Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларусь стала ўласным гародам для Расеі"


Прадукцыя фэрмэрскіх гаспадарак Віцебшчыны масава вывозіцца на продаж за ўсходнюю мяжу. Прадаваць сельгаспрадукцыю ў Беларусі нявыгадна: з аднаго боку, дзяржава штучна стрымлівае падвышэньне цэнаў, а з другога — патрабуе вяртаньня банкаўскіх крэдытаў.


З 15 лістапада на Віцебшчыне дзейнічае адмысловае рашэньне аблвыканкаму, якое абмяжоўвае рост цэнаў на бульбу ды гародніну. У рашэньні мясцовых уладаў зафіксавана, прыкладам, што ў пэрыяд да наступнага траўня цана за кілё бульбы штомесяц можа падвышацца ня больш як на 90—150 рублёў. На дадзены момант верхняя мяжа цэнаў наступная: бульба ня можа каштаваць даражэй за 3 580 рублёў, капуста — 3 400 рублёў, морква — 3 750 рублёў. Гэта ўжо крамныя цэны — адпаведна, закуп ураджаю ў непасрэднага вытворцы адбываецца па ніжэйшых коштах.

Таму рашэньне аблвыканкаму змушае шукаць выгаднейшыя рынкі збыту, разважае фэрмэр Аляксей з-пад Полацку:

"Калі бульбы — заваліся, і яе не прадаць, то ў нас цяпер праблема са збытам — мы ня ведаем, куды яе прадаваць. Але ёсьць бюракратычны апарат, і раз на год у гэты час яны прымаюць рашэньне. Яно, па вялікім рахунку, увогуле ні пра што…"

І фэрмэры, і нават дзяржаўныя гаспадаркі імкнуцца знайсьці перакупшчыкаў, якія забяруць прадукцыю па вышэйшых коштах. Як правіла, з усходніх рэгіёнаў Беларусі бульбу, моркву і капусту вязуць на продаж у Расею, апавёў аршанскі фэрмэр Адам Сапежка:

"Пры такіх коштах, вядома, найвыгадней завезьці ў Расею. Нам, фактычна,
Нам, фактычна, даводзіцца працаваць для расейскага стала ...

даводзіцца працаваць для расейскага стала, мы сталі іхным расейскім гародам — столькі беларусы туды завезьлі бульбы, капусты ды іншага ўсяго! У Смаленск пруць усё і ўсе — і берасьцейцы нават, і гарадзенцы… А іхныя фэрмэры, якія аднекуль з-пад Піцера — як яны цяпер нас памінаюць, беларусаў! Але ж я мушу мець хаця б нейкі прыбытак са свае працы, інакш навошта ўвогуле пачынаць гэткую справу!"

Лішак беларускай гародніны справакаваў абвал цэнаў на сельгаспрадукцыю і ў бліжэйшых расейскіх рэгіёнах, кажа спадар Сапежка. Так што надзея на ўдалы збыт таксама ўжо не апраўдваецца. Між тым грошы вытворцам сельгаспрадукцыі дужа патрэбныя: і прыватнікі, і дзяржаўныя гаспадаркі сёлета набралі вялікія крэдыты, якія цяпер трэба аддаваць. Паводле Агенцтва фінансавых навінаў, сукупная запазычанасьць сельскай гаспадаркі перад банкамі складае 17 трыльёнаў рублёў і можа вырасьці яшчэ на 3,5 трыльёна рублёў да канца 2012 году.

Крэдытавалі ўсіх ахвотных, і ў выніку сельскагаспадарчай прадукцыі было вырашчана столькі, што цяпер яе немагчыма прадаць. Унутры краіны кошты штучна стрымліваюцца, рынак бліжэйшага замежжа перанасычаны, у выніку крэдыты шмат хто вярнуць ня зможа, перакананы аршанскі фэрмэр:

"Сёньня такі лішак сельскагаспадарчай прадукцыі, што я не разумею: як можна акупіць гэтыя крэдыты па такіх нізкіх коштах! Вядома, так крэдыты ніхто ня верне. А наступным годам шмат хто зарачэцца нешта сеяць, бо і крэдыту больш не дадуць, і страты яшчэ ад гэтага году! Хто будзе сеяць, калі адзін раз згноіш усё, другі… Падрэзалі кошты і думаюць, што зрабілі добра? А куды яны ўсю прадукцыю падзенуць?"

У пераважнай колькасьці сельскіх гаспадарак няма сучасных сховішчаў, каб захаваць гародніну да вясны. Такім чынам, па гарантаваных віцебскім аблвыканкамам танных цэнах ні капусты, ні морквы ў траўні проста ня знойдзеш: шмат што, не прададзенае на экспарт, проста сапсуецца. І купляць давядзецца зноў-такі замежную гародніну — галяндзкую ці польскую, і то нашмат даражэй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG