Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што наступнае акупуе рух «Захапі Ўол-Стрыт»?


Суд Нью-Ёрку пакінуў у сіле рашэньне гарадзкіх уладаў аб ліквідацыі намётавага мястэчка пратэстоўцаў у Зукоці-парку. Але, на думку некаторых, гэта ня спыніць рух пратэсту, які набыў усеамэрыканскі і нават глябальны характар.

Учора ў Нью-Ёрку паліцыя прымусова зьліквідавала намётавае мястэчка пратэсту, пры гэтым былі арыштаваныя каля 200 чалавек.

У той жа дзень у Нью-Ёрку судзьдзя Вярхоўнага суду пастанавіў, што канстытуцыйнае права на свабоду слова не дае пратэстоўцам права начаваць пад адкрытым небам на плошчы нявызначаны тэрмін.

Судзьдзя ня выключыў, што ўдзельнікам маніфэстацыі будзе дазволена вярнуцца ў парк, але без намётаў і электрычных генэратараў.

Пратэстоўцы абяцаюць вярнуцца, нягледзячы на ліквідацыю намётавых мястэчак ня толькі ў Нью-Ёрку, але і ў іншых гарадах ЗША напачатку гэтага тыдня.

Праўда, незразумела, як доўга могуць працягвацца вулічныя акцыі ва ўмовах наступленьня зімовых халадоў.

Гэта робіцца праблемай ня толькі ў ЗША, але і ў іншых краінах, на якія распаўсюдзіўся рух «Захапі Ўол-Стрыт» і ў якіх улады пачынаюць займаць усё больш жорсткую пазыцыю адносна актывістаў гэтага руху.

Учора ў Лёндане ўлады далі актывістам, якія жылі ў намётавым мястэчку каля сабору Сьвятога Паўла пачынаючы зь сярэдзіны кастрычніка, некалькі гадзінаў, каб прыбраць намёты і пакінуць мястэчка. У Парыжы, дзе некалькі соцень пратэстоўцаў спрабавалі зладзіць намётавае мястэчка ў раёне Ля Дэфанс, паліцыя дзейнічала яшчэ больш жорстка, намёты разбураліся штодня, пры гэтым канфіскоўваліся нават коўдры і прадукты харчаваньня.

Рух «Захапі Ўол-Стрыт» хутка распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце, удзельнікі гэтага руху стваралі ў апошнія месяцы намётавыя мястэчкі пратэсту ў 25 краінах – ад Гішпаніі да Малайзіі.

Мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг патлумачыў сваё рашэньне ліквідаваць лягер у Зукоці-парку наступным чынам:

Блумбэрг: З самага пачатку я сказаў, што горад мае дзьве асноўныя мэты: гарантаваць здароўе і бясьпеку насельніцтва і забясьпечыць пратэстоўцам выкананьне першай папраўкі да Канстытуцыі – гэта значыць, права на свабоду выказваньняў. Але калі гэтыя дзьве мэты прыйшлі ў супярэчнасьць, здароўе і бясьпека насельніцтва для нашых службаў – паліцыі, пажарных, мэдычных службаў павінны быць прыярытэтам.

Экспэрты і ўдзельнікі руху «Захапі Ўол-Стрыт» кажуць, што ён можа прымаць розныя формы, і гэта неабавязкова будзе фізычнае заняцьце грамадзкіх месцаў. Посьпех руху будзе залежаць ад зьяўленьня лідэраў, якія змогуць сфармуляваць канкрэтныя патрабаваньні, зрабіць рух часткай палітычнага працэсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG