Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міна запаволенага дзеяньня


У гісторыі так бывае, што нават нязначныя зьмены ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы могуць мець сур’ёзныя, часта непрадбачаныя наступствы, якіх ніхто не чакаў. Бо сацыяльныя працэсы маюць сваю лёгіку, незалежную ад жаданьня палітычных суб’ектаў. Напрыклад, у часы гарбачоўскай перабудовы такое нявіннае той момант рашэньне, як пераход гаспадарчых суб’ектаў на самафінансаваньне і самаакупнасьць, стала мінай запаволенага дзеяньня пад плянавую савецкую эканоміку. Гэта быў той вірус, які за два гады разбурыў яе, і сыстэма пайшла ўразнос.

Падаецца, мы не да канца ўсьвядомілі ўсе наступствы ўніфікацыі абменнага курсу беларускага рубля, якая адбылася ў кастрычніку. Увагу засяродзілі на тым, што курс стаў адзіны. На мой погляд, важней тое, што ён стаў свабодны, рынкавы, плаваючы, фармуецца на аснове попыту і прапановы. Гэта адбылося ўпершыню ў беларускай гісторыі. І можа стаць такой жа мінай запаволенага дзеяньня пад беларускую сацыяльную мадэль, як самаакупнасьць прадпрыемстваў — пад савецкую плянавую сыстэму. Нездарма Лукашэнка паўгода гэтаму кроку ўсяляк супраціўляўся. Таму што інтуітыўна адчуваў усю яго небясьпеку для сваёй мадэлі. Але здаўся, бо іншага выйсьця не было.

Здавалася б, нічога значнага не адбылося, вярнуліся да адзінага курсу, які існаваў да сакавіка, проста памяняліся лічбы. Тады за даляр давалі больш як 3 тыс. беларускіх рублёў, цяпер — амаль 9 тыс.

Але дасюль больш як дзесяць гадоў абменны курс быў фіксаваны. Ён мяняўся ў вузкім калідоры. І гэта давала грамадзтву адчуваньне стабільнасьці. Яна і стала галоўнай ідэалягемай беларускага рэжыму. На ідэі стабільнасьці будаваўся імідж Лукашэнкі як гаранта гэтага стану.

А рынкавы абменны курс — гэта элемэнт няўстойлівасьці. У такой невялікай, моцна залежнай ад вонкавай каньюнктуры краіне, як Беларусь, нават у нармальных эканамічных умовах ён ня можа быць нязьменлівы. А ў пэрыяд крызісу, на тле ўсясьветных эканамічных катаклізмаў, тым больш.

У практычным пляне сёньня сотні тысяч беларусаў пачынаюць свой працоўны дзень з высьвятленьня банальнага пытаньня: які сёньня курс. І ў залежнасьці ад яго памеру прымаюць рашэньне — ці то купляць, ці здаваць даляры.

У выніку рынкавы абменны курс разбурае ўсю парадыгму "стабільнасьці", зь якой у масавай сьвядомасьці асацыяваўся цяперашні рэжым і яго кіраўнік. Беларусь уступіла ў эпоху нестабільнасьці, нявызначанасьці, хісткасьці.

Другі момант. Фіксаваны курс даваў магчымасьць ручнога кіраваньня эканомікай. Ён хаваў ад абывацеля эканамічныя праблемы і хібы. Можна было нашпігаваць эканоміку пустымі грашыма, штучна давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў, а Лукашэнка, Пракаповіч, дзяржаўныя мэдыі апавядалі пра цуд, пра "эканамічнага тыгра" ў цэнтры Эўропы. Абывацель верыў, бо не было ўсім відавочных крытэрыяў, каб ацэньваць стан эканомікі.

Пераход да рынкавага курсу ўсё мяняе. Ён робіць сытуацыю празрыстай, дае абывацелю апазнавальнік, тую лякмусавую паперу, якой раней не было. Рынкавы курс — гэта баромэтар, тэрмомэтар, які паказвае ў лічбах стан эканамічнага здароўя. Гэта таблё, якое бачыць уся краіна, вонкавы аўдыт. Цяпер насельніцтва не абдурыш заявамі, што крызісу ў нас няма, што даляр хутка абваліцца і інш. Гэта рэзка звужае прастору для афіцыйнай прапаганды, дазваляе бачыць, што кароль голы.

Цяпер на гэтым таблё адлюстроўваюцца ня толькі эканамічныя праблемы, рашэньні (укід грошай у эканоміку), але нават глупствы, ляпы. Абменны курс могуць памяняць пісьменныя альбо бязглуздыя заявы афіцыйных асобаў.

Напрыклад, варта было намесьніку міністра эканомікі Ярашэнку на паседжаньні ўраду падчас спрэчкі з памочнікам прэзыдэнта Ткачовым выказаць меркаваньне, што ў выпадку вялікай грашовай эмісіі абменны курс можа дасягнуць 22 тыс. за даляр, як ля абменных пунктаў зьявіліся чэргі ахвотных купіць валюту, пакуль яна не падаражэла. Людзі пачулі толькі лічбу і на яе зрэагавалі. Прычым насельніцтва схільнае верыць у горшы сцэнар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG