Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бабруйск: Выйшла на волю арганізатарка Народнага сходу Галіна Сьмірнова


Пасьля пяці сутак адміністрацыйнага арышту выйшла на волю бабруйская актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Сьмірнова. Яе асудзілі за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства і ўдзел у ім 8 кастрычніка. Вырак актывістцы 11 лістапада вынесла судзьдзя бабруйскага суду Натальля Шэгеда.

8 кастрычніка ў Бабруйску праходзіў Народны сход. За яго й пакаралі актывістку. Адразу па вызваленьні Галіна Сьмірнова заявіла "Свабодзе":

"Ні на судзе, ні цяпер, пасьля гэтых пяці сутак вінаватай я сябе не лічу. Нават язык не паварочваецца казаць такое. Я даказала ў судзе сваю правату, а судзьдзя вынесла мне вырак такі, бо яе разьюшыла мая аргумэнтацыя сваёй невінаватасьці. Мяне пасадзілі, каб запалохаць. Буду падаваць апэляцыю. Я напісала ўжо скаргу ў абласны суд. Буду змагацца да канца. Я непакоюся, што цяпер практыка арышту на суткі актывістак будзе выкарыстоўвацца ўладамі й надалей. За Дзяды чакаюць суду двое дзяўчат. Іх таксама могуць пасадзіць, а атачэньне ў ізалятары ня надта прыемнае. Бальшыню жанчын у ізалятар ня варта было садзіць. Гэта зьдзек з жанчын".

На судзе Галіна Сьмірнова даводзіла, што Народны сход адбыўся законна — аргкамітэт кіраваўся законам "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах". Судзьдзя, аднак, палічыла, што актывістка парушыла закон "Аб масавых мерапрыемствах".

За кастрычніцкі Народны сход, акрамя Галіны Сьмірновай, 10 сутак адседзеў старшыня мясцовай арганізацыі АГП Віктар Бузінаеў ды трое — беспартыйны Канстанцін Локцеў. Да зьняволеньня Сьмірновай у Бабруйску актывістак толькі затрымлівалі, але не садзілі на "суткі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG