Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Беларускага хэльсынскага камітэту Алег Гулак, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч і палітоляг Уладзімер Мацкевіч камэнтуюць прапанову амэрыканскага кангрэсмэна.

Старшыня Хэльсынскай камісіі ЗША, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт на слуханьнях камісіі ў справе Беларусі 15 лістапада прапанаваў зьвярнуцца да адміністрацыі прэзыдэнта ЗША з заклікам да падрыхтоўкі абвінавачваньня Аляксандру Лукашэнку ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе. Амэрыканскі кангрэсмэн быў уражаны выступам былога кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча пра катаваньні і зьдзекі ў турме КДБ. Наколькі рэалістычная ініцыятыва спадара Сьміта?

Старшыня Беларускага хэльсынскага камітэту Алег Гулак цалкам падзяляе занепакоенасьць свайго амэрыканскага калегі сытуацыяй у Беларусі:

Гулак: Так, на жаль, сёньня шмат сьведчаньняў таго, што ў Беларусі сур'ёзныя сыстэмныя парушэньні правоў чалавека. Наколькі пры гэтым можна скарыстаць Гааскі суд, я сказаць не гатовы. Тут ёсьць праблема ў тым, што палітыкі могуць сабе дазволіць менавіта палітычнага кшталту рэчы. А мне як праваабаронцу, як юрысту ўсё ж такі патрэбныя больш дакладныя фармулёўкі. Зьвярнуцца магчыма, але трэба яшчэ канкрэтныя абвінавачаньні выставіць і працэдуру выканаць. Пытаньне, зноў жа, перш за ўсё, у абвінавачаньнях і доказах.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што заяву Крыстафэра Сьміта трэба разглядаць у першую чаргу як палітычную, а не юрыдычную:

Янукевіч: Аднак тое, што такія заявы гучаць, гэта вельмі кепска для Беларусі, і ў гэтым наўпроставая віна беларускіх уладаў, што на такім высокім узроўні гучаць параўнаньні беларускіх уладаў са злачынцамі, на сумленьні якіх жыцьці тысячаў грамадзянаў іхніх краінаў. І зноў жа: на сёньняшні момант не стаіць пытаньне ў прававым рэчышчы, але тое, што так пытаньне ставіцца нават у палітычным пляне, — гэта ясны сыгнал для беларускіх уладаў. Вельмі добра, што ўвага да Беларусі ў сьвеце, у Злучаных Штатах Амэрыкі застаецца высокай.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч кажа, што пытаньне пра зварот у Гааскі суд наконт злачынстваў кіраўнікоў беларускага ўраду даўно, так бы мовіць, вісіць у паветры. Але зьвярнуцца туды ня так проста, таму што Беларусь — ня сябра Рады Эўропы, і ў саміх беларусаў абмежаваныя магчымасьці. Але калі справа ініцыяваная звонку, гэта цалкам магчыма:

Мацкевіч: Іншая справа — рэалістычнасьць гэтага. То бок ёсьць за што зьвярнуцца да гэтага суду. А вось ці прыме суд да разгляду гэтую справу, ці дастатковай будзе доказная база — гэта іншая рэч. На жаль, мяркую, што з гэтым у нас ня вельмі добра. Але ж сам па сабе такі зварот у Гааскі суд ужо шмат пра што кажа. І, думаю, гэта правільны кірунак. Бо так гвалтоўна, так брутальна ігнараваць усе і ўсясьветныя нормы міжнародных адносінаў, і правы чалавека — для эўрапейскай краіны проста ўжо брыдка і немагчыма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG