Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халодная кроў


Занатоўка ў газэце


15 лістапада 1959 году ў вясковай мясьціне пад назвай Голкамб (Holcomb) у штаце Канзас была расстраляная ў сваім уласным доме сям’я заможнага фэрмэра Гербэрта Клатэра: сам Гербэрт (48 гадоў), ягоная жонка Боні (45), дачка Нэнсі (16), сын Кэньян (15). Ранкам забітых знайшлі сяброўкі дачкі Клатэраў. Усе ахвяры былі зьвязаныя і з заткнутымі ратамі. Перад тым, як застрэліць Гербэрта Клатэра, забойца падрэзаў яму горла. Ва ўсіх Клатэраў стралялі з дубальтоўкі з блізкай адлегласьці. З дому нічога ня скралі.

На другі дзень The New York Times апублікаваў невялікую занатоўку (300 слоў) пра забойства ў Голкамб. «Гэта, відавочна, справа рук забойцы-псыхапата» – газэта працытавала выказваньне мясцовага шэрыфа.

Гэтую занатоўку прачытаў пісьменьнік Трумэн Капотэ. Яна настолькі зачапіла ягонае ўяўленьне, што ён разам зь сяброўкай зь дзяцінства, пісьменьніцай Гарпэр Лі, выбраўся ў Голкамб, каб прыгледзецца да месца злачынства зблізку.

Забойцы


Наступныя чатыры гады жыцьця Капотэ прысьвяціў высьвятленьню ўсіх абставінаў жыцьця і сьмерці Клатэраў ды матываў, якія кіравалі забойцамі.

Забойцаў было двух: Рычард (Дык) Гікок (28 гадоў) і Пэры Сьміт (31 год). Іх, рэцыдывістаў, схапілі праз шэсьць тыдняў пасьля забойства.

Гікок і Сьміт пазнаёміліся падчас адбываньня пакараньня ў турме штату Канзас. Пра існаваньне Клатэраў яны дазналіся ад іншага сукамэрніка, які сказаў ім, што Клатэр вельмі багаты і трымае грошы ў сэйфе ў сваім доме. На месцы выявілася, што ніякага сэйфу ў Клатэраў няма і што ў доме няма ніякіх грошай, акрамя дваццаці ці трыццаці даляраў. Клатэраў застрэлілі, каб не пакідаць сьведкаў нападу.

Засталося нявысьветленым, хто насамрэч страляў у каго. Сьміт на судзе прызнаўся, што гэта ён перарэзаў горла Гербэрту Клатэру, а потым застрэліў яго і ягонага сына. Паводле Сьміта, маці і дачку застрэліў Гікок. Гікок сьцьвярджаў, што ўсе чатыры асобы былі застрэленыя Сьмітам.

Гікока і Сьміта прысудзілі да сьмяротнага пакараньня праз павешаньне. Адвакатам тройчы ўдалося адцягваць тэрмін выкананьня прысуду. Гікока і Сьміта павесілі 14 красавіка 1965 году. Яны чакалі выкананьня прысуду пяць з паловай гадоў.

Пісьменьнік


У 1959 годзе, калі Трумэн Капотэ чытаў занатоўку пра забойства Клатэраў, ён ужо быў зоркай першай велічыні ў літаратуры, ды ня толькі амэрыканскай, але і сусьветнай.

У 1948 годзе выйшаў першы шэдэўр Капотэ, раман «Other Voices, Other Rooms» («Іншыя галасы, іншыя пакоі»). Раман, пабудаваны на аўтабіяграфічных матывах, распавядае пра пачуцьцёва складанае дзяцінства трынаццацігадовага хлопца, у якога памірае маці і ён пераяжджае жыць да бацькі, які пакінуў сына з маці неўзабаве пасьля ягонага нараджэньня. Кніжка, якая ў паэтычнай і зьлёгку зашыфраванай форме закранае таксама прыроду сэксуальнасьці самога пісьменьніка (Труман Капотэ быў гомасэксуалістам і не рабіў з гэтага таямніцы, што на тыя часы патрабавала вялікай асабістай адвагі), катапультавала аўтара ў агульнанацыянальную, а потым і міжнародную славу.

У 1951 годзе выйшаў наступны шэдэўр Капотэ, аповесьць «The Grass Harp» («Лугавая арфа»), а ў 1958 – адна з найлепшых навэлаў у амэрыканскай і сусьветнай літаратуры, «Breakfast at Tiffany's» («Сьняданак у Тыфані»).

Калі Капотэ зацікавіўся справай Клатэраў, ён зразумеў, што каб напісаць пра гэтае забойства, яму прыйдзецца поўнасьцю зьмяніць свой папярэдні стыль і пісьменьніцкія падыходы. Магчыма, ён не адразу ўсьвядоміў, што пішучы кніжку пра Клатэраў, Гікока і Сьміта, яму прыйдзецца пакласьці пачатак новаму жанру ў сусьветнай літаратуры.

Кніжка


Капотэ узяў у Голкамб сваю сяброўку, Гарпэр Лі, каб лягчэй знаёміцца зь людзьмі, зь якімі яму трэба было перагаварыць. Ён сам даволі эксцэнтрычна апранаўся, і ў яго быў даволі эксцэнтрычны характар, таму Лі выпала заданьне завязваць першыя знаёмствы. Кажуць, нібыта Лі перазнаёмілася з усімі жанчынамі ў Голкамб і ваколіцы, з мужамі якіх Капотэ трэба было пагаварыць.

Капотэ не запісваў словаў суразмоўцаў падчас гутаркі, ні ў нататніку, ні на магнітафон. У яго была фэнамэнальная памяць, і ён запісваў зьмест гутаркі пасьля таго, як яна адбылася. Пісьменьнік потым сьцьвярджаў, што ягоная памяць дазваляла яму дакладна запісаць больш чым 90% гутаркі пасьля таго, як яна адбылася.

Для свайго раману Капотэ зрабіў больш за 8 тысяч старонак занатовак.

Капотэ таксама пазнаёміўся з Гікокам і Сьмітам, калі яны чакалі сьмерці ў турме, і правёў на гутарках зь імі сотні гадзінаў. Хутчэй да пазьнейшага міту пра ўзьнікненьне кніжкі, чым да праўды належаць непацьверджаныя нікім чуткі і дапушчэньні, што спатканьні Капотэ са Сьмітам мелі ня толькі прафэсійны характар, але і больш эмацыйны.

Кніжка пад загалоўкам «In Cold Blood» («З халоднай крывёю» або «Халоднакроўна») выйшла ў 1966 годзе, пасьля сьмерці Гікока і Сьміта на шыбеніцы. Яна стала літаратурнай сэнсацыяй, а аўтарскія ганарары і дывідэнды ад яе продажу зрабілі Капотэ мільянэрам.

Жанр кніжкі ангельскамоўныя крытыкі называюць па-рознаму: nonfiction novel, true crime, new journalism. Усё гэта даволі цяжка перакласьці на беларускую мову адэкватна: дакумэнтальны раман, нявыдуманы дэтэктыў, новая журналістыка.

«In Cold Blood» нельга назваць ні раманам, ні дэтэктывам. Выдумкі там амаль няма (калі верыць памяці Капотэ, дык выдумкі там ня болей, чым 10 адсоткаў); няма таксама дэтэктыўнай загадкі, бо разьвязка вядомая на самым пачатку. Тое, што насамрэч невядомае, гэта жахлівыя дэталі сапраўднага забойства, якія адкрываюцца толькі пад канец кніжкі, і псыхалягічныя партрэты як ахвяраў, так і выканаўцаў гэтага бессэнсоўнага злачынства.

І яшчэ заварожвае стыль Капотэ, аб’ектыўны, пазбаўлены «літаратурных» эпітэтаў і мэтафараў, сухі і «рэчавы», тым ня менш, такі, які ўцягвае і прымушае зьняць шапку перад талентам аўтара.

Норман Мэйлер назваў «In Cold Blood» «паразай уяўленьня». Гэта, хутчэй за ўсё, была чыстая пісьменьніцкая зайздрасьць. У далейшым сам Мэйлер напісаў некалькі расхваленых крытыкамі кнігаў у падобным стылі. Кніга «The Executioner's Song» («Песьня кáта», 1979) «перадзірае» з Капотэ ня толькі стыль, але і тэму – Мэйлер піша ў ёй пра забойцу дзьвюх асобаў, якога расстралялі ў 1977-м.

Інакш кажучы, Капотэ заклаў новы жанр у літаратуры. Кніга Мэйлера «Oswald's Tale» пра меркаванага забойцу прэзыдэнта Джона Кэнэдзі – таксама ў гэтым жанры. І кніга Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька. Освальд у Менску» таксама шмат заўдзячвае першапраходніку ў гэтым жанры, Трумэну Капотэ.

Excerpt


У сёньняшні час, калі, апроч інтэрнэту, ні на што іншае не хапае часу, прачытаць аб’ёмісты раман Трумана Капотэ «In Cold Blood» – нешта блізкае да геройства. Тым ня менш, я горача ўсіх намаўляю зрабіць гэта. Каб, напрыклад, зразумець, хто ёсьць хто ў амэрыканскай літаратуры.

Калі паставіцца да амэрыканскай літаратуры вельмі прыдзірліва і пастарацца знайсьці, што новае ў сусьветны літаратурны арсэнал унесьлі амэрыканцы, дык я назваў бы ўсяго дзьве рэчы: раман Уільяма Фолкнэра «Гоман і ятра» з 1929 году і дакумэнтальны раман «In Cold Blood» Трумана Капотэ з 1966 году. Усё іншае ў літаратуры прыдумалі па-за межамі ЗША.

На заканчэньне, кавалачак кніжкі Капотэ, перакладзены мною на хуткую руку дзеля гэтай блогавай нагоды:

– Я думаю, хранова заканчваць жыцьцё так, як я. Я ня думаю, што сьмяротнае пакараньне апраўданае, маральна або юрыдычна. Магчыма, я мог бы неяк адкупіць, неяк... – Ягоная ўпэўненасьць пахіснулася; зьбянтэжанасьць прыглушыла ягоны голас да ледзь чутнага шэпту. – Было б бязглузда выбачацца за тое, што я зрабіў. І нават недапушчальна. Тым ня менш, я выбачаюся.

Прыступкі, пятля, павязка; але перад тым, як яму завязалі вочы, вязень выплюнуў жвачку ў працягнутую далонь сьвятара. Дзюі заплюшчыў вочы і не адплюшчваў іх, пакуль не пачуў глухога трэску, які даў знаць, што вяроўка разарвала шыю.


У Беларусі ніхто нікому не перадае апошніх словаў прысуджанага, якому страляюць у патыліцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG