Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі актывіст Моладзі БНФ Сяржук Кавалько атрымаў адказ з аблвыканкаму, што бясплатнага праезду студэнтам Берасьця не дадуць.

У лісьце за подпісам намесьніка старшыні аблвыканкаму Леаніда Цупрыка паведамляецца, што «забясьпечыць прадстаўленьне ільгот на праезд у грамадзкім транспарце ўсім асобам, якія атрымліваюць прафэсійна-тэхнічную, сярэднюю спэцыяльную і вышэйшую адукацыю, пакуль няма магчымасьцяў».

Адмова абгрунтоўваецца тым, што «павелічэньне выдаткаў на перавозкі, зьвязаныя ў першую чаргу з ростам цэнаў на энерганосьбіты, запасныя часткі, матэрыялы, паліва, акумулятары, якія не кампэнсаваныя тарыфамі на перавозкі і фінансаваньнем зь бюджэту, пацягнулі за сабой за 9 месяцаў 2011 году страты ад унутрыгарадзкіх аўтобусных перавозак у суме 7,3 мільярда рублёў. У такіх умовах прадпрыемствы транспарту маюць значную запазычанасьць перад пастаўнікамі нафтапрадуктаў, запасных частак, матэрыялаў, агрэгатаў, а таксама мусяць браць крэдыты на бягучую дзейнасьць, выплату заробкаў і набыцьцё транспарту».

Сяржук Кавалько

Сяржук Кавалько

Сяржук Кавалько кажа, што такі адказ ня стаў нечаканасьцю:

«Мы мелі мала спадзяваньняў, што атрымаем пазытыўны адказ. Бо разумеем, што крызіс, у які паглыбляецца нашая эканоміка, толькі павялічваецца. Але наш зварот быў матываваны той бязглуздай палітыкай папулізму, калі ў адным горадзе нашай краіны зьяўляюцца нейкія ільготы, якія не распаўсюджваюцца на іншыя гарады. Уладам трэба быць больш узважанымі ў сваіх рашэньнях, бо часта яны абсалютна несправядлівыя».

Пад калектыўным лістом з просьбай адмяніць плату за праезд для студэнтаў па прыкладзе Менску падпісаліся 1840 чалавек. Ініцыявалі зварот актывісты Моладзі БНФ і агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця «Дзедзіч».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG