Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злачынствы на глебе нянавісьці або нецярпімасьці працягваюць заставацца сур'ёзнай праблемай у рэгіёне АБСЭ і нават ставяць пад пагрозу яго стабільнасьць. Гэта высновы дакладу, апублікаванага Бюро АБСЭ ў справе дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) 16 лістапада, у Міжнародны дзень цярпімасьці.

Паводле дакладу, які ахоплівае 2010 год, у краінах рэгіёну было зафіксавана шмат выпадкаў запалохваньня, пагрозаў, вандалізму, падпалаў, нападаў і забойстваў у адносiнах да фiзычных асоб або груп з-за іх этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасьці. Даклад утрымлівае асобныя разьдзелы пра злачынствы расісцкага зьместу, гвалту ў дачыненьні да мусульман, хрысьціян, габрэяў ці іншых рэлігій, асобных этнічных групаў (напрыклад, цыганоў).

Прадстаўляючы высновы дакладу, сваю занепакоенасьць выказаў Янэз Лянарчыч, дырэктар БДІПЧ. Ён залічыў злачынствы на глебе нянавісьці да асабліва цяжкіх злачынных дзеяньняў, паколькі яны наносяць шкоду ня толькі асобе або групе, але цэлай супольнасьці, да якой належыць ахвяра.
Паводле аўтараў дакладу, глябальны эканамічны крызіс стаў адным з фактараў, які пасадзейнічаў росту злачынстваў на глебе нянавісьці. Але поўную карціну зьявы ці яе тэндэнцыі аўтары не бяруцца вызначыць з-за шматлікіх прабелаў у неабходнай інфармацыі. Статыстыка дакладу падаецца на аснове як афіцыйных зьвестак ад урадавых устаноў 33 краінаў, так і сотні няўрадавых арганізацый.

Зьвесткі па беларускай сытуацыі не навейшыя за 2009 год. Так, паводле дакладу ў 2009 годзе міліцыяй зафіксавана 72 выпадкі злачынстваў, зьвязаных з распальваньнем нацыянальнай варожасьці або зьнявагай культурных ці рэлігійных каштоўнасьцяў. Зь іх да суду дайшлі 3 выпадкі ( за 2008 г. адпаведна 70 выпадкаў да аднаго). Зьвесткі па краінах прытым даволі складаныя для параўнаньня. Так, у сувымернай зь Беларусьсю Чэхіі даклад фіксуе за 2009 год 265 выпадкаў, але сюды ўключаныя ўсё выпадкі экстрэмісцкага кантэксту. У Фінляндыі іх зафіксавана 1004, але ўлады гэтай краіны сюды далучылі і выпадкі з кантэкстам рознага роду дыскрымінацыі. Беларусь была сярод шэрагу краінаў, якія не прадставілі БДІПЧ інфармацыю пра злачынствы супраць асоб іншай полавай арыентацыі, але недзяржаўныя арганізацыі паведамілі пра шэсьць выпадкаў нападу, тры зь іх закончыліся сур’ёзнымі цялеснымі пашкоджаньнямі.

Аўтары дакладу адзначаюць таксама, што асаблівай падставай для занепакоенасьці ў 2010 годзе было стаўленьне да праваабаронцаў. Многія зь іх былі аб’ектамі нападаў, перасьледу і запалохваньняў. Тым ня менш, пакуль спэцыяльнай статыстыкі ў гэтым разьдзеле не вядзецца, паколькі статус праваабаронцы не зьяўляецца «абарончай характарыстыкай». Тым ня менш у некаторых дзяржавах напады на праваабаронцаў фіксуюцца як злачынствы з кантэкстам нецярпімасьці, або як палітычныя злачынствы. Беларускі кантэкст у дакладзе на гэтую тэму адсутнічае (зьвесткі пададзеныя да 2009 году).
XS
SM
MD
LG