Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнка: "Лейтматывам выступу Хвастова стаў гонар за Генпракуратуру"


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Кіраўнік праваабарончай ініцыятывы "Плятформа", адзін з суаўтараў альтэрнатыўнай справаздачы пра катаваньні ў беларускіх турмах, якая на мінулым тыдні была агучаная ў камітэце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека ў Жэнэве, Андрэй Бандарэнка пракамэнтаваў адказы амбасадара Беларусі пры місіі ААН Міхаіла Хвастова на пытаньні міжнародных экспэртаў у панядзелак. Як заявіў сп. Хвастоў, беларускія ўлады дзейнічалі "літасьціва" ў адносінах да дэманстрантаў у Менску 19 сьнежня 2010 году і не ўжывалі супраць іх вадамёты.

"Шчыра прызнацца, адказамі маналёг сп. Хвастова назваць складана", — адзначыў Андрэй Бандарэнка, а "ў некаторыя моманты рабілася шалёна шкада як самога колішняга міністра, так і ўсю дэлегацыю".

Кіраўнік "Плятформы", у мінулым сам палітвязень, Андрэй Бандарэнка параўнаў выступ Хвастова з паўтарагадзіннымі скокамі на распаленай патэльні ААН пры адначасным цытаваньні УВК, КПК і КК.

"Лейтматывам дакладу стаў гонар за нацыянальную Генэральную пракуратуру, якая, паводле Хвастова, чаго толькі не правярала, але парушэньняў (з боку ўладаў — Радыё Свабода) так і не знайшла. Ані ўва ўмовах утрыманьня, ані ў аказаньні мэдычнай дапамогі, ані ў стасунках з адвакатамі".

Гэта, у прыватнасьці, тычыцца таго ж Уладзімера Някляева, які, паводле слоў сп. Хвастова, атрымаў 19 сьнежня ўсяго толькі лёгкія пашкоджаньні, а таму, як і іншыя арыштанты, са скаргамі да мэдыкаў не зьвяртаўся. Гэтаксама "не паступала скаргаў і адносна перашкодаў у сустрэчах з адвакатамі ад асобаў, якія ўтрымлiваліся пад вартай у СІЗА КДБ".

Пераказваць цалкам усе адказы амбасадара, адзначае Андрэй Бандарэнка, ня мае ніякага сэнсу, бо з кожнага вынікае, што стану правоў чалавека ў Беларусі можа пазайздросьціць любая краіна ў сьвеце.

Праўда, такія адказы ніяк ня ўразілі краінавых дакладчыкаў у Жэнэве. Тыя "адзначылі, што на аніводнае зададзенае ёй пытаньне беларуская дэлегацыя так і не адказала, прадэкляраваўшы чарговым разам вялікія дасягненьні Беларусі ў змаганьні супраць катаваньняў і за абарону правоў чалавека…"

Усё гэта зусім не зьбянтэжыла беларускую дэлегацыю. Хвастоў чарговым разам распавёў усясьветнай супольнасьці пра спробу антыканстытуцыйнага перавароту ў Беларусі, а пасьля гэтага ізноў пачаў цытаваць кодэксы і прыводзіць прыклады разгонаў дэманстрацый у іншых краінах.

Цалкам камэнтар чытаць ТУТ.
XS
SM
MD
LG