Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што перашкаджае беларускаму правасудзьдзю?


Экспэрты АБСЭ падрыхтавалі даклад па выніках назіраньня за судовымі працэсамі па справе «Плошчы». Якія хібы беларускай судовай сыстэмы заўважылі замежныя юрысты? Ці незалежная ў Беларусі судовая ўлада? Ці гатовыя ўлады да рэформы судовай сыстэмы?

Удзельнікі: адвакат Павел Сапелка і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Павел Сапелка
Алег Гулак
Валер Карбалевіч

Якія хібы беларускай судовай сыстэмы?


Валер Карбалевіч: «Экспэрты АБСЭ прысутнічалі на 12 судовых працэсах па справе 19 сьнежня. На гэтых судах у якасьці абвінавачаных прайшоў 41 чалавек, у тым ліку пяць кандыдатаў у прэзыдэнты. Экспэрты адзначылі, што выявілі шмат праблемаў, якія тычацца стандартаў незалежнага суду. Найперш замежныя юрысты зьвярнулі ўвагу на праблему залежнасьці суду ад выканаўчай улады. Ці сапраўды гэта так? І ў чым гэта выяўляецца?»

Павел Сапелка: «Ужо ня раз праблема залежнасьці судовай сыстэмы Беларусі ад выканаўчай улады была прадметам абмеркаваньня на розных форумах БДІПЧ АБСЭ. Незалежная судовая сыстэма пры цяперашнім ладзе ў краіне немагчымая. Суд залежыць ад выканаўчай улады дэ-юрэ і дэ-факта.

Залежнасьць судзьдзяў выяўляецца ў тым, што яны прызначаюцца на пасаду выканаўчай уладай. Ад яе залежыць іх кар’ера. Органы юстыцыі як частка выканаўчай улады адсочваюць статыстыку працы судзьдзяў. А знакавыя судовыя працэсы адсочваюцца і КДБ, і самім прэзыдэнтам. Выканаўчая ўлада дае судзьдзі кватэру, вызначае яе статус (службовая ці не), магчымасьць яе выкупу».

Алег Гулак: «Яшчэ ў 1999 годзе адсутнасьць незалежнасьці судовай сыстэмы адзначаў спэцдакладчык ААН па незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў. Праблема ў тым, што самі судзьдзі перасталі адчуваць сябе самастойнай галіной улады. Большасьць судзьдзяў лічыць сябе „гасударавымі людзьмі“. То бок яны псыхалягічна не гатовыя служыць закону і справядлівасьці. Можа, гэта найбольш складаная праблема. Бо судовую рэформу можна правесьці, а як зьмяніць псыхалёгію людзей?»

Ці незалежная ў Беларусі судовая ўлада?


Карбалевіч: «Другая праблема, на якую зьвярнулі ўвагу замежныя назіральнікі і якая цесна зьвязаная зь першай, — гэта перавага магчымасьцяў і правоў абвінавачаньня над абаронай падчас судовага працэсу. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Сапелка: «Роўнасьць правоў бакоў у судовым працэсе замацаваная ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, які дзейнічае ўжо дзесяць гадоў. Аднак на практыцы гэта ня так, магчымасьці і правы абвінавачаньня большыя. Абвінавачаньне падтрымана ўсёй моцай рэпрэсіўнага апарату, сьледзтвам пракуратуры, МУС, КДБ на этапе дасудовай падрыхтоўкі. У іх на службе дзяржаўныя экспэрты. А адвакат можа зьбіраць доказы толькі прыватным чынам. Адвакат таксама можа браць тлумачэньні. Але яны непараўнальныя з пратаколам допыту, калі чалавека папярэджвае сьледчы пра адказнасьць за дачу ілжывых паказаньняў.
Апраўдальныя прысуды складаюць толькі 0,3%. І гэта ня сьведчаньне высокай якасьці папярэдняга сьледзтва

Няма роўнасьці і на самім судовым працэсе. Як вядома, бок абароны — гэта абвінавачаны і адвакат. А абвінавачаны ў нас яшчэ да прысуду, які можа абвясьціць чалавека злачынцам, сядзіць у клетцы як дзікі зьвер».

Гулак: «Судовы працэс захоўвае абвінаваўчы ўхіл. Апраўдальныя прысуды складаюць толькі 0,3%. І гэта ня сьведчаньне высокай якасьці папярэдняга сьледзтва. Наадварот, суд закрывае дзіркі сьледзтва. Мы гэта бачым і на працэсе Бяляцкага, і на працэсе так званых «тэрарыстаў». Нават на такіх гучных працэсах, да якіх прыкаваная ўвага грамадзкасьці, і сьледзтва, і суд дапускаюць шмат ляпаў. Што казаць пра звычайныя справы! І на судах па справе 19 сьнежня абвінаваўчы ўхіл выяўляўся ў поўнай меры, на што і зьвярнулі ўвагу прадстаўнікі АБСЭ.

Ці адбудзецца рэформа судовай сыстэмы?


Карбалевіч: «Экспэрты АБСЭ робяць 33 рэкамэндацыі наконт таго, як удасканаліць беларускую судовую сыстэму. Дарэчы, 10 кастрычніка 2011 году выйшаў прэзыдэнцкі ўказ, які прадугледжвае рэформу судовай сыстэмы. Наколькі рэкамэндацыі АБСЭ і палажэньні прэзыдэнцкага ўказу супадаюць?»

Сапелка: «Пры гэтым палітычным ладзе магчымыя толькі касмэтычныя зьмены. Прапановы Наконт суду прысяжных, думаю, згаснуць альбо рэалізуюцца ў скажоным выглядзе, кшталту пашыранага складу народных засядацеляў. Гэта ня зьменіць характару судаводзтва, але дасьць уладзе магчымасьць гаварыць пра рэфармаваньне судовай сыстэмы».

Гулак: «У прапановах, зацьверджаных прэзыдэнцкім указам, ёсьць пэўныя станоўчыя моманты, дэталі. Напрыклад, там прапаноўваецца працэдуру прызначэньня судзьдзяў пазбавіць узгадненьня з кіраўніком мясцовай вэртыкалі. Але пры аналізе высьвятляецца, што гэта азначае не ўзмацненьне незалежнасьці судзьдзяў, а ўзмацненьне іх залежнасьці ад цэнтральнай улады. Суд па-ранейшаму разглядаецца як інструмэнт кіраваньня грамадзтвам у руках вышэйшай выканаўчай улады».

Карбалевіч: «Такім чынам, абодва мае суразмоўцы прыйшлі да высновы, што незалежная судовая сыстэма ў межах цяперашняга палітычнага рэжыму малаверагодная. Бо ён не зацікаўлены ў рэальнай незалежнасьці судоў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG