Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта беларускія пілёты ляцяць у Афрыку?


Міжнародныя агенцтвы паведамляюць пра крушэньне ў Конга верталёта «Мі-8» з інтэрнацыянальным экіпажам на борце. Паводле папярэдніх дадзеных, адзін з загіблых пілётаў — грамадзянін Беларусі. За апошнія гады пры надзвычайных здарэньнях у Афрыцы загінулі больш за два дзясяткі беларусаў, якія з-за адсутнасьці працы на радзіме вымушаныя пагаджацца на экстрэмальныя прапановы працаўладкаваньня.

Паводле зьвестак афрыканскіх СМІ, беларускага лётчыка, які загінуў у авіякатастрофе, завуць Аляксандар Косыраў, ён быў пілётам верталёта «Мі-8». У МЗС Беларусі паведамілі, што апэратыўна спраўдзіць інфармацыю перашкаджае адсутнасьць беларускай амбасады ў Конга, таму вышуковая праца будзе весьціся праз дыппрадстаўніцтва Расеі ў гэтай краіне.

У Афрыцы працуюць сотні авіятараў з краінаў былога СССР, якія лятаюць на старой савецкай тэхніцы. Калі адны хочуць зарабіць пасьля выхаду на пэнсію, куды шмат хто трапляе яшчэ да 50-гадовага ўзросту, іншыя папросту ня маюць у сваіх краінах альтэрнатывы. У Беларусі пасьля расфармаваньня рэгіянальных авіяатрадаў бяз працы засталіся дзясяткі спэцыялістаў. Яшчэ больш беспрацоўных ваенных лётчыкаў, якія пасьля развалу СССР у такой колькасьці аказаліся непатрэбнымі. Колькі зь іх скарысталі з прапановаў папрацаваць у Афрыцы — невядома, бо такія гастарбайтэры ў статыстычныя справаздачы, як правіла, не трапляюць.

Мянчук Аляксандар Дварковіч у якасьці інструктара ня раз наведваўся ў Афрыку. Тлумачыць, чаму адмыслоўцы з экс-савецкай прасторы, уключна зь беларусамі, так запатрабаваныя на чорным кантынэнце. Найперш таму, што за невялікія нават па мерках тамтэйшых працадаўцаў грошы — у сярэднім 2000 даляраў на месяц — людзі гатовыя сядаць за штурвалы 30-гадовых «рэліктаў». Па-другое, авіяпаркі афрыканскіх дзяржаў складаюцца збольшага якраз з савецкага авіятранспарту. Рыхтаваць уласныя кадры ў такой сытуацыі няма асаблівай патрэбы:
За невялікія нават па мерках тамтэйшых працадаўцаў грошы — у сярэднім 2000 даляраў на месяц — людзі гатовыя сядаць за штурвалы 30-гадовых «рэліктаў»

«Найперш, у іх няма такой інфраструктуры, як у нас, для падрыхтоўкі кадраў — прычым як цывільных, так і ваенных. Усё гэта робіцца фактычна з нуля, бо няма ні базы ніякай, ні ўмоваў для асваеньня тэорыі, ня кажучы ўжо пра практыку. Ну так, прыехалі спэцыялісты, нечаму навучылі, самі папрацавалі, грошай зарабілі. Але што гэта за спэцыялісты, большасьць зь якіх прыяжджаюць па нейкіх левых кантрактах, ніхто вам толкам і ня скажа. Яны працуюць з тым, што ёсьць, на гэтай жа дапатопнай тэхніцы ня толькі самі лятаюць, а і спрабуюць навучаць мясцовых. Хоць, натуральна, у нармальных умовах павінны быць трэнажоры ды іншае абсталяваньне для навучаньня».

Жыхарка Менску Антаніна Каралькова наракае, што пілёты едуць у экстрэмальныя краіны не ад добрага жыцьця на радзіме. Яе бацька рабіў у Афрыку некалькі заходаў. Умовы працы ў Конга ён у лепшым выпадку называе «спэцыфічнымі». Апроч пякельнай тэмпэратуры і заўсёднай рызыкі падчапіць экзатычную хваробу, ёсьць і іншыя абставіны: там квітнее карупцыя, а гаспадары кампаній намагаюцца ўціснуць на борт двайную норму. Як вынік — частыя аварыі. Пры гэтым дапамогі ад сваёй дзяржавы сваякі не чакаюць:

«Усе нашы лётчыкі вельмі балюча ўспрымаюць падобныя навіны, бо шмат каго гэта тычыцца непасрэдна. Досыць пабываць у кулюарах аэрапорту, каб зразумець, што нават зь „Менск-2“ шмат лётчыкаў працавалі ў розных краінах Афрыкі. І тыя, хто там працаваў, хто са свайго досьведу ведае, як там і што, асабіста празь сябе гэта прапусьцілі, згадваюць Афрыку ня самымі лепшымі словамі. Бо калі што здарыцца, то наракаць давядзецца толькі на сябе. Бо што тычыцца нейкай дзяржаўнай кампэнсацыі, то, натуральна, нічога падобнага няма. Яны ж не ўпаўнаважаныя на гэта дзяржавай, а едуць туды самі па сабе, з уласнай волі, празь нейкіх пасярэднікаў — часта вельмі сумнеўных».

Адмысловец у абслугоўваньні авіятэхнікі Іван Крупец тры гады адпрацаваў у Конга. Ён кажа, што да прыродных катаклізмаў, якія літаральна «накрываюць» самалёты навальніцамі ці пылавымі бурамі, дадаецца чалавечы фактар. Шмат якія афрыканскія краіны дзясяткі гадоў знаходзяцца ў стане ўзброеных канфліктаў, там буяе незаконнае перакідваньне зброі паветрам і, як вынік, існуе высокая небясьпека трапіць на прыцэл да варожай групоўкі. Да таго ж досыць моцна крыміналізаванае само грамадзтва:

«Вядома, гэта не зусім тэлефонная размова, але я скажу, што ў кожнага свая праца. І калі яны лятаюць па кантракце празь нейкую маскоўскую ці іншую фірму, то асноўныя ўмовы ў паперах прапісваюцца. Праўда, усё прадугледзець немагчыма. Прыкладам, хто ведаў, што ў Конга асноўныя грошы — гэта дыямэнты? Там нічога іншага амаль ня ходзіць. Я быў шакаваны, калі пабачыў на рынку, як яны ў літаральным сэнсе мяняюць камяні на харчы, на тавары. То бок дыямэнты не ідуць на продаж, а абменьваюцца ўнутры краіны на тэхніку, на яшчэ нешта. Само сабой, нейкая частка ідзе на экспарт, але асноўная валюта — гэта дыямэнты. А гэта толькі крыміналізуе грамадзтва».

Цягам апошніх гадоў у Беларусь з Афрыкі прыходзіла нямала трагічных навінаў.

  • 30 сакавіка 2005 году ў Конга разьбіўся грузавы самалёт «Ан-12», загінуў беларускі лётчык.
  • Літаральна праз два месяцы там жа пацярпеў катастрофу аналягічны «Ан-12», загінуў беларускі пілёт.
  • 10 верасьня таго ж году ад удару маланкі ў Конга разьбіўся «Ан-26», загінулі два беларусы.
  • 23 сакавіка 2007-га на ўзьлёце з самалійскага аэрапорту Магадыша быў зьбіты «Іл-76» кампаніі «Трансавіяэкспарт». Адзінаццаць беларускіх пілётаў і авіятэхнікаў загінулі.
  • У такі самы дзень 23 сакавіка, але на год раней, такі ж транспарт пацярпеў катастрофу ў Танзаніі, загінулі сем беларускіх лётчыкаў.
  • 30 чэрвеня 2008 году падчас узьлёту з суданскага аэрапорту Хартум разьбіўся яшчэ адзін «Іл-76», усе чальцы інтэрнацыянальнага экіпажу, уключна зь віцяблянінам Анатолем Курачкіным, загінулі.
  • 20 лютага 2009 году ў Эгіпце пры крушэньні самалёта «Ан-12» загінулі два беларускія пілёты. Многіх беларускіх авіятараў сьмерць напаткала ў іншых кутках сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG