Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Начальнік турмы № 4 парушае канстытуцыйнае права Андрэя Саньнікава»


Марына Кавалеўская, адвакат Саньнікава
Марына Кавалеўская, адвакат Саньнікава
17 лістапада адвакатка Марына Кавалеўская высьветліла, што былы экс-кандыдат на прэзыдэнцтва Андрэй Саньнікаў утрымліваецца ў магілёўскай папраўчай установе «Турма № 4». Сустрэцца зь ім ёй не ўдалося. Начальнік турмы Аляксандар Ламаза адмовіў адвакатцы ў сустрэчы на той падставе, што Саньнікаў — «транзытны перасыльны». Марына Кавалеўская рашэньне турэмшчыка назвала супрацьдзеяньнем канстытуцыйнаму праву чалавека на атрыманьне юрыдычнай дапамогі.

Марына Кавалеўская, перад тым як увайсьці ў турму, заявіла, што яе галоўная мэта ў Магілёве — знайсьці Андрэя Саньнікава. Яна перакананая ў тым, што яму неабходная юрыдычная дапамога — у матэрыялах яго справы ёсьць адпаведныя заявы, сказала яна.

Прабыла адвакатка ў турме некалькі хвілін. Потым выйшла й паведаміла, што Саньнікаў тут і яна будзе дамагацца сустрэчы зь ім. Праз гадзіну яна заявіла:

«Адмовілі ў сустрэчы афіцыйна. Начальнік калёніі адмовіў у сувязі з тым, што Андрэй Алегавіч зьяўляецца транзытным перасыльным. Начальнік калёніі не спаслаўся ні на нейкія палажэньні правілаў унутранага распарадку, ні на палажэньні закону. Я гэта разглядаю як парушэньне права на абарону, прадугледжанага Канстытуцыяй. Зьняволены мае права на юрыдычную дапамогу ў любы момант».

Спадарыні Кавалеўскай незразумелыя непасьлядоўныя дзеяньні адміністрацыі папраўчай установы. У верасьні падчас этапаваньня Саньнікава з Наваполацкай калёніі ў Бабруйскую начальства магілёўскай турмы дазваляла сустрэчы — цяпер не.

Дамагчыся сустрэчы са зьняволеным палітыкам адвакатка паспрабавала праз скаргі ў абласную пракуратуру і ўправу дэпартамэнту выканьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці. У пракуратуры параілі паразумецца з управай дэпартамэнту.

Ва ўправу дэпартамэнту спачатку адвакатку не пусьцілі. Спаслаліся на адсутнасьць начальніка. Скаргі прымалі на вуліцы. Вось як патлумачыла нядопуск адваката супрацоўніца ўправы ў званьні старшага лейтэнанта:

Супрацоўніца: «Я ня маю права без указаньня кіраўніцтва пускаць ва ўпраўленьне каго-небудзь».

Карэспандэнт: «То бок вам забаранілі пускаць адваката?»

Супрацоўніца: «Цяпер, у апошні час, так».

Пасьля прыняцьця скаргаў Марына Кавалеўская запатрабавала кнігу заўваг і прапановаў. З гэтым выйшаў разьбірацца маёр без імяннога бэджа:

Маёр: «Якія вашы прэтэнзіі?»

Кавалеўская: «Замест таго каб запрасіць мяне ў канцылярыю, прыняць маю заяву...»

Маёр: «Мы прынялі вашу заяву...»

Кавалеўская: «На вуліцы вы прынялі яе!»

Маёр: «Дык я не магу вас прыняць. Я ж з вамі тут гавару».

Кавалеўская: «Вось пра гэта я й напішу ў кнізе заўваг і прапаноў».

Пасьля гутаркі адваката з супрацоўнікамі дэпартамэнту да яго прыйшлі двое супрацоўнікаў міліцыі спэцыяльнага прызначэньня. Потым іх начальнік — падпалкоўнік Сяргей Волкаў. За імі яшчэ двое міліцыянтаў, у тым ліку намесьнік начальніка аддзелу міліцыі Магілёва падпалкоўнік Аляксандар Патарэнка. Яго першае пытаньне было, ці зьбіраюцца людзі праводзіць ля ўправы пікет у чыю-небудзь абарону.

Урэшце адвакатку пусьцілі ў памяшканьне дэпартамэнту, дзе яна й напісала скаргу ў кнігу заўваг і прапаноў пра недапушчальныя паводзіны яго супрацоўнікаў у дачыненьні да адваката.

Скаргу ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці Марыя Кавалеўская падпісвала звонку. Ва ўпраўленьне яе пусьцілі толькі пасьля настойлівага патрабаваньня даць ёй кнігу заўвагаў і прапановаў упраўленьня.
Скаргу ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці Марыя Кавалеўская падпісвала звонку. Ва ўпраўленьне яе пусьцілі толькі пасьля настойлівага патрабаваньня даць ёй кнігу заўвагаў і прапановаў упраўленьня.

Акрамя скаргі на неправамерныя дзеяньні начальніка турмы № 4 Аляксандра Ламазы ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, аналягічную заяву Марына Кавалеўская падала і ў абласную пракуратуру.

«Для адказу на звароты грамадзян існуюць тэрміны, а ў нас пытаньне, каб вырашыць праблему ў экстраным парадку. Зьвярнуць увагу на праявы незаконнасьці і аднавіць законнасьць. Трэба дазволіць чалавеку атрымаць юрыдычную дапамогу, прадугледжаную Канстытуцыяй. На жаль, гэтае пытаньне не вырашаецца», — камэнтуе сытуацыю Марыя Кавалеўская.

Заўтра магілёўскую турму № 4 зьбіраецца наведаць яшчэ адзін адвакат Андрэя Саньнікава — Андрэй Варвашэвіч. Ён таксама будзе дамагацца сустрэчы са зьняволеным палітыкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG