Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заявіла аб пачатку актыўнай дэпартацыі нелегальных таджыцкіх мігрантаў. Тым часам Таджыкістан плянуе накіраваць гэтых дэпартаваных у Беларусь.


«Нам ня трэба баяцца дэпартацыі нашых працоўных мігрантаў з Расейскай Фэдэрацыі, паколькі адкрыты шлях працоўнай міграцыі ў Беларусь. Мы зьбярэм дэпартаваных мігрантаў і накіруем іх у Беларусь» – цытуе агенцтва «РИА Новости» Сафіялу Дэванаева зь Міграцыйнай службы пры таджыцкім урадзе.

Паводле агенцтва, міждзяржаўнае пагадненьне дзьвюх краінаў аб часовай працоўнай дзейнасьці грамадзянаў Таджыкістану і Беларусі было падпісана 28 кастрычніка ў Душанбэ на заканчэньне афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі.

Наш калега з таджыцкай службы Радыё Свабода Нармахмад Холаў сказаў нам пра тое, што паведамлялі таджыцкія СМІ ў кастрычніку ў сувязі з гэтым пагадненьнем аб працоўных мігрантах:

Нармахмад Холаў

Нармахмад Холаў

«Падчас візыту прэзыдэнта Беларусі ў Таджыкістан таджыцкая прэса паведаміла, што Беларусь гатовая прыняць працоўных мігрантаў з Таджыкістану. Прэса пісала, што побач зь іншымі дакумэнтамі бакі падпісалі і адпаведнае пагадненьне аб мігрантах. Журналісты паведамлялі, што ў Беларусі ёсьць адмысловыя аграгарадкі з прысядзібнымі ўчасткамі і што калі працоўныя мігранты, то бок грамадзяне Таджыкістану, прыедуць у Беларусь, ім будуць бясплатна раздаваць гэтыя дамы, і яны змогуць нават завесьці сабе гаспадарку».

Тэма нелегальнай міграцыі таджыкаў у Расеі ўсплыла пасьля таго, як суд у Таджыкістане 8 лістапада засудзіў расейскага лётчыка і яго эстонскага калегу да васьмі з паловай гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы іх вінаватымі ў кантрабандзе, нелегальным перасячэньні мяжы і парушэньні правілаў палётаў. Расея назвала прысуд палітычна матываваным і паабяцала захады ў адказ.

У дзяржаўных ведамствах Беларусі Свабодзе адмовілі ў афіцыйным камэнтары наконт заявы таджыцкага прадстаўніка, аднак неафіцыйна выказалі меркаваньне, што пагадненьне паміж Беларусьсю і Таджыкістанам аб часовай працоўнай дзейнасьці наўрад ці паўплывае на беларускае заканадаўства аб статусе замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якое ў Беларусі даволі строгае.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь, колькасьць асоб, якія прыбылі ў I паўгодзьдзі 2011 году ў краіну на сталае пражываньне, склала 8378 чалавек (аналягічны пэрыяд 2010 г – 7949). У 2009 годзе ў Беларусь на сталае месца жыхарства прыехала 19892 чалавекі, ў 2008 годзе – 17413 чалавек.

Асноўны міграцыйны прыток імігрантаў ідзе з краін СНД, (2010 г. – 14303 чалавекі, І паўгодзьдзе 2011 г. – 7107) у тым ліку Расеі (2010 г – 9268; паўгодзьдзе 2011 г – 4848.). На долю імігрантаў з краін СНД прыпадае больш за 80% усяго іміграцыйнага патоку.

У цяперашні час у органах унутраных спраў знаходзяцца на ўліку 138115 замежных грамадзян і 7693 асобы без грамадзянства, якія маюць дазвол на сталае пражываньне.

Таксама павялічыліся патокі зьнешняй працоўнай міграцыі ў Рэспубліку Беларусь. За 6 месяцаў 2011 году ў Беларусь на працу па кантракце прыбылі 5037 чалавек (2639 за аналягічны пэрыяд 2010 году). Асноўная колькасьць працоўных мігрантаў склалі грамадзяне Украіны (2377), Літвы (530), Кітаю (444), Малдовы (270), Узбэкістану (265) і Латвіі (252).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG