Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Кавалёва: галоўны доказ абвінавачаньня — відэа — падробка

абноўлена

15 лістапада закончыліся судовыя спрэчкі на працэсе супраць Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, якіх вінавацяць ва ўчыненьні тэракту ў менскім мэтро ды іншых злачынствах. Прысуд будзе вынесены 30 лістапада. Між тым нават сярод пацярпелых няма адзінства адносна таго, ці вінаватыя ў тэракце тыя, каго судзілі.

Дзьмітрый Канавалаў, якога абвінавачваюць ва ўчыненьні тэракту 11 красавіка, ад апошняга слова адмовіўся. А вось Уладзіслаў Кавалёў, які паводле сьледзтва яму дапамагаў і не паведаміў пра злачынства, перад судом выступіў. Ягоныя аргумэнты аб невінаватасьці шмат у чым паўтаралі аргумэнты адвакатаў Станіслава Абразея і Дзьмітрыя Лепрэтара: што доказаў віны няма, што ён агаварыў сябе і Канавалава пад ціскам апэратыўнікаў і сьледчых, а відэа падроблена. А першым у апошні дзень судовага паседжаньня выказаў сумненьні адносна вэрсіі сьледзтва пацярпелы Андрэй Тышкевіч, які таксама ўзяў удзел у спрэчках:

«Сёньня я згадваў словы хірургаў у рэанімацыі. Анэстэзія была мясцовая, і таму я чуў, як яны казалі, што апэрыруюць такіх жа хлопчыкаў, як былі ў 90-х у Карабаху. З такімі ж ранамі, апёкамі. Я жыву ў мірнай краіне, законапаслухмяны грамадзянін. І я не хачу быць салдатам на гэтай нікім не абвешчанай вайне. Я быў на сьвяце 3 ліпеня 2008 году, калі там здарыўся выбух. Я быў 11 красавіка на плятформе ў мэтро. Трэці раз выпрабоўваць свайго анёла-ахоўніка я не хачу. Але, на жаль, у мяне няма стопрацэнтовай перакананасьці ў тым, што да сьмяротнай кары будуць прыгавораныя менавіта тыя, хто рабіў гэтыя жудасныя рэчы».

Тышкевічу падчас працэсу падалося падазроным, што адвакатам не дазволілі пракамэнтаваць відэа з мэтро з аначасовым праглядам. Ён ня выключыў, што з гэтым доказам ёсьць праблемы. Празь некалькі гадзінаў адвакат Станіслаў Абразей заявіць пра падробку гэтага доказу і абгрунтуе свае меркаваньні.

Другі важны момант з сумненьняў Андрэя Тышкевіча — чаму на вопратцы Канавалава, якога затрымалі ўжо празь дзень пасьля выбуху, не было знойдзена ніякіх сьлядоў выбуху і выбуховых рэчываў? І трэцяе — пацярпеламу гэтак і ня стала зразумела, як правахоўнікі знайшлі Канавалава і Кавалёва, калі пра тое, што адбіткі пальцаў на бомбе 2008 году супалі з адбіткамі пальцаў Канавалава, стала вядома ужо пасьля ягонага арышту.

Пра адсутнасьць сьлядоў выбуху на вопратцы і сьлядоў выбуховага рэчыва на целе Канавалава казалі й адвакаты Лепрэтар і Абразей. Для іх гэта быў адзін з галоўных аргумэнтаў. Пракурор Аляксей Стук падчас спрэчак скарыстаўся правам на рэпліку і заявіў, што з тунэля пераходу з Кастрычніцкай станцыі мэтро да Купалаўскай, куды пайшоў Канавалаў адразу пасьля тэракту, выбегла шмат людзей, і яны таксама ня мелі бачных сьлядоў выбуху на сваім адзеньні.

А вось адносна вэрсіі пра затрыманьне выказаўся ў апошнім слове Ўладзіслаў Кавалёў:

«Паводле вэрсіі сьледзтва, затрыманьне было зроблена гэтак. Па відэа былі вызначаны зьнешнія прыкметы падазронага, найперш ягоная вопратка, пасьля чаго на выхадах з мэтро паставілі назіральнікаў, якія ведалі гэтыя прыкметы. Далей нібыта 12 красавіка Канавалаў пайшоў у краму, яго заўважылі, прасачылі за ім і гэтак знайшлі. Але заўважу, што 12 чысла ніхто з нас кватэру не пакідаў».

Уладзіслаў Кавалёў заклікаў суд зьвярнуць увагу на шматлікія супярэчнасьці, каб вынесьці справядлівае рашэньне.

Пасьля паседжаньня маці абвінавачанага Любоў Кавалёва сказала: «Разумееце, у мяне ўражаньне, што яны ўжо прыгаварылі гэтых хлопцаў. Гэты працэс — як спэктакль. Пагоны атрымалі, кватэры атрымалі, узнагароды атрымалі, і што — яны зараз іх выпусьцяць? Ды ніколі ў жыцьці!».

Разам з тым сваякі Кавалёва кажуць, што канчаткова яшчэ ня страцілі веры ў справядлівасьць суду.

Старыкевіч: Мяркую, прысуд ужо вызначаны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:40 0:00
Наўпроставы лінк

Натальля Паходня: Толькі б не далі сьмяротнай кары
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:39 0:00
Наўпроставы лінк

Online-рэпартаж з суду


17:10 Прысуд будзе абвешчаны 30 лістапада аб 11 гадзіне.

16:30 Дзьмітрый Канавалаў адмовіўся ад апошняга слова.

«Ня трэба», — сказаў ён. На удакладняючае пытаньне судзьдзі: «Вы адмаўляецеся ад апошняга слова?» Ён кіўнуў, не выказваючы пры гэтым ніякіх эмоцый.

Уладзіслаў Кавалёў заявіў аб сваёй недатычнасьці да тэрактаў, а таксама выказаў меркаваньне аб недатычнасьці да іх Дзьмітрыя Канавалава.

«Мне вельмі сорамна перад сабой і перад Дзімам, што я праявіў слабахарактарнасьць і даў паказаньні супраць яго на папярэднім сьледзтве», — сказаў У. Кавалёў. Пры гэтым ён растлумачыў, што ўсе яго паказаньні былі дадзены пад ціскам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія праводзяць сьледзтва. «Аднак у судзе я даў справядлівыя паказаньні і хоць неяк выправіў сваю віну».

14:56 Пасьля перапынку адвакат Канавалава Дзьмітры Лэпрэтар працягнуў свой выступ. Ён зазначыў, што ягоны падабаронны прызнае сябе вінаватым у зьдзяйсьненьні выбухаў у 2008 і 11 красавіка 2011 году, але тут шмат нестыковак. Па эпізодзе выбуху на Дзень незалежнасьці 3 ліпеня 2008 году сьледзтва даказала, што быў выкарыстаны тратыл, але так і невядома, адкуль гэты тратыл у Канавалава ўзяўся. Адвакат зьвярнуў увагу, што паводле сьведак, якія знайшлі выбуховую прыладу, якая не ўзарвалася, пакунак соку быў запячатаны мэмбранай. Між тым Канавалаў распавядаў пра тое, што ён сок выпіў і зрэзаў дно пакета.

Наконт тэракту 11 красавіка ў мэтро адвакат лічыць, што прыведзенае відэа нельга лічыць доказам. Бо там не былі ўказаныя дадзеныя, адкуль гэтае відэа ўзялося, быў парушаны парадак яго ўстанаўленьня. Экспэрты не ўстанавілі партрэтнага падабенства Канавалава з чалавекам на відэаздымках, яны ўстанавілі толькі падабенства элемэнтаў адзеньня. Але самае дзіўнае, што ніякіх сьлядоў выбуху не знайшлі на адзеньні Канавалава, хоць ён быў побач. Сьведка Пачыцкая казала, што калі Канавалаў вярнуўся ўвечары 11 красавіка, ён быў у чыстым адзеньні.

Дзьмітры Лэпрэтар зьвярнуўся да дзеяньняў тэрарыста Брэйвіка ў Нарвэгіі і нагадаў, што той перад тэрактам апублікаваў свой маніфэст. А якія матывы былі ў Канавалава, сьледзтва ня высьветліла і нават не спрабавала высьветліць.

Потым пачаўся выступ адваката Кавалёва Станіслава Абразея. Абразей заявіў, што ён упэўнены, што ў жалезнай клетцы ў залі суду сядзяць невінаватыя. Адвакат перайшоў да галоўнага доказу — відэа — і нагадаў, што суд адмовіў адвакатам у праглядзе відэа з камэнтарамі. Абвінаваўчы бок гэта рабіў, але адвакатам не дазволілі. Аналізуючы па хвілінах гэты запіс, Абразей заявіў, што гэта быў ня проста відэамантаж, нарэзка розных кадраў, а гэта была відэападробка. Адвакат прыводзіў канкрэтныя факты, калі на запісе зьнікалі нейкія людзі, відаць плямы мантажу і гэтак далей.

13:10 Сёньня на працэсе Канавалава-Кавалёва ў Вярхоўным судзе Беларусі працягваюцца спрэчкі бакоў. Да перапынку выступіў адвакат Канававала Дзьмітры Лепрэтар. Адвакат заўважыў, што ўжо 13 красавіка, адразу пасьля затрыманьня Канавалава, былі атрыманыя ягоныя паказаньні з прызнаньнем па эпізодах у Віцебску ў 2005 годзе. Дзьмітры Лепрэтар лічыць, што гэтыя паказаньні былі атрыманыя з парушэньнем закону. Канавалаў заяўляў, што да яго ўжывалі мэтады фізычнага і псыхічнага ўзьдзеяньня. На відэа таксама відаць, што Канавалаў не гаворыць сам, а адказвае на пытаньні сьледчых. Таксама, паводле адваката, Канавалаў прызнаваўся, што выбухоўка, якая была выкарыстана ў тэракце 2005 году ў Віцебску, — гэтак званая «кіса». Але, паводле экспэртызы, там быў выкарыстаны тратыл.

Таму адвакат папрасіў апраўдаць Канавалава па эпізодах тэракту 2005 года ў Віцебску. Таксама Дзьмітры Лепрэтар просіць апраўдаць Канавалава па 9 эпізодах хуліганскіх злачынстваў у розныя гады ў Віцебску. Паводле адваката, у гэтых справах здарэньні дакладна не зафіксаваныя, тэрмін іх часта ня вызначаны, паказаньні сьведак блытаныя.

Раней за адваката выступіў пацярпелы Андрэй Тышкевіч. Ён заявіў, што аргумэнты абвінавачаньня не пераканалі яго ў тым, што менавіта абвінавачаныя зрабілі гэтае злачынства ў мэтро. Тышкевіч казаў, што яго выбухам выкінула на рэйкі мэтро, і калі б ён ня здолеў выбрацца, наступны цягнік раздушыў бы яго, як раздушыў адну жанчыну. Паводле сьледзтва, яна ўжо загінула, калі была на рэйках, але Тышкевіч кажа, што гэта невядома, ці была яна жывая на той момант.

Пасьля невялікага перапынку адвакат Канавалава працягне свой выступ і выкажа сваё стаўленьне да віны Канавалава ў выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка.


15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро
Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты
Суд за тэракты. Дзень пяты
Суд за тэракты. Дзень шосты
Суд за тэракты. Дзень сёмы
Суд за тэракты. Дзень восьмы
Суд за тэракты. Дзень дзявяты
Суд за тэракты. Дзень дзяcяты
Суд за тэракты. Дзень адзінаццаты
Суд за тэракты. Дзень дванаццаты
Суд за тэракты. Дзень трынаццаты
Суд за тэракты. Дзень чатырнаццаты
Суд за тэракты. Дзень пятнаццаты
Суд за тэракты. Дзень шаснаццаты
Суд за тэракты. Дзень сямнаццаты
Суд за тэракт. Дзень васямнаццаты
Суд за тэракт. Дзень дваццаты
Суд за тэракт. Дзень дваццаты першы
Суд за тэракт. Дзень дваццаць другі
Суд за тэракт. Дзень дваццаць чацьвёрты
Суд за тэракт. Дзень дваццаць шосты
Суд за тэракт. Дзень дваццаць сёмы
Суд за тэракт. Дзень дваццаць восьмы
Суд за тэракт. Дзень дваццаць дзявяты
Суд за тэракт. Дзень трыццаты
Суд за тэракт. Дзень трыццаць першы
Суд за тэракт. Дзень трыццаць другі
Суд за тэракт. Дзень трыццаць трэці
Суд за тэракт. Дзень трыццаць чацьвёрты
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG