Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё цяпер пераходзіць у рукі Віктара Лукашэнкі і ягонай каманды»


Сяргей Сацук
Сяргей Сацук
Беларускі вайсковы суд 15 лістапада абвясьціў прысуды ў так званай «справе Грамовіча». Да крымінальнай адказнасьці было прыцягнута 36 чалавек, большасьць зь якіх былі службовымі асобамі мытні «Заходні Буг» і Ўпраўленьня КДБ Берасьцейскай вобласьці. Амаль усім фігурантам справы вынесеныя апраўдальныя прысуды. Што азначае гэтае рашэньне суду з пункту гледжаньня барацьбы розных груповак у сілавых ведамствах? Як уплывае на сытуацыю ў сілавых структурах стварэньне Сьледчага камітэту?

На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар электроннай газэты «Ежедневник» Сяргей Сацук.

Цыганкоў: У «справе Грамовіча» ўсе прадстаўнікі памежных войскаў і КДБ былі апраўданыя. Пра што гэта кажа ў катэгорыях барацьбы паміж рознымі сілавымі ведамствамі?

Сацук: Барацьба ў сілавых ведамствах закончылася даўно, гады два таму. Гэта толькі адгалоскі той барацьбы. За матыў апраўданьня ўзята тое, што сьледчая Байкова падчас расьсьледаваньня перавысіла свае паўнамоцтвы. На падставе гэтага доказы, сабраныя яе камандай, былі прызнаныя несапраўднымі.
Барацьба ў сілавых ведамствах закончылася даўно

Гэта адгалоскі старой барацьбы сілавых ведамстваў, якой ужо няма. Зараз усё ідзе ў адзін бок, да Віктара Лукашэнкі.

Цыганкоў: А як можна з гэтага пункту гледжаньня расцаніць стварэньне Сьледчага камітэту? Можа, кіраўнік дзяржавы вырашыў стварыць структуру, якая будзе процістаяць групоўцы, што запанавала ў сілавых ведамствах?

Сацук: Не, наадварот. Калі вы заўважылі, падчас прызначэньня старшыні Сьледчага камітэту побач сядзеў Віктар Лукашэнка. І прызначэнец менавіта з каманды Віктара Лукашэнкі. Спачатку пазыцыя старэйшага сына кіраўніка дзяржавы была ўзмоцненая праз КДБ і Памежны камітэт, потым праз Інфармацыйна-аналітычны цэнтар, а цяпер і празь Сьледчы камітэт. Так што ўсё цяпер пераходзіць у рукі Віктара Лукашэнкі і ягонай каманды.

Цыганкоў: Хіба не зьяўляецца такая сытуацыя палітычна небясьпечнай для кіраўніка дзяржавы? Бо цяпер ён атрымлівае інфармацыю толькі з адных вуснаў...

Сацук: Так, безумоўна, гэта ўвогуле няправільная сытуацыя. Так, барацьба паміж сілавымі ведамствамі мела свае нэгатыўныя наступствы, бо супрацоўнікі часам змагаліся паміж сабой, а не займаліся справай. Але ж Лукашэнка мог выслухоўваць розныя пункты гледжаньня, і мог прымаць аб’ектыўныя рашэньні.

Цяпер жа яму будзе даводзіцца толькі адзін пункт гледжаньня, адна пазыцыя — Віктара Лукашэнкі і ягонай каманды. Таму памыліцца ў такіх абставінах значна прасьцей, і памылка будзе больш прыкметнай.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG