Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуня Міятавіч запатрабавала паважаць правы журналістаў у ЗША


Дуня Міятавіч
Дуня Міятавіч
Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч выказала занепакоенасьць з нагоды росту колькасьці журналістаў, якія зазнаюць перасьлед з боку паліцыі падчас асьвятленьня пратэстаў пад лёзунгам «Захапі Ўол-стрыт» на тэрыторыі Злучаных Штатаў.

Заяву Дуні Міятавіч цытуе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Праваахоўныя органы павінны паважаць правы журналістаў, якія асьвятляюць пратэсты пад лёзунгам «Захапі Ўол-стрыт», – такую назву мае заява прадстаўніка АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Дуні Міятавіч, што апублікаваная на яе афіцыйным сайце. З заявы вынікае, што прынамсі восем рэпарцёраў і фатографаў былі затрыманыя падчас асьвятленьня пратэстаў – сярод іх журналісты, якія былі дакладна ідэнтыфікаваныя як прадстаўнікі канкрэтных СМІ.

«Няма ніякіх сумневаў, што рэпарцёры і фатографы маюць права назіраць, здымаць, запісваць і паведамляць пра падзеі, якія навідавоку, – адзначае Міятавіч. – Асьвятленьне ў СМІ публічных мерапрыемстваў зьяўляецца асновай грамадзянскага кантролю за дзейнасьцю ўраду, і затрымліваць рэпарцёраў, якія асьвятляюць гэтыя падзеі – г. зн. ставіць пад пагрозу свабоду сродкаў масавай інфармацыі».

«Журналісты не абавязаныя бараніць сваё права на асьвятленьне пытаньняў грамадзкай важнасьці, – адзначае Міятавіч. – Парушэньне права аднаго рэпарцёра ўплывае на ўсіх грамадзян. Надышоў час, каб мясцовыя чыноўнікі запатрабавалі ад сваіх праваахоўных органаў паважаць правы і абавязкі СМІ пры асьвятленьні грамадзкіх і дзяржаўных пытаньняў».

Сёньня ў Нью-Ёрку паліцыя дэмантавала намётавы лягер удзельнікаў акцыі «Захапі Ўол-стрыт». Плошча Дзукоці-парк на Мангэтане, дзе лягер месьціўся зь сярэдзіны верасьня, да раніцы аўторка была ачышчаная ад намётаў і іншых збудаваньняў, якія, на думку ўладаў, перашкаджаюць нармальнаму доступу да ўстановау ў ваколіцах плошчы. Пры разгоне лягеру яго насельнікі скандавалі лёзунг аб «99 працэнтах» – на іх думку, рух «Захапі Ўол-стрыт» прадстаўляе інтарэсы абсалютнай большасьці амэрыканцаў.

Напярэдадні такія ж лягеры былі ліквідаваныя паліцыяй яшчэ ў некалькіх гарадах.

Сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй прайшлі ў Оклендзе (штат Каліфорнія), Нью-Ёрку, Нашвіле, Тэнэсі і ў Атлянце (штат Джорджыя). Апошнія арышты адбыліся на мінулым тыдні, калі два журналісты, якія здымаюць для ўнівэрсытэцкіх газэт у штаце Джорджыя, былі зьмешчаныя ў турму на 14 гадзін. Іх абвінавацілі ў «перашкодах руху» пры асьвятленьні дэманстрацыі «Захапі Атлянту». Суд будзе разглядаць іх справы ў сакавіку 2012 году. У штаце Мілуокі фатограф «The Journal Sentinel» Крысьціна Вэнц-Графі была затрыманая, калі фатаграфавала дэманстрацыі ва ўнівэрсытэце Вісконсін-Мілуокі. Ёй не былі выстаўленыя абвінавачаньні пасьля таго, як з дапамогай відэаматэрыялаў было даказана, што яна прысутнічала на мітынгу ў якасьці журналіста.

Рух «Захапі Ўол-стрыт» паўстаў 17 верасьня ў Нью-Ёрку і пашыраецца ўжо два месяцы. Яго ўдзельнікі выказваюць пратэст супраць злоўжываньняў, якія, у іх уяўленьні, дапускаюць фінансавыя інстытуты ЗША і транснацыянальныя карпарацыі. За гэты час акцыя распаўсюдзілася ня толькі на многія гарады ЗША, але і на іншыя краіны і суправаджалася арыштамі сотняў яе ўдзельнікаў, у тым ліку рэпарцёраў, якія выконваюць сваю прафэсійную працу для інфармаваньня грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG