году.

Акрамя таго, падпісаны рэглямэнт працы Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў не выключае, што Эўразійскі эканамічны саюз можа быць створаны раней за 2015 год.

«Калі сасьпеюць перадумовы, будзем рухацца хутчэй», — сказаў Мядзьведзеў на прэс-канфэрэнцыі.

Мядзьведзеў адзначыў, што ніводная з краін ня будзе мець якой-небудзь перавагі перад іншымі.

«Гэта раўнапраўная камісія, яна будзе працаваць, спадзяюся, эфэктыўна, а прынцыпы яе работы будуюцца на рынкавых, дэмакратычных пачатках і, спадзяюся, будуць улічваць лепшы сусьветны інтэграцыйны вопыт», — сказаў прэзыдэнт Расеі.




Лукашэнка: гэта будзе Эўразійскі саюз


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што да 2015 году эканамічная супольнасьць Расеі, Беларусі і Казахстану будзе называцца Эўразійскі саюз.

«Мы знайшлі, мусіць, правільную фармулёўку („Дэклярацыя аб Эўразійскай эканамічнай інтэграцыі“), каб не забягаць наперад да 2015 году. Фармулюючы і кадыфікуючы ўсе нарматыўна-прававыя акты, якія мы падпісалі і яшчэ падпішам, мы прыйдзем да таго, як будзе ў пэрспэктыве называцца наша эканамічная супольнасьць. Думаю, што гэта будзе Эўразійскі саюз», — сказаў Лукашэнка па заканчэньні цырымоніі падпісаньня Беларусьсю, Казахстанам і Расеяй дакумэнтаў аб эўразійскай эканамічнай інтэграцыі.

Ён адзначыў, што інтэграцыя Беларусі, Казахстану і Расеі будзе ўзмацняцца.

Паводле Лукашэнкі, інтэграцыйныя працэсы паміж Расеяй, Казахстанам і Беларусьсю не вядуць да ўшчамленьня сувэрэнітэту якой-небудзь з краін.

«Мы дакладна заявілі, што мы ня страчваем ніякага сувэрэнітэту, ніхто нікога нікуды ня гоніць. Думаю, што Расея дарэмна ўжо занадта апраўдваецца ў Брусэлі, што яна некага тут «напружвае», — адзначыў Лукашэнка. Ён сказаў, што праект Эўразійскай эканамічнай інтэграцыі вельмі прывабны і да яго хочуць далучыцца іншыя краіны.

«Мы сёньня дамовіліся, што для гэтых ахвотных будзе выпрацавана пэўная „дарожная мапа“. Скачаце на гэты ўзровень, праз гэтую плянку — прыходзьце, будзем супрацоўнічаць», — сказаў беларускі прэзыдэнт.

Кіраўнік Беларусі не выключыў, што праект саюзнай дзяржавы «растворыцца» ў адзінай эканамічнай прасторы, але толькі у тым выпадку, калі інтэграцыйныя працэсы ў АЭП будуць ісьці хутчэй, чым у расейска-беларускім саюзе.

Камэнтуе кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Крэмль зьбірае землі. У Эўразьвязе існуюць даволі моцныя парытэтныя ўтварэньні. Нямеччына, Францыя, Італія — яны могуць размаўляць на роўных. А тут Беларусь і Расея. Суадносіны эканомік — як 1:14 ці 1:16. Той жа Казахстан. Што гэта за інтэграцыя, калі два карлікі скачуць вакол гіганта?!»

Аляксандар Класкоўскі: «У Эўропе аб’ядноўваюцца дэмакраты, а ў нас спрабуюць аб’яднацца аўтакраты»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG