Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Старынках ад назвы засталося хіба тое, што жывуць толькі старыя…»


У Старынкі я трапіў на літаральна сьлёзную просьбу 60-гадовага мастака, спадара Алега Раманцова. Мы пазнаёміліся ў рафіку па дарозе з Шацку, дзе гэты сівы, зь вялікімі празрыстымі вачыма чалавек ня стрымліваў эмоцый. У іхняй невялікай вёсачцы, дзе жывуць збольшага на лецішчах, збудаваў двухпавярховы катэдж менскі прадпрымальнік Віктар Іванцоў. Пасьля чаго жыцьцё для майго новага знаёмца кардынальна памянялася.


Раманцоў: «У яго ў Менску кватэра, два кафэ і рэстарацыя. Ён прыяжджае на сваім „Мэрсэдэсе“. А жонка стаяла на рэчцы нашай. Я кажу — а чаго машыну ў ёй мыеце? А якая твая справа, валі адсюль, затыкай рот, урод! Я тады пайшоў да Іванцова. Ён кажа — будзеш п..ць, я гэту вёску куплю, а вас усіх выселю!»

Часткова, паводле Алега Іванавіча, сваю пагрозу новы беларус зьдзейсьніў — купіў кавалак сотак пад 100 вакол сваёй пабудовы, акурат дзе лясок, у які гадамі хадзіла ўся вёска.

Раманцоў: «У мяне пацану было 10 год, мы зь ім хадзілі ў лес — а ў нас суніцы-чарніцы. А ён жалезны дрот павесіў. Справа ў хамстве!»

Праз пэўны час я сабраўся ў вандроўку ў Старынкі. Але трапіць туды давялося толькі з другой спробы. Справа ў тым, што ў кампутарах аўтастанцыі такога прыпынку наагул няма. З аўтавакзала ля мэтрастанцыі «Магілёўская» ў той бок раз на дзень адпраўляецца толькі маленькі аўтобусік, штораз пад столь набіты пасажырамі — у асноўным пэнсіянэрамі зь Менску. Чаргу на яго яны займаюць за гадзіну. Гэтым часам вядуцца размовы пра жыцьцё ды палітыку. Іх я і наслухаўся, стоячы ў чарзе. Напачатку разгаварыліся з 80-гадовай жвавай спадарыняй Нінай.


Ніна: «А чаго мне абурацца на ўладу, якая б яна ні была? Я люблю Лукашэнку, таму што дае людзям працу, усё ў краме ёсьць. А што яшчэ трэба? Я працую ў краме прыбіральшчыцай, таму што сын п’яніца, гора было — да вайны бульбу зьбіралі на палетках, у вайну есьці не было чаго. А цяпер у мяне пэнсія амаль мільён! Адзін сын працуе за 2,5 млн, а другі п’е, жыве на маёй пэнсіі. Паглядзіце, колькі на крамах стаяць, сумкі хапаюць. І па галаве!»

Карэспандэнт: «Спадарыня Ніна, а вы ня думаеце, што й Лукашэнка давёў нізкімі заробкамі? 500 даляраў абяцаў — няма. І цэны скачуць. А прэзыдэнт як казаў — за ўсё адказваю я…»

Спадарыня: «А падзешаві, дык зноў будуць пустыя паліцы!»

Так размова стала агульнай, і вакол мяне ўтварыўся невялікі натоўп. Дроваў ў агонь падкінуў былы вайсковец, спадар Мікалай.

Мікалай: «Павінны быць цэны расейскія і заробкі! Лейтэнант іх атрымлівае 50 млн на нашы грошы, а падпалкоўнік наш 2 млн — во і параўноўвайце! Дрэнна жывем, і ўсё! Дур’ю маецца: 500 тысяч, кажа, дадзім на бульбу — і нікому ня даў. Спрэс падман!»

Спадарыня: «Дай божа дажыць нам да іншага прэзыдэнта і паглядзець, як гэта будзе. Пры Шушкевічу былі пустыя паліцы! А вы хто такі, што гэта падсоўваеце?!»
Арэшкаў купіў, значыць, няблага жывеш!

Карэспандэнт: «Я журналіст радыё…»

Спадарыня: «Арэшкаў купіў, значыць, няблага жывеш!»

Спадарыня: «Мяне завуць Ірына Васільеўна, мне 65 год, я інвалід 2 групы, атрымліваю пэнсію 556 тысяч. Скажыце, я добра жыву?! А я кажу — мне дрэнна. У мяне рамонт у кватэры, трэба лінолеўм купіць, я ня ведаю, за што — прыходжу ў хату як у сарай. А ў мяне сын аўганец! Прыходжу ў краму — у мяне сьлёзы на вачах…»


Але нарэшце аўтобус падышоў, і праз гадзіну зь нечым я саскочыў на павароце на Старынкі. Катэдж памянёнага Іванцова аказаўся на пачатку паселішча. Але зь ягоным гаспадаром сустрэцца цягам вандроўкі так і не ўдалося.


Раманцоў: «Ён ні з кім ня мае адносінаў, не пускае нікога!»

Гэта праз колькі хвілін патлумачыў мне ўсё той жа спадар Раманцоў. Затое ў часе сустрэч знайшоў пацьверджаньні ягоным аповедам у мясцовых кабет — спадарыняў Ірыны Купрыянчык ды Нэлы Ўрублеўскай.

Спадарыні: «З даўніх пор называўся Васілёк-хвойнік. Мы б усе ўзялі! А гэта крадзеж — купіў, мабыць, у сельсавеце гэтыя талмуды… Я ня ведаю, хто яму дазволіў лес агарадзіць і выкупіць, але нехта ўсё ж дазволіў…»

Зь Менску зьвязаўся са старшынёй Шацкага сельсавету, спадарыняй Натальляй Багдановіч, якая, здаецца, паставіла кропкі над «і» ў сытуацыі — прынамсі наконт таго, як яе ведаюць вяскоўцы.

Багдановіч: «Разборкі гэтыя вядуцца ў нас ня першы год. У 80-я там былі выдзелены тры ўчасткі пад жыльлё і была пустка. За гэты час парасткі, што былі, ператварыліся ў лес. Але яны застаюцца як землі сельсавета. У яго дагэтуль ёсьць пытаньні з дакумэнтамі па будаўніцтве…»

Карэспандэнт: «Здаецца, людзей хвалюе хамскае стаўленьне да іх…»

Багдановіч: «Зваротаў такіх не было. Будзем прымаць да ведама — добра, дзякуй…»

* * *

Сядзім ва ўтульнай хаціне спадара Раманцова зь яўнымі праявамі мужчынскага беспарадку, але страшэнным ваўкарэзам на двары. У Старынках гаспадар жыве 20 год пасьля выхаду на пэнсію з выдавецтва «Народная асьвета», дзе ён быў мастацкім рэдактарам і атрымаў 21 дыплём за ілюстрацыі да школьных падручнікаў. Ён узгадвае галоўную для сябе сямейную трагедыю.

Раманцоў: «Бацька адседзеў у мяне 14 год! (плача) Кажу — тата, за што?! Ён у мяне мастак. Кажа, калісьці пацаны скралі ровар. І яго схапілі — ён стаяў побач. Яму далі 3 гады, а ён свабодалюбівы — зьбег, яшчэ 5 год далі, і ўсяго 14 год. Гэта быў жах! І я ў камуністы не пайшоў. Я сам чалавек гарадзкі, але я жыву тут і шчасьлівы, гэта мая цяпер Радзіма!»

З-за ваўкарэза выбіраюся ад гаспадара заднім дваром. Па суседзтве на градцы бачу 71-гадовую спадарыню Ірыну Купрыянчык. Жыве ў Менску, а тут бацькоўскі дом. Размаўляем пра тутэйшае жыцьцё.


Купрыянчык: «Узімку 20 чалавек, а ўлетку тут усе хаты поўныя. Уся моладзь павыяжджала ў горад у 60-я гады. А тады цёлак было пад 100 штук!»

Карэспандэнт: «Дык што адбылося?»

Купрыянчык: «На даўнейшыя хрушчоўскія атрымлівала 25 рублёў (сьмяецца). А што можна зрабіць? Калодзеж добры, сама пясок насіла. Мы нарадзіліся тут, дык узгорак быў чысты, высокі хвойнік. Але цяпер непрыгожы. Старыя казалі, што ў савецкія часы там была ўзьлётная паласа з падземнымі аэрадромамі. Аўталаўка прыходзіць раз на тыдзень, крама зачынена 5 год…»


Спадарыня Ірына раіць падысьці да вясковай, аўтарытэтнай тут, старэйшыны, спадарыні Нэлі Ўрублеўскай. Яна, між іншым, трымае адзіную кароўку ў Старынках. Сустракаем адчыненыя сенцы, за якімі ніводнага чалавека. Але празь некалькі хвілін як з-пад зямлі ўзьнікае сьмяшлівая гаспадыня.


Урублеўская (сьмяецца): «А я гэтага чалавека маладога назірала даўно — думаю, што за незнаёмы ходзіць?»

Карэспандэнт: «А колькі год вам?»

Урублеўская: «69 — самая маладзейшая, бо пастаянна на зямлі. (Сьмяецца.) А во паштальёнка наша зайшла. Ты ж не кажы нікому, што вязеш, бо ўсё праслухоўваецца. (Сьмяецца.) Два скліканьні была дэпутатам Шацкага раённага савету, але недахоп сродкаў, дык ня ўсё ўдавалася. Парадак тут наводзілі — сьметную яміну зрабілі, бо людзі выкідвалі дзе хто думаў…»

Спадарыня Ўрублеўская сама называе сябе «самай карэннай» і як ніхто іншы разумее трагедыю зьнікненьня малой Радзімы.

Урублеўская: «Раней назва Старынак ад рэчкі была, а цяпер „н“ выкінь — атрымліваецца „старыкі“. (Сьмяецца.) Некалі плыты ганялі — о, рэчка была бурная. Увесну, як лес ганялі — берагі высокія, чыстыя, добра падысьці, аж віруе. І рыбы было шмат. Пісалі ў Менск, каб пачысьціць рэчку, каб купацца можна, дык адмовілі. Бо вялікія сродкі. Вёска была вялікая — 32 хаты, яны і стаяць, у кожнай сем’ямі жылі, але яна адмірае. Пра Старынкі ніколі не пісалі ў раёнцы. Дык сказалі, што ў Шацку аграгарадок. А мы да яго не адносімся, бо трэба, каб 80% тэрыторыі было асьветлена, а тут тры ліхтары, і тое два засталося, а адзін кончыўся. (Сьмех.) Цяперашняя моладзь ня будзе рабіць на гэтай зямлі, як адыдзе маё пакаленьне. Паміраем за гэтыя грошы, а што рабіць? Ну, напрыклад, ня выбралі б мы Лукашэнку — я кожны дзень навіны гляджу беларускія, расейскія…»

Карэспандэнт: «Ну, а Радыё Свабода, інтэрнэт?»

Урублеўская: «Ня чую, у мяне прыёмнік сапсаваўся. Але назіраю, што робіцца зь ніжэйшага кіраўніцтва да вышэйшага — няма праўды! Але мне позна за нешта брацца, дый не дабіцца. Хочацца, каб добра было…»

Карэспандэнт: «Баявы дух застаўся?»

Урублеўская: «А як жа!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG