Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паляцеў у Маскву


Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Дзьмітрый Мядзьведзеў, архіўнае фота.

Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Дзьмітрый Мядзьведзеў, архіўнае фота.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка адбыў з рабочым візытам у Расею, дзе 18 лістапада ў Маскве возьме ўдзел у трохбаковай сустрэчы прэзыдэнтаў краін Мытнага саюзу — Беларусі, Расеі і Казахстану.

«Асноўная ўвага ў ходзе сустрэчы будзе аддадзена фармаваньню Адзінай эканамічнай прасторы трох краін і наступнаму стварэньню Эўразійскага эканамічнага саюзу», — паведамілі ў прэзыдэнцкай прэс-службе.

Плянуецца, што па выніках сустрэчы будуць падпісаныя міжнародныя дакумэнты, якія вызначаць «асноўныя напрамкі супрацоўніцтва дзяржаў у Мытным саюзе і АЭП, а таксама некаторыя сфэры сумеснай працы ў напрамку далейшай інтэграцыі ў фармаце Эўразійскага эканамічнага саюзу», — адзначылі ў прэзыдэнцкай прэс-службе.

Крыніца Інтэрфаксу ў Крамлі заявіла, што «да падпісаньня падчас сустрэчы рыхтуецца дэклярацыя аб эўразійскай эканамічнай інтэграцыі. У ёй заяўляецца пра пераход да наступнага этапу інтэграцыйнага будаўніцтва — адзінай эканамічнай прасторы, заснаванай на нормах і прынцыпах Усясьветнай гандлёвай арганізацыі і адкрытай для далучэньня іншых дзяржаў».

Дэклярацыя таксама вызначае далейшыя шляхі інтэграцыйнага ўзаемадзеяньня ў фармаце «тройкі», то бок гэта свайго роду «дарожная мапа». У якасьці канчатковай мэты ў дэклярацыі абвяшчаецца стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу.

На разгляд кіраўнікоў трох краін, паведаміла крыніца, таксама будзе прадстаўлена дамова аб Эўразійскай эканамічнай камісіі, якая павінна пачаць працу з 1 студзеня 2012 году.

Гэтая камісія пакліканая стаць наднацыянальным, нэўтральным у адносінах да дзяржаў-удзельніц органам, якому будуць паступова перадавацца нацыянальныя паўнамоцтвы.
XS
SM
MD
LG