Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы не баяцца купляць валюту па пашпартах


Нацыянальны банк Беларусі падвёў вынікі першых дзён з пачатку продажу насельніцтву валюты па дакумэнтах, якія сьведчаць асобу.

Як паведаміў 14 лістапада на прэс-канфэрэнцыі ў Менску начальнік галоўнага упраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацбанку Алег Верамейчык, рэквізыты па апэрацыях продажу валюты банкі перадаюць у аўтаматызаваную сыстэм "Разьлік" адзінай разьліковай прасторы не пазьней за наступны банкаўскі дзень, што ідзе за датай правядзеньня апэрацыі.

Паводле зьвестак Нацбанку, у першы дзень новага парадку продажу валюты, 9 лістапада, было зарэгістравана 47.722 выпадкі куплі валюты. Амаль 39 тысяч склалі апэрацыі па куплі долараў ЗША, 3.311 — па куплі эўра, 4.300 — па набыцьці расійскіх рублёў, крыху больш за тысячу — купля іншай валюты.

46.443 разы быў паказаны пашпарт, 574 разы — пасьведчаньне на права жыхарства, 43 разы — пасьведчаньне бежанца. Па пашпарце замежнага грамадзяніна было здзейсьнена 622 апэрацыі.

Паводле слоў Верамейчыка, на наступны дзень, 10 лістапада, у краіне быў адзначаны рост праведзеных апэрацый — 52.469 зьдзелак па куплі валюты.

"У рэжыме анлайн, апэратыўна, фактычна на наступны дзень, мы можам мець інфармацыю па досыць шырокім спэктры апэрацый і ў маштабах краіны зьбіраць гэту інфармацыю", — адзначыў прадстаўнік Нацбанку.

З 9 лістапада ў Беларусі банкі пачалі ажыцьцяўляць продаж валюты фізычным асобам па дакумэнтах, якія сьведчаць асобу. Да іх адносяцца пашпарт грамадзяніна Беларусі, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасьведчаньне бежанца, пашпарт грамадзяніна замежнай дзяржавы.

Пры продажы замежнай валюты (як наяўнай, так і безнаяўнай), плацежных дакумэнтаў у замежнай валюце за беларускія рублі фізычным асобам банкі фіксуюць даныя дакумэнта, які сьведчыць асобу. Да такіх рэквізытаў адносяцца: прозьвішча, імя, імя па бацьку (пры наяўнасьці); найменьне дакумэнта, яго сэрыя і нумар; ідэнтыфікацыйны (асабісты) нумар фізычнай асобы (пры адсутнасьці нумара — дата нараджэньня).

Правіла, якое прадпісвае фіксаваць пашпартныя зьвесткі пры куплі валюты, было уведзена ў Беларусі ў 1997 годзе і дзейнічала да лютага 2006 года. Рашэньне вярнуць гэты парадак упершыню было аб'яўлена кіраўніком дзяржавы ў канцы жніўня на нарадзе, на якой абмяркоўваўся сцэнарый выйсьця на адзіны курс беларускага рубля. 6 кастрычніка 2011 года быў прыняты указ прэзыдэнта № 449, якім зноў было устаноўлена правіла ажыцьцяўляць продаж валюты па дакумэнтах, што сьведчаць асобу. Указ прыняты "ў мэтах упарадкаваньня ажыцьцяўленьня фізычнымі асобамі валютна-абменных апэрацый, зьвязаных з продажам ім замежнай валюты на унутраным валютным рынку Рэспублікі Беларусь, прадухіленьня легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG