Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма стварыць бомбу так, як гэта нібыта зрабіў Канавалаў?


Дзьмітрый Канавалаў
Дзьмітрый Канавалаў
Дзьмітры Канавалаў зрабіў выбухоўку і сабраў бомбу ў склепе свайго дому. Гэтак цьвердзіць крымінальная справа аб тэракце ў менскім мэтро, якая цягам двух месяцаў разглядалася ў Вярхоўным судзе. Ці сапраўды магчыма зрабіць выбухоўку ва ўмовах, якія пазначаныя ў крымінальнай справе?

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы аб тэракце ў менскім мэтро ды іншых выбухах, абвінавачаны Дзьмітры Канавалаў самастойна вырабіў бомбу ў падвале свайго дому на вуліцы Рэпіна ў Віцебску. Бомба, якая была ўзарваная ў мэтро 11 красавіка, складалася з асноўнай выбухоўкі, дэтанацыйнага выбуховага рэчыва, прыстасаваньня, каб лавіць сыгнал ад дыстанцыйнага пульта, і паражальных элемэнтаў. На сьледчым экспэрымэнце Канавалаў прадэманстраваў, як ён зьбіраў бомбу, з кампанэнтаў, якія імітавалі рэальныя. Але так і не было прадэманстравана, ці змог бы ён вырабіць выбухоўку і дэтанатар, як кажуць, з «чыстага аркуша». Пра гэта сказаў Сяргей Ханжанкоў, былы савецкі дысыдэнт, які адбыў у мардоўскіх лягерах тэрмін за спробу ўзарваць у Менску ў 60-я гады вежу-радыёглушылку. Спадар Ханжанкоў збольшага адказвае станоўча на пытаньне, ці магчыма ва ўмовах і са складнікаў, якія былі даступныя Канавалаву, стварыць бомбу, аналягічную той, якая ўзарвалася ў мэтро 11 красавіка:
Можна набыць кампанэнты проста ў крамах, тую ж аміячную салетру

«Так, гэта магчыма, тым болей калі чалавек гэтым займаўся зь дзяцінства, з 14 гадоў. Можна набыць кампанэнты проста ў крамах, тую ж аміячную салетру. Гэта можна было і ў наш час, адно што салетру немагчыма было купіць у краме, бо тады лецішчаў было няшмат і мінэральныя ўгнаеньні ў крамах не прадавалі. Але тая ж салетра ляжала кучамі на палетках, распушчалася пад дажджамі. У нас таксама быў варыянт зрабіць выбухоўку з салетры».

Паводле сьледзтва, для дэтанацыі Канавалаў вырабляў гэтак званую «кісу» — вельмі няўстойлівае рэчыва, якое вырабляецца з ацэтону, сернай кіслаты ды іншых кампанэнтаў. Рэцэпт «кісы» быў запісаны ў сшытку Канавалава, які знайшлі ў ягоным падвале. Прыстасаваньні з падвалу Канавалава цалкам забясьпечвалі працэс вырабу «кісы», палічылі сьледчыя. Гэты рэцэпт Канавалаў нібыта ўзяў з інтэрнэту. На думку Сяргея Ханжанкова, і тут сьледзтва не дапрацавала:

«Яны мусілі даць яму кампутар — і, калі ласка, знайдзі. Як ты тады знайшоў, гэтак і зараз знайдзі».

Адзін са склепаў у доме Канавалава.
Прафэсійны хімік Маргарыта, якая прасіла не называць яе прозьвішча, таксама мяркуе, што ўсе неабходныя рэчывы для вырабу асноўнай і дэтанацыйнай выбухоўкі магчыма набыць у адкрытым продажы ці на рынку, як набываў кіслату Канавалаў. Але што да працы ва ўмовах склепу, Маргарыта адзначае:

«Абавязкова патрэбная выцяжка. Абавязкова, бо надыхаесься гэтак, што хутка можаш страціць прытомнасьць. А астатняе — справа тэхнікі. Калі чалавек думае пра сваё здароўе, абавязкова будзе працаваць з вэнтыляцыяй».

Склеп, у якім, паводле сьледзтва, рабіў бомбу Канавалаў, адмысловай вэнтыляцыі ня меў. Паветра выходзіла праз шчыліны ў дзьвярах. Пасьля тэракту ад жыхароў дому журналістам стала вядома, што ў пад’езьдзе, дзе быў склеп Канавалава, часта пахла ацэтонам. Між тым у судзе гэтыя зьвесткі не прагучалі.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў прысутнічаў на некаторых пасяджэньнях працэсу над Кававалавым і Кавалёвым. Што думае Павал Левінаў пра тое, ці мог Канавалаў зрабіць бомбу?
У матэрыялах справы ёсьць вынікі экспэртызы, у тым ліку адносна бомбы 2008 году, дзе сказана, што такую бомбу ня мог сабраць дылетант

«У матэрыялах справы ёсьць вынікі экспэртызы, у тым ліку адносна бомбы 2008 году, дзе сказана, што такую бомбу ня мог сабраць дылетант. Што мусілі зьбіраць у лябараторных умовах. І што чалавек мусіў мець веды большыя, чым каб выступаць на раённых алімпіядах. Так, я не адмысловец, але я ня веру, што гэта зрабілі тыя хлопцы».

Паводле матэрыялаў справы, у Канавалава падчас ператрусу была знойдзеная дыстанцыйная прылада «Космас», каб перадаваць сыгнал на адлегласьць да 150 мэтраў. Паводле сьледзтва, падобная прылада была выкарыстаная, каб ініцыяваць бомбу ў менскім мэтро. На допыце пасьля затрыманьня Дзьмітры Канавалаў казаў, што пульт, якім адправіў сыгнал да бомбы, ён выкінуў у сьметніцу каля ўваходу ў «Белсьвісбанк» на плошчы Свабоды. Аднак пульт у матэрыялах справы не фігуруе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG