Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп: Гэта нагадвае захоп закладнікаў


Ірына Халіп на прыступках Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў

Ірына Халіп на прыступках Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў

Паводле Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, Андрэя Саньнікава этапавалі ў Віцебскую вобласьць. У праваабаронцаў аднак ёсьць зьвесткі, што ён застаецца ў Бабруйскай калёніі і зьмешчаны ў штрафны ізалятар. Дзе ён знаходзіцца насамрэч?

Госьця «Свабоды» – Ірына Халіп, жонка Андрэя Саньнікава.

Соўсь: Ірына, якая самая апошняя інфармацыя пра Андрэя Саньнікава?
Халіп: Ні першая, ні другая інфармацыя не пацьверджаная і не абвергнутая. Так што дзе насамрэч знаходзіцца Андрэй, я ня ведаю. Але мы зь яго адвакатамі вырашылі ўсё ж дапусьціць такую магчымасьць, што яго этапавалі, і таму заўтра адвакат паедзе ў Магілёўскую турму. Бо калі, як мне сказалі ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, яго этапуюць праз Магілёў, а ў Магілёве сапраўды «перасылка», тады ён проста абавязаны знаходзіцца менавіта там. І калі заўтра зранку не пацьвердзіцца, што ён у Магілёве, тады адвакат паедзе зноў у Бабруйск. І калі ўжо і там не пацьвердзіцца, тады я ня ведаю, тады напэўна ўся «Эўрапейская Беларусь» разьедзецца па розных зонах яго шукаць.

Соўсь: Дзеля чаго мог спатрэбіцца трэці этап?

Халіп: Мне здаецца, што сытуацыя вельмі нагадвае захоп закладнікаў, калі за закладнікаў адмаўляюцца плаціць. Тэрарысты патрабуюць 9 мільярдаў, напрыклад, а ім кажуць – не, мы з тэрарыстамі ў перамовы не ўступаем, плаціць ня будзем, патрабуем вызваленьня. Што тады робяць з закладнікамі? Узгадайце, як гэта было гістарычна. Пачынаюць прысылаць па пошце адрэзаныя пальцы і гэтак далей. Гэта значыць, закладнікаў даводзяць да горшага стану, каб стварыць такую сытуацыю, што маўляў вось глядзіце, калі вы не заплаціце, дык усё, далей толькі сьмерць, толькі забойства. Я абсалютна ўпэўненая, што ніякі там Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, ніякія там адміністрацыі розных калёній... Гэта ня іхныя ўсё ідэі. Усе яны выконваюць загады зь Менску. Хто дае гэтыя загады, усе мы ведаем. Апошнімі тыднямі ціск на ўсіх палітвязьняў стаў больш моцным. Але людзі ўсё роўна не ламаюцца.

Цалкам размову можна паслухаць тут:

Гутарка з Ірынай Халіп 16 лістапада 2011 году
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG