Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьняў пазбавілі тэлефанаваньняў, лісты ідуць зь перабоямі


Зьмітра Бандарэнку днямі перавядуць з санчасткі ў атрад. Міколу Статкевічу не дазваляюць тэлефанаваць бацьку. Зьміцер Дашкевіч у камэры-адзіночцы займаецца самаадукацыяй.

Вольга, жонка Зьмітра Бандарэнкі, распавяла, што навінаў амаль няма, адвакат заняты ў працэсе і ня можа наведаць яе мужа ў калёніі, таму яна заключыла дамову з магілёўскім адвакатам, які ў пятніцу павінен сустрэцца са Зьмітром. Вольга Бандарэнка апасаецца, што Зьмітра днямі перавядуць з мэдсанчасткі:

«На гэтым тыдні яго павінны зноў у атрад кінуць, хоць здароўе ў Зьмітра не палепшылася. Самі бачыце, як зараз абыходзяцца з Саньнікавым. Яны гэтую палітыку ціску цяпер распаўсюджваюць на ўсіх — і на Міколу Статкевіча, і на Зьмітра, і на Андрэя. Лісты зноў пачалі прыходзіць вельмі рэдка, даходзіць, мабыць, дзясятая частка, хоць Дзіма мне піша кожны дзень. Але гэта адзін са складнікаў палітыкі: калі іх „прэсуюць“, каб даходзіла менш інфармацыі да нас, каб мы менш шуму ўздымалі ў мэдыях».
Яны гэтую палітыку ціску цяпер распаўсюджваюць на ўсіх — і на Міколу Статкевіча, і на Зьмітра, і на Андрэя

Бацька Міколы Статкевіча 85-гадовы Віктар Паўлавіч кажа, што за апошні месяц ад сына атрымаў адзін ліст:

«Ён напісаў ліст 7-га, а прыйшоў ён 16-га. Пра сябе амаль нічога ня піша — інакш не прапусьцяць. Толькі пытаецца, як я пачуваю сябе. Тэлефанаваньня таксама даўно не было. Даслаў ён свой расклад, дык 11-га лістапада тэлефанаваньня не было. Сёньня пасьля 18-й гадзіны буду чакаць, але дазволяць ці не дазволяць патэлефанаваць — невядома».

Маці Эдуарда Лобава спадарыня Марына таксама занепакоеная: тэлефанаваньняў ад сына няма больш за паўтара месяца:

«Пасьля доўгатэрміновага спатканьня, якое было на пачатку кастрычніка, ні разу ён яшчэ не тэлефанаваў. Са званкамі наагул нейкая „напружанка“. Раней яшчэ Францкевіч тэлефанаваў сваёй маці, але на мінулым тыдні ён патэлефанаваў і сказаў, што ў гэтым месяцы званкоў больш ня будзе».

Зьміцер Дашкевіч ужо паўтара месяца знаходзіцца ў Глыбоцкай турме, сядзіць у камэры-адзіночцы. Нявеста Зьмітра, Наста Палажанка ў чацьвер атрымала ад яго ліст:

«Піша пра свой быт, пра расклад, як шчыльна ён імкнецца расплянаваць свой дзень, каб не было вольнага часу, бо і ў турме марнаваць час ня хоча. Ён займаецца самаадукацыяй, вельмі шмат чытае. Дзень у яго падзелены, у пэўныя гадзіны чытае Біблію, мастацкую літаратуру, навуковую, займаецца вывучэньнем моваў. Да прыкладу, ад сёмай да дзявятай вечара ён адказвае на літы. З пашпартам, які ніяк ня могуць знайсьці, нічога новага, нават ніводнага адказу не прыйшло».

А бяз пашпарту Дашкевіч ня можа пабрацца шлюбам з Настай.

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Эдуард Лобаў


Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.

Зьміцер Дашкевіч


Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG