Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Алесем Бяляцкім. Перапынак да 22 лістапада


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

У Першамайскім судзе Менску праходзіць судовы працэс над старшынём праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім.

10.40 У судзе абвешчаны перапынак да 22 лістапада.


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч тлумачыць, у чым розьніца паміж "старым" і "новым" абвінавачваньнем:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

"Там была ўдакладнена толькі адна фраза дадатковая. Паспрабую аднавіць на слых, па-расейску там так было сказана: "По достигнутой договорённости во исполнение взятых обязательств в связи с этой договорённостью". То бок яны хочуць паказаць, што была нейкая дамоўленасьць паміж фондамі і Бяляцкім, і Бяляцкі ў зьвязку з дамоўленасьцю выконваў нейкія абавязаньні, на сябе ўзятыя. Ну вось і ўсё фактычна. Усё астатняе — сутнасьць абвінавачаньняў і кваліфікацыя дзеяньняў Бяляцкага — засталося бязь зьменаў. Яму, як і раней, інкрымінуецца той жа самы артыкул".

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч на пытаньне, навошта было наагул уносіць такія неістотныя і амаль не заўважныя зьмены, адказаў так:

"Я думаю, што гэта вынік ходу папярэдняга працэсу, таму што Бяляцкі ўвесь час казаў, што ён выконваў абавязаньні, узятыя ім перад донарамі, і згодна з гэтымі абавязаньнямі ён перадаваў грашовыя сродкі трэцім асобам, і таксама для самаразьлікаў. Што паводле беларускага падатковага кодэксу ня ёсьць падаткаабкладанай базай. Але яны проста ўдакладнілі, што была нейкая дамоўленасьць паміж фондамі і Бяляцкім і былі нейкія абавязаньні".


10.39 Адвакат Бяляцкага Лаеўскі просіць даць час да 22 лістапада для азнаямленьня з новым абвінавачваньнем. Абвешчаны перапынак да 22 лістапада.

Паводле "Вясны", "новае" абвінавачаньне, якое адрозьніваецца ад папярэдняга толькі фразай "у выкананьне раней заключаных дамоўленасьцяў". У астатнім — тое самае: ч.2 арт. 243 КК РБ (утойваньне даходаў у асабліва буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакараньне да сямі гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.


10.25 Працэс аднавіўся. Выступае пракурор Сайкоўскі.

Пракурор зачытвае агульную частку, зьвесткі пра Бяляцкага, пра прыбыткі і пералічэньні грашовых сродкаў быццам бы на рахункі Бяляцкага ў Польшчы, называе розныя сумы прыбыткаў і нявыплачаных падаткаў.

Пракурор перайшоў да рахункаў Бяляцкага ў літоўскіх банках. Бяляцкі ўхіліўся ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах, заяўляе пракурор. Такім чынам, фактычна абвінавачваньне тое самае, па тых самым артыкуле, толькі са зьмененымі фармулёўкамі.

Заля суду поўная. Прысутнічаюць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, палітык Вінцук Вячорка, ды іншыя.

10.00 Працэс аднавіўся. У судовай залі — прадстаўнікі дыпляматычных місіяў Нямеччыны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Літвы, Эўракамісіі. Пракурор адразу просіць абвесьціць перапынак на 20 хвілін. Судзьдзя аб'яўляе перапынак да 10.30

Падчас перапынку

Падчас перапынку


10 лістапада ў крымінальным працэсе быў абвешчаны перапынак да 16 лістапада. Гэта было зроблена на хадайніцтва пракурора Валерыя Сайкоўскага, які папрасіў час, каб падрыхтаваць Бяляцкаму новае абвінавачаньне. Раней Бяляцкага вінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Паводле гэтага абвінавачаньня яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Судзьдзя — Сяргей Бандарэнка.
Адвакат — Зьміцер Лаеўскі.
Пракурор — Валеры Сайкоўскі.



Суд над Алесем Бяляцкім:
Дзень першы
Дзень другі
Дзень трэці
Дзень чацьвёрты

Суд над Алесем Бяляцкім пачаўся 2 лістапада.

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Яго ўтрымліваюць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.
XS
SM
MD
LG