Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дацкую прэмію “Вясьне” — на падтрымку рэпрэсаваных


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Сёньня ў Менску павінен быў пачацца судовы працэс паводле пазову падатковай інспэкцыі Партызанскага раёну да аднаго зь кіраўнікоў незарэгістраванага праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча. Дзяржаўная структура хоча спагнаць зь яго 31 мільён 500 тысяч рублёў нібыта ўтоенага падатку. Сам праваабаронца падаў сустрэчны пазоў на падатковую інспэкцыю.

Як паведамілі "Свабодзе" ў раённым судзе, сёньняшні працэс адклалі на пакуль ня вызначаную дату, а скаргу Стэфановіча будуць разглядаць 23 лістапада.

Валянцін Стэфановіч своечасова перадаў у суд ліст, у якім патлумачыў, чаму 15 лістапада ня зможа ўдзельнічаць ў судовым працэсе. Увечары 14 лістапада ён знаходзіўся ў Капэнгагене, дзе атрымаў міжнародную прэмію Politiken Freedom Prize. Гэтай прэміяй уганараваны праваабарончы цэнтар "Вясна" і асабіста яго кіраўнік Алесь Бяляцкі "за выбітны ўнёсак у барацьбу за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі".

Прэмію ўручае дацкая газэта "Politiken Daily", якая актыўна займаецца тэмай правоў чалавека. Кожную восень камітэт прэміі вызначае ляўрэатаў зь ліку асоб і арганізацый, якія служаць выдатным узорам негвалтоўнай барацьбы за каштоўнасьці, увасобленыя ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

Мой званок засьпеў спадара Стэфановіча ў праскім аэрапорце на зваротным шляху ў Менск. "Тут моцны туман, многія рэйсы адкладаюцца. Таму ня ведаю, калі дакладна буду ў Менску", — сказаў праваабаронца і расказаў пра публічную цырымонію ўручэньня прэміі:

"Гэта быў знак павагі і падтрымкі Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца за кратамі. Днямі газэта "Politiken Daily" надрукавала вялікі артыкул пра Бяляцкага. Мне ўручылі мэталічную статуэтку. На адным баку напісана "Свабодны сьвет", на другім — выгравіравана "Алесь Бяляцкі" і "Вясна".

Падчас цырымоніі паказалі кароткі фільм пра Алеся Бяляцкага. А пасьля я дзесьці каля паўтары гадзіны адказваў на пытаньні прысутных".

Цікаўлюся ў Валянціна Стэфановіча: ці існуе да гэтай прэміі нейкі грашовы дадатак?

"Гэта, у тым ліку, і грашовая прэмія ў памеры 100 тысяч дацкіх крон. З гэтымі грашыма мы будзем разьбірацца ў тым сэнсе, што будзем рэгістраваць яе ў дэпартамэнце па гуманітарнай дапамозе пры кіраўніцтве справамі прэзыдэнта. І мы пакажам мэты, на якія хочам выдаткоўваць прэмію. Гэта — падтрымка ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Паглядзім, як дэпартамэнт паставіцца да гэтай нашай прапановы".

16 лістапада працэс над Алесем Бяляцкім узнаўляецца. Праваабаронцы прагназуюць, што яму да цяперашніх абвінавачаньняў могуць далучыць і артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае пакараньне за дзейнасьць ад імя афіцыйна не зарэгістраванай у Беларусі грамадзкай арганізацыі.
XS
SM
MD
LG