Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступаюць халады — распальваюцца канфлікты ў ЖКГ


Папярэджаньне неплацельшчыкам у Віцебску.
Папярэджаньне неплацельшчыкам у Віцебску.
Жыроўкі за аплату жыльлёва-камунальных паслуг за мінулы месяц істотна вырасьлі. Апрача таго камунальныя службы ўвялі ліміты на спажываньне вады ды электраэнэргіі, перарасход якіх аплачваецца па яшчэ большых тарыфах. Але камунальная сфэра ўсё роўна застаецца стратнай, што выклікае непаразуменьні і канфлікты.




Віцебшчына


У Барані пагражаюць калектыўным страйкам

Працаўнікі камунальнай службы горада Барань Віцебскай вобласьці адмовіліся прыступаць да працы, пакуль адміністрацыя прадпрыемства «Воршакамунгас» не апабяцала ім падвысіць заробкі.

15 лістапада ў ЖЭУ № 8 Барані сабралася ўсё начальства — і галіновае, і гарадзкое. Пад пагрозай бестэрміновага страйку заробак працаўнікам ЖЭУ ўсё-ткі паабяцалі падвысіць. Але, на думку мясцовага актывіста Віктара Міхасёва, пэўнасьці ў гэтым няма:

«Я пытаўся: „Дык скажыце, на колькі вам начальства абяцала падвысіць заробак?“ А яны кажуць: „Мы ня ведаем, але начальнік нам жалезна паабяцаў, што з 1 сьнежня заробак павялічыцца“. Толькі невядома, на колькі. Бо людзі ня дужа разумеюць, як той заробак налічваецца. А на сходзе імі маніпулююць, і простыя людзі задаволеныя — ім заробак абяцалі падняць! Гэта радасьць: хоць чагосьці дамагліся!»

За кошт чаго заробкі падвышаюцца, камунальнікі ня ведаюць. А вось як іх могуць зрэзаць — некаторыя адчулі на сабе. Шмат гадоў запар Віктар Міхасёў быў дэпутатам Бараньскага гарсавету, і майстры ЖЭУ № 8 неаднойчы скардзіліся яму: ім здымаюць прэміі за тое, што на ўчастку ёсьць такія, хто завінаваціўся за камунальныя паслугі:
Калі ёсьць даўжнікі, з камунальнікаў здымаюць прэміі

«Як можа майстар адказваць за тых, хто ня плаціць за кватэру? Як ён можа хадзіць іх ды пераконваць разьлічыцца? І такім чынам можна зь іх штомесяц здымаць нейкія адсоткі, бо даўжнікі на пэўную суму ёсьць заўжды! І іх колькасьць не зьмяншаецца. У нашым ЖЭУ працуюць ужо два інжынэры па працы з насельніцтвам — гэта якраз тыя, што ходзяць па тых, хто завінаваціўся за камунальныя паслугі».

У розных рэгіёнах Віцебшчыны запазычанасьці спаганяюць па-свойму. У Воршы, прыкладам, нават настаўнікаў абавязалі хадзіць па сем’ях вучняў, якія завінаваціліся квартплату, ды любым чынам пераконваць, каб разьлічыліся.

У Полацку для выкананьня гэтай функцыі ўвялі асобную працоўную адзінку, апавяла супрацоўніца мясцовай структуры ЖКГ:

«У кожным домакіраўніцтве ўвялі пасаду інспэктара па выкананьні даручэньняў. Яны ходзяць па даўжніках, уручаюць папярэджаньні, праводзяць гутаркі — дзе працуюць даўжнікі, як жывуць… І ўсе арганізацыі Полацку папрасілі супрацоўнічаць з ЖКГ. Гэта так: перадае, да прыкладу, прадпрыемства «Шкловалакно» сьпіс сваіх працаўнікоў. А нашы супрацоўнікі глядзяць, ці ёсьць у іх завінавачанасьць. Калі ёсьць, то пішам зварот да кіраўніцтва арганізацыі: «Дапамажыце! Такі і такі ня плоціць за нашы паслугі!»

Гомельшчына


Цэны на паслугі растуць, а камунальная гаспадарка — у даўгах

Чарговае падвышэньне тарыфаў камунальных паслуг балюча ўдарыла па сямейных бюджэтах насельніцтва. Асабліва цяжка пэнсіянэрам.

Гомельская пэнсіянэрка Галіна з вуліцы Катуніна:

«Газ падаражэў і вада падаражэла — вельмі дарагая. Я пэнсіянэрка, вэтэран працы, сорак гадоў адпрацавала ў мэдыцыне. Цяжкія часы былі ў вайну — засталіся толькі ўдваіх зь сястрыцай. І выжылі. Ледзяшы грызьлі замест цукерак. Цяпер ледзяшоў не грызем. Але ўсё роўна вяртаемся туды — кола фартуны чамусьці павярнулася назад. Чаму — ня ведаем».

Спадарыня Галіна кажа, што атрымала падвышаную пэнсію ў памеры 860 тысяч рублёў. Але пасьля аплаты камунальных паслуг, куплі лекаў на пражыцьцё мала што застаецца. Адзеньня ўжо не купляе, бо і без таго даводзіцца залазіць у даўгі:
Ходзім у брэжнеўскай вопратцы, царства яму нябеснае

«Ходзім у брэжнеўскай вопратцы, царства яму нябеснае. Я атрымлівала раней на паўтары стаўкі 100 рублёў. Булачкі тады былі па 3 капейкі. Дык мы з мужам назьбіралі 10 тысяч савецкімі грашыма. Было, як кажуць, на чорны дзень. Сёньня — нічога няма. Пайшла па таблеткі — 50–70 тысяч. Я не дажываю да чарговай пэнсіі. 150 тысяч завінавацілася — саромеюся прасіць у дзяцей».

Тым часам Гомельскія камунальныя начальнікі сьцьвярджаюць, што насельніцтва Гомеля сёньня сплачвае толькі каля 21 адсотка ад рэальнага кошту паслуг ЖКГ. Таму, маўляў, ня варта дзівіцца росту камунальных плацяжоў. На гаспадарчую дзейнасьць «камуналка» і без таго ўзяла сёлета 17 мільярдаў рублёў крэдытаў, агулам яна вінная цяпер 30 мільярдаў рублёў.

Кабета ў гадах з вуліцы Жаркоўскага, якая назвалася Валянцінай, кажа, што, нягледзячы на рэгулярныя зборы плацяжоў на капітальны рамонт і тэхабслугоўваньне, жыльлёвы фонд у горадзе рамантуюць надзвычай кепска:

«32 гады жывем у доме, а капітальнага рамонту не было. Грошы за тэхабслугоўваньне бяруць, за капрамонт бяруць, а пра рамонт пакуль не чуваць. Спрабавалі самі сабраць сродкі, але ня ўсе пагаджаюцца, каб рамантаваць сваімі сіламі».

Пэнсіянэр Пётар моцна незадаволены становішчам, у якое загнала людзей коштамі цяперашняя ўлада:

«Я незадаволены цяперашнім часам. Наш народ надта памяркоўны. Гэта нас і губіць. Нездарма наш высокі таварыш кепікі строіць: „памяркоўны, разважлівы“. Ён яшчэ казаў расейскаму журналісту: расейскі мужык, ідучы ў бойку, сарочку рване на сабе і ідзе, а беларус — думае».

Магілёўшчына


Прычыны бальшыні канфліктаў у камунальнай сфэры рэгіёну — невысокія заробкі. Асабліва востра гэтая праблема адчуваецца ў невялікіх райцэнтрах.

Апэратар кацельні з райцэнтру Кіраўск Аляксандар кажа:

«Заробкаў няма ў людзей. Што было год таму, тое й цяпер. А цэны ж растуць. Жыць немагчыма людзям. Калі ўзьнікаюць пытаньні з начальствам — яны кажуць: „Пішы заяву ды звальняйся, шукай лепшую працу“. Тлумачаць так: адкуль мы возьмем грошы? Можна працу толькі зь меншым заробкам знайсьці. З большым — немагчыма. Трэба сваяком кагосьці быць».

Многія камунальнікі вымушаныя падпрацоўваць. Напрыклад, заробак сантэхніка ў райцэнтры Хоцімск ледзьве дацягвае да мільёна. У мясцовай ЖКГ адпрацаваў каля дзесяці гадоў спадар Міхаіл. Звольніўся. Цяпер рэгулярна наведвае Расею. Пра колішні свой заробак кажа:
Працуюць у ЖКГ толькі для таго, каб некалі атрымаць пэнсію

«Ну якія гэта нармальныя грошы? Дзіця апрануць трэба — два мільёны. Каб была нейкая альтэрнатыва, дзе працаваць, яны б звольніліся. Многія людзі зьяжджаюць. За кастрычнік звольнілася з нашага ЖКГ чалавек дзесяць і зьехалі. Многія знаходзяць любыя магчымасьці падпрацоўваць. Працуюць у ЖКГ толькі для таго, каб некалі атрымаць пэнсію».

Сытуацыя ў іншых камунальных гаспадарках вобласьці падобная. З кожным годам скаргаў ад насельніцтва на работу камунальнікаў толькі болей. Час ад часу камунальнае начальства наймае работнікаў на часовыя працы, бо вялікая цякучка кадраў. Некаторыя камунальнікі заяўляюць, што пратэстуюць там, дзе ёсьць калектыў, калі яго няма — то й пратэсту няма.


Гарадзеншчына


Падвышэньне камунальных плацяжоў найбольш адчуваюць на сабе пэнсіянэры. Як ім удаецца аплочваць жытло і жыць на сваю пэнсію? Наш гарадзенскі карэспандэнт запісаў меркаваньні некаторых зь іх.

Спадарыня: «Вядома, гэта істотна. Нейк выкручваесься, але настрой усё роўна падае, не падымаецца. Што там чытаць: усё расьпісана, колькі ёсьць — столькі і плоціш».
У мяне шэсьцьсот тысяч, і палову трэба будзе аддаць за кватэру. На што застаецца жыць?

Другая спадарыня: «Для мяне вельмі істотна. Я жыву на адну пэнсію, мне вельмі складана. Я яшчэ не атрымлівала пэнсію, дваццатага чысла толькі. Але ў мяне шэсьцьсот тысяч, і палову трэба будзе аддаць за кватэру. На што застаецца жыць? А лекі? На іх таксама вар’яцкія цэны. Увогуле, жахліва ўсё. Я, тым больш, адна жыву, без другой палавінкі, як гаворыцца. Калі ўдвох, усё-ткі трошачку лягчэй. А так на адну пэнсію даводзіцца жыць. Калі ты адна, гэта ўвогуле жахліва».

Першая спадарыня: «Пэнсія сёньня розная: у некага паўтара мільёна, у некага шэсьцьсот тысяч або пяцьсот. У мяне мільён, але ў аптэку страшна заходзіць. Нам трэба сардэчна-сасудзістыя, а ўсе нашы беларускія прэпараты я не купляю, на мяне ня дзейнічаюць. А імпартныя дарагія, трыста тысяч кожны месяц ідзе толькі на лячэньне».

Трэцяя спадарыня: «Пакуль што ня вельмі павялічыліся, пакуль што ня вельмі страшна. Не, ня тое што пэнсія вялікая. Я яшчэ падзарабляю, прыбіральшчыцай, таму яшчэ дадатковы ёсьць даход. Незалежна — ты прыбіральшчыца, ці інжынэр, ці чыноўнік — тое самае вылічваюць і з маленькага акладу, і зь вялікага. Трэба было б такім, як дворнік, прыбіральшчыца, не чапаць пэнсіяў, таму што заробкі невялікія, моладзь не ідзе сюды, толькі старыя. Але такі закон».

Берасьцейшчына


Людзі мерзнуць, але церпяць…

Халады даймаюць людзей нават на працы. Да прыкладу, на прадпрыемстве па вырабе спартыўнага абутку «Белкельме», што ў Белаазёрску на Берасьцейшчыне, пачатак ацяпляльнага сэзону абярнуўся скаргамі на нізкую тэмпэратуру на працоўных месцах.

Працаўнікі фабрыкі паскардзіліся кіраўніку Берасьцейскай рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Валянціну Лазарэнкаву на тое, што ў вытворчых памяшканьнях прадпрыемства нізкая тэмпэратура.

«На пачатку кастрычніка тэмпэратура на заводзе «Кельме» апусьцілася да 8 градусаў. Працаўнікі паставілі пытаньне спачатку перад інжынэрам па тэхніцы бясьпекі, які заявіў, што «вы можаце і не працаваць», — распавядае Валянцін Лазарэнкаў.

Паводле суразмоўцы, ня змог дапамагчы рабочым і афіцыйны прафсаюз. Таму ўрэшце працаўнікі зьвярнуліся да прафсаюзу незалежнага. Прафсаюзны лідэр Лазарэнкаў кажа, што працаўнікі «Белкельме» не пісалі ў гэтай праблеме заявы начальству, таму што баяцца канфлікту.

«Я патэлефанаваў дзяржаўнаму інспэктару па працы Бярозаўскага раёну і паведаміў яму пра гэтую сытуацыю. Ён зрабіў нейкія захады і потым патэлефанаваў мне, што пытаньне з тэмпэратурным рэжымам пацьвердзілася, але кіраўніцтва паабяцала, што яны нешта будуць рабіць», — кажа Валянцін Лазарэнкаў.

Кіраўнік абласнога аддзяленьня руху «За свабоду» зь Белаазёрску Зьміцер Трацьцяк працаваў на «Белкельме» тры гады:

«Калектыў там пераважна жаночы, і многія працаўнікі проста баяцца скардзіцца, каб ня страціць сваё працоўнае месца. Мерзнуць, але ж цярпяць…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG