Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Хэльсынскай камісіі ЗША хоча паслаць Лукашэнку ў Гааскі суд


Крыстафэр Сьміт

Крыстафэр Сьміт

Старшыня Хэльсынскай камісіі ЗША кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт заявіў на слуханьнях камісіі ў справе Беларусі 15 лістапада, што зьвернецца да адміністрацыі прэзыдэнта ЗША з заклікам працаваць над тым, каб супраць Аляксандра Лукашэнкі выставілі абвінавачаньні ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе. Крыстафэр Сьміт таксама назваў беларускі КДБ «вычварэнцамі».

Такія заявы Сьміт зрабіў пасьля выступленьня на слуханьнях былога кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, які расказаў пра фізычныя і маральныя зьдзекі зь вязьняў к турме КДБ у Менску – у прыватнасьці так званыя «расьцяжкі», вывад голымі на холад, доўгае стаяньне ля сьцяны амаль у шпагаце, пагрозы, маральны ціск.

Асноўнай тэмай слуханьняў было тое, як уплывае перасьлед апазыцыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году на жыцьцё як саміх ахвяраў перасьледу, так і беларускага грамадзтва ў цэлым. Падчас слуханьняў Алесь Міхалевіч, у прыватнасьці, заявіў:

«Я абсалютна ўпэўнены, што Лукашэнка гатовы абараняць сваю ўладу ўсімі магчымымі сродкамі. На жаль, мы можам параўнаць Лукашэнку з Кадафі. Таму я заклікаю Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз і міжнародную супольнасьць ня верыць яшчэ адной гульні ў лібэралізацыю, у якую рэжым так кепска гуляе. Супрацоўнічаць варта зь незалежнай грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі, зь недзяржаўнымі арганізацыямі, як незарэгістраванымі, гэтак і зарэгістраванымі, зь незалежнымі мэдыямі і дэмакратычнымі актывістамі».

Удзельнікі слуханьняў былі ўражаныя расповедам Міхалевіча пра катаваньні, якія зьведаў ён і якія зьведваюць іншыя беларускія палітзьняволеныя. Кангрэсмэн Сьміт заявіў, што хацеў бы ўбачыць Лукашэнку на лаве падсудных у Міжнародным крымінальным судзе, ён сказаў, што будзе зьвяртацца з гэтай прапановай да прэзыдэнта Барака Абамы.

У інтэрвію Радыё Свабода палітык патлумачыў сваю ініцыятыву:

«Я шмат гадоў меў дачыненьне да судовага працэсу ў справе Сьера-Леонэ, і я зрабіў выснову з гэтага працэсу, з суду ў справе аб падзеях у Руандзе, і, вядома ж, зь югаслаўскага суду, які прыцягнуў да адказнасьці Мілошавіча, Младзіча і Караджыча, што гэтыя галаварэзы баяцца магчымасьці быць прыцягнутымі да адказнасьці. Гэтага баяўся нават такі сумнавядомы чалавек, як [колішні кіраўнік Лібэрыі] Чарлз Тэйлар, пры якім дзецям адразалі рукі і ногі і людзей напампоўвалі наркотыкамі, каб яны рабілі зьверствы. І я лічу, што Лукашэнка таксама будзе баяцца, калі мы зробім сапраўды сур'ёзныя намаганьні прыцягнуць яго да адказнасьці ў Міжнародным крымінальным судзе».

Крыстафэр Сьміт усьведамляе складанасьці, якія ёсьць на гэтым шляху, але бачыць, як можна дасягнуць мэты:

«Хаця Беларусь не зьяўляецца чальцом Міжнароднага крымінальнага суду, як дарэчы і Злучаныя Штаты. Але мы ўсё роўна можа гэта зрабіць, бо гэта раней атрымалася з Башырам у Судане. Гэта запатрабуе шмат працы, але мы павінны пачаць гэтую працу цяпер. Праз Раду бясьпекі ААН можна пачаць працэдуру, якая прыцягне Лукашэнку да крымінальнай адказнасьці. Я ўпэўнены, што Кітай і Расея будуць пярэчыць, але за гэта варта змагацца, таму што гэты чалавек штодзень робіць злачынствы супраць уласнага народу».

У 2010 годзе Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт суданскага прэзыдэнта Амара аль-Башыра за генацыд у Дарфуры.

Падчас слуханьняў у Хэльсынскай камісіі Алесь Міхалевіч заявіў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ператварыўся ў вірус і пачынае заражаць іншыя краіны, у прыватнасьці, Украіну. Напрацаваныя мэтады кантролю паўтараюцца ў суседніх краінах:

«Беларусь – гэта такая зараза нашага рэгіёну, якая распаўсюджваецца на Ўкраіну, Расею, але таксама нават на Літву, на іншыя дэмакратычныя краіны, якія ўжо ўваходзяць у Эўразьвяз. Прыкладам гэтага зьяўляецца тое, што мы цяпер маем ва Ўкраіне – гэта і цэнтралізацыя Ўкраіны, і наяўнасьць палітвязьняў ва ўкраінскіх турмах. Гэта ўсё было напрацавана ў Беларусі. Расейскі прыклад – гэта адміністрацыйная рэформа, калі Пуцін увёў прэзыдэнцкую вэртыкаль. Гэта ўпершыню было зроблена ў Беларусі, гэта атрымалася і было эфэктыўна ўведзена ў Расеі, калі ліквідавалі самакіраваньне, ліквідавалі выбары губэрнатараў на мясцовым узроўні. Гэта больш ці менш гэтак жа адбываецца і ва Ўкраіне».

Пасьля выступу Міхалевіч у інтэрвію нашаму радыё выказаў спадзяваньне, што Злучаныя Штаты возьмуць на сябе ролю «кепскага паліцыянта», калі Эўразьвяз, які мяжуе зь Беларусьсю і разьлічвае на яе ў якасьці транзытнай краіны для расейскага газу, не наважваецца зрабіць гэта:

«Я абсалютна ўпэўнены, што каб дамагчыся посьпеху, міжнародная супольнасьць павінна мець добрага і кепскага паліцыянта. Нехта павінен адыгрываць ролю кепскага паліцыянта, і, на жаль, Эўрапейскі зьвяз ня будзе адыгрываць гэтую ролю. Таму я спадзяюся, што Злучаныя Штаты будуць гатовыя гэта зрабіць».

На слуханьнях акрамя чальцоў Камісіі таксама выступалі Роджэр Патоцкі з Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі і Сузэн Корк зь няўрадавай амэрыканскай арганізацыі «Freedom House». Роджэр Патоцкі сярод іншага перадаў старшыні камісіі мультымэдыйны дыск праекту Радыё Свабода «Галасы салідарнасьці», у якім былыя прэзыдэнты, усясьветна вядомыя дысыдэнты, філёзафы, парлямэнтары, міністры, пісьменьнікі, правабаронцы з Амэрыкі і Эўропы чыталі імёны людзей, якія пацярпелі за дэмакратыю ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010 году.


У Хэльсынскую камісію ЗША ўваходзяць 9 прадстаўнікоў Сэнату, 9 прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў і 3 прадстаўнікі ўраду ЗША. Камісія, створаная ў 1976 годзе, выводзіць сваю назву ад гэтак званага Хэльсынскага заключнага акту, які падпісалі ЗША, Канада і эўрапейскія дзяржавы ў Хэльсынкі ў 1975 годзе ў завяршэньне канфэрэнцыі аб бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG